Град. Знайсці і абясшкодзіць. У рэдакцыю днямі зноў тэлефанавалі жыхары Альхоўцаў са скаргамі

Факт, што непагадзь можа прынесці значную шкоду: паводка затоплівае цэлыя вуліцы з дамамі, моцны град пашкоджвае пабудовы і машыны, знішчае ўраджай. Нядаўні прыклад – град, які выпаў у некаторых рэгіёнах і Брэстчыны.
У прамым сэнсе, людзі плакалі, калі глядзелі на знішчаныя ледзяным дажджом сады, агароды, кветнікі. На шчасце, майскія буйствы стыхіі абышлі Ляхавіччыну. Канешне, дождж неабходны, каб вырас добры ўраджай. І калі яго доўга няма – аграрыі і агароднікі пачынаюць хвалявацца. А некаторыя грамадзяне ў недастатковай колькасці ападкаў абвінавачваюць усіх без разбору, а ў першую чаргу – кіраўнікоў фермерскіх гаспадарак, якія выкарыстоўваюць супрацьградавыя ўстаноўкі. Так, у рэдакцыю днямі зноў тэлефанавалі жыхары Альхоўцаў са скаргамі на ТАА «Яблыневы Пасад», маўляў, «іх пушка пастаянна страляе, адганяе дажджы, якія так патрэбны агародам!». За каментарыямі «ЛВ» звярнуўся да кіраўніцтва «Яблыневага Пасада».
– Два гады запар град наносіў вельмі вялікую шкоду нашаму яблыневаму саду, які размяшчаецца на плошчы 216 гектараў. Каб абараніць ураджай, купілі супрацьградавую ўстаноўку «Зеніт», сёлета пачалі яе выкарыстоўваць. І сутыкнуліся з непаразуменнем з боку некаторых грамадзян. Растлумачваем: устаноўка не разганяе дажджавыя хмары, яна пераўтварае град у звычайны дождж. Сочым за станам надвор’я на чатырох рэсурсах. І калі бачым магчымыя навальніцу ці град, то за 20–30 мінут да іх пачатку ўключаем устаноўку. Работа «Зеніту» заснавана на ўздзеянні паветраных «удараў» на атмасферу. Прынцып работы ўстаноўкі наступны: пера-
мешваюцца ніжнія цёплыя слаі паветра з верхнімі халоднымі, адбы-
ваецца «выстрал», і град ператвараецца ў дождж. Дыяпазон дзеяння ўстаноўкі абмежаваны – максімум 500 метраў улева і ўправа. Сёлета прайшлі ўжо чатыры дажджы, і дзякуючы менавіта «Зеніту» ўдалося папярэдзіць град. Нашаму яблыневаму саду ападкі ў выглядзе дажджу таксама вельмі неабходныя, мы, як ніхто іншы, зацікаўлены менавіта ў такіх ападках, бо шмат вады выкарыстоўваем для паліву саду, – расказвае намеснік дырэктара ТАА «Яблыневы Пасад» Генадзій Кернога.
Дарэчы, з праблемай такога кшталту сутыкаецца фермерская гаспадарка «Уладзімір плюс», дзе таксама маецца супрацьградавая ўстаноўка.
– Растлумачу ў чарговы раз. Супрацьградавая ўстаноўка не перашкаджае дажджу. Яна ўключаецца тады, калі па інтэрактыўнай карце ападкаў ёсць пагроза граду. Яе выкарыстанне дае магчымасць абараніць ад гэтай прыроднай з’явы не толькі тэрыторыі «Яблыневага Пасада» і фермерскай гаспадаркі «Уладзімір плюс», але і бліжэйшых земляў. Таму замест таго, каб наракаць, што яны сваімі ўстройствамі не даюць пайсці доўгачаканаму дажджу, варта сказаць дзякуй за тое, што супрацьградавая ўстаноўка абараняе агароды, кветнікі, прысядзібныя ўчасткі, пабудовы гараджан і вяскоўцаў, – адзначае намеснік старшыні райвыканкама Андрэй Навагран.

#АНАТОМІЯ ПРАБЛЕМЫ