Меліярацыя – значыць паляпшэнне! Сёння прафесійнае свята адзначае Ляхавіцкае прадпрыемства меліярацыйных сістэм
У першую нядзелю чэрвеня прафесійнае свята адзначае Ляхавіцкае прадпрыемства меліярацыйных сістэм – калектыў з амаль 60-гадовай гісторыяй і вялікім вопытам па паляпшэнні зямельных рэсурсаў. Сённяшнія працаўнікі працягваюць справу тых, хто пачынаў асушэнне і арашэнне, узвядзенне новых аб’ектаў, павышаючы тым самым урадлівасць глебы ў гаспадарках раёна.
Меліяратары назаўсёды
Сярод тых, хто добра ведае значнасць меліярацыйнай працы і сакрэты росквіту зямлі, – Іван Дземскі, які ўзначальваў прадпрыемства з 1983 па 2004 год.
– У Ляхавічы прыйшоў з будаўнічай меліярацыі ў эксплуатацыйную, дзе ў той час пераважала ручная праца. Быў час,калі наша прадпрыемства абслугоўвала Баранавіцкі, Ляхавіцкі і Ганцавіцкі раёны, на ім працавала больш за паўтысячы чалавек. Найбольш цяжкімі выдаліся 90-я гады, калі былі праблемы з фінансаваннем, і з намі гаспадаркі разлічваліся і капустай, і мясам. Але людзі разумелі. Стварылі мехатрад, узялі на свой баланс ад ПМК тэхніку і сталі займацца рамонтам меліярацыйнай сеткі гаспадарчым спосабам, – дзеліцца Іван Дземскі.
Ляхавічанін Іван Краўчук два гады на заслужаным адпачынку, а да гэтага больш за чатыры дзесяцігоддзі кіраваў экскаватарам. Гэта пра яго – і адзін у полі воін. На многія кіламетры распасціралася балота, а ён няспешна каўшом метр за метрам ачышчаў меліярацыйныя каналы, карчаваў зараснікі…
Час працы ўзгадвае са шчымлівай настальгіяй:
– Маладыя былі, здаровыя, здавалася, усё па сілах. Аб’екты тады былі па ўсёй Брэстчыне і не толькі. У камандзіроўку адпраўляліся на тыдні і жылі ў вагончыках на балоце.
Іван Краўчук пералічвае дырэктараў прадпрыемства, пры якіх працаваў: Дзмітрый Белавусаў, Алег Асіпенка, Іван Дземскі, Валерый Богнат, Сяргей Юшкевіч. З удзячнасцю ўспамінае прарабаў Васілія Крука, Аляксея Кулікова і іншых. ПМС падарыла верных сяброў, з якімі разам, як кажуць, не адзін пуд солі з’елі: Уладзіміра Халецкага, Аляксандра Гутырчыка, Міхаіла Дзянішчыка, Анатолія Цімашкевіча і іншых. Дарэчы, Іван Краўчук з Ганцавіцкага раёна, а ў Ляхавічы прыехаў з сям’ёй, калі прачытаў заметку ў газеце, што ў Ляхавіцкім міжраённым упраўленні асушальных і арашальных сістэм (так калісьці называлася ПМС) экскаватаршчыкам даюць жыллё.
Спачатку атрымаў аднапакаёвую, а пасля і двухпакаёвую кватэру. Дзякуючы ПМС Ляхавічы для Краўчука сталі другой малой
радзімай. І зараз, калі ён едзе па раёне, заўсёды радуецца дагледжаным палеткам і ўспамінае, з чаго ўсё пачыналася.
Ёсць што расказаць пра гісторыю прадпрыемства і Міхаілу Еўшалю, які ў верасні 1976 года заняў пасаду майстра ўласнага будаўніцтва ў ПМК-24, якое падпарадкоўвалася тады «Галоўпалессебуду».
– На маёй памяці ўзвялі восем шматпавярховых дамоў на 250 кватэр, 20 індывідуальных. Пабудавалі ведамасны дзіцячы сад на 280 месцаў – зараз гэта дзіцячы сад № 3. А колькі моладзі працаўладкоўвалася ў ПМК!
І ўсіх забяспечвалі кватэрамі. Не апошнюю ролю ў людзей сямейных адыгрывала і месца для дзіцяці ў садку. Шмат ездзілі калектывам і на экскурсіі: у Маскву, Ноўгарад і іншыя месцы. Гэта быў самы цудоўны час! Меліяратары былі адной сям’ёй. Дапамагалі адзін аднаму, і нават калі ў кагосьці ламалася машына, рамантавалі таксама разам, – узгадвае Міхаіл Еўшаль.
У 90-я гады адбылося аб’яднанне ПМК-24 з МУААС. Міхаіл Еўшаль стаў майстрам гідратэхнікі. Працаўнікі пад яго кіраўніцтвам чысцілі старыя і ўзводзілі новыя каналы, будавалі трубапераезды, падрыхтоўвалі зямлю, каб перадаць упарадкаванае поле сельгаспрадпрыемствам. Меліярацыйныя работы вяліся і ў іншых раёнах. Успамінае, як некалькі месяцаў сыпалі дарогі, карчавалі кустоўе на Століншчыне. Расказвае, як пры падвядзенні вынікаў пры колішнім дырэктары Валерыю Богнату лепшым уручылі каштоў-
ныя падарункі. Міхаілу Міхайлавічу дастаўся тэлевізар, які працуе і сёння. Прыгадвае, як маладым спецыялістам на пасаду майстра прыйшоў сённяшні дырэктар ПМС Сяргей Юшкевіч. І ўжо тады было відаць, што спецыяліст перспектыўны – ва ўсё ўнікаў, усім цікавіўся. Міхаіл Еўшаль хоць і на заслужаным адпачынку, але сэрцам заўсёды з калегамі-меліяратарамі, актыўна цікавіцца іх прафесійным жыццём і дасягненнямі.
Перспектывы і планы
Чым жыве сённяшні калектыў Ляхавіцкага ПМС? Клопатаў шмат, ды і планаў хапае. У падпарадкаванні прадпрыемства больш за 1 300 кіламетраў каналаў і водапрыёмнікаў, больш за 4 700 збудаванняў і г. д.
Сёлета ў эксплуатацыю сельгаспрадпрыемствам будзе перададзена больш за 1 400 гектараў меліяраваных земляў. І гэта на 500 гектараў больш, чым летась. З пачатку года ляхавіцкія меліяратары ўжо ўвялі ў абарот каля 300 гектараў. Наперадзе сярод іншых аб’ектаў – рэканструкцыя меліярацыйнай сістэмы «Свяціца» СУП «Ліпнянка» плошчай амаль 324 гектары. Сёння адзін з важных напрамкаў дзейнасці Ляхавіцкага ПМС – абслугоўванне меліярацыйных аб’ектаў. Прадпрыемства праводзіць рамонтна-эксплуатацыйныя работы на меліярацыйных сістэмах раёна: пакос каналаў, высечка драўнінна-хмызняковай расліннасці, падчыстка меліярацыйнай сеткі і рамонт збудаванняў. У пераліку спраў і гідратэхнічнае будаўніцтва.
Вялікая ўвага надаецца абнаўленню тэхнікі. За апошні час набыты трактар, два паўпрычэпы, бульдозер, тры аўтамабілі «УАЗ» для перавозкі людзей, пагрузчык «Амкадор», барана дыскавая меліярацыйная, якая спраўляецца нават з самым цвёрдым грунтам… Зараз у ПМС ідзе рамонт бытавых памяшканняў і майстэрняў гас-
падарчым спосабам. Усё дзеля камфорту і зручнасці працаўнікоў.
У радах меліяратараў сёння 70 чалавек. Кожны працаўнік у ПМС – паважаны, і гэта пацвярджае тое, што і пасля выхаду на пенсію работнікі застаюцца, а ў некаторых стаж перавышае 30 і больш гадоў. Сярод такіх машыніст экскаватара Анатолій Цімашкевіч, трактарыст-машыніст Вікенцій Дыдышка, бухгалтар Валянціна Рыжко і іншыя. Сёлета кіраўніцтва ПМС да прафесійнага свята вырашыла адрадзіць традыцыю прысваення звання «Заслужаны работнік прадпрыемства» працаўнікам з вялікім стажам работы. Сёлета яго будзе ўдастоены трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці Сяргей
Клімовіч. Да прафесійнага свята адзначаны Ганаровымі граматамі і Падзячнымі пісьмамі «Брэстмеліявадгасу» аглядчык гідратэхнічных збудаванняў Алег Аўчынка, электрагазазваршчык Міхаіл Пятроўскі, вадзіцелі аўтамабіляў Уладзімір Кучук і Дзмітрый Карповіч. На Дошку гонару «Брэстмеліявадгасу» занесены машыніст бульдозера заслужаны работнік Ляхавіцкага ПМС Уладзімір Халецкі.
Умеюць меліяратары працаваць – умеюць і адпачываць. Кіраўніцтва ПМС разам з прафсаюзам арганізоўваюць экскурсійныя паездкі не толькі для працаўнікоў, але і для іх дзяцей.
– Дзякуючы Прэзідэнту нашай галіне надаецца самая вялікая ўвага. Пачаўся чарговы актыўны этап прывядзення ў парадак меліяраваных земляў. У лізінг набываецца новая тэхніка. Такіх аб’ёмаў работы, як сёлета, пэўна, раней і не было. Але для нас гэта шанц не толькі зарабіць, але і перазагрузіцца, абнавіць тэхніку і сродкі малой механізацыі. Сёння дзеля развіцця прадпрыемства ўсё, што зарабляем, укладваем у развіццё. Марым аднавіць міні-футбольную
каманду «Меліяратар». Упэўнены, што агульны поспех прадпрыемства залежыць ад укладу кожнага. І ўдзячны калектыву за нераўнадушнасць, добрасумленнае стаўленне да сваіх абавязкаў, – адзначае дырэктар УП «Ляхавіцкае ПМС» Сяргей Юшкевіч і шчыра віншуе з надыходзячым прафесійным святам калектыў і ветэранаў галіны.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.
Паважаныя калегі, шаноўныя ветэраны галіны, вам –
шчырыя віншаванні з прафесійным святам – Днём меліяратара!
Сардэчна жадаем у працы – поспехаў і плёну, у жыцці – удачы і дабрабыту. Няхай вашы дамы будуць напоўнены любоўю, шчасцем і здароўем, а работа прыносіць радасць і задавальненне. Сілы і бадзёрасці вам у няпростай, але такой важнай справе.
Нашым дарагім ветэранам адрасуем словы ўдзячнасці за адданасць прафесіі, за традыцыі і вопыт. Даўгалецця вам і ўпэўненасці ў заўтрашнім дні.
Адміністрацыя і прафкам УП «Ляхавіцкае ПМС».