«Батлейка з-пад Ляхавіч» запрашае. Пярвічная прафсаюзная арганізацыя СШ № 1 перамагла ў рэспубліканскім конкурсе

Пярвічная прафсаюзная арганізацыя СШ № 1 перамагла ў рэспубліканскім конкурсе на лепшы маладзёжны праект сярод пярвічак устаноў адукацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі. Значная падзея стала стартам для адкрыцця школьнага тэатра «Батлейка з-пад Ляхавіч» і прэм’ернага паказу спектакля «Унучка Ульянка», які адбыўся днямі.

Праект ажыццяўляўся творчай групай на сродкі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі. Педагогі Васілій Лемяшэўскі і Ксенія Палуян зрабілі корпус батлейкі. А яе афармленнем у нацыянальных традыцыях займаліся дзяўчынкі пад кіраўніцтвам выхавальніка ГПД Святланы Кендыш. Настаўнік абслуговай працы Іна Бортнік і вучаніцы 11-га класа шылі лялькі. 
Антураж п’есе надало адметнае музычнае суправаджэнне.
Яркая, прыгожая інтэрактыўная школьная батлейка захапіла дзяцей. І таму пацвярджэнне – першае выступленне, якое выклікала цудоўныя ўражанні ў навучэнцаў. Пасля спектакля шчаслівымі былі ўсе: выканаўцы і гледачы, дзеці і дарослыя, многія з якіх батлеечнае прадстаўленне ўбачылі ўпершыню. Артыстаў – навучэнцаў 5 «В» класа – гледачы доўга не адпускалі, дзякавалі, з захапленнем разглядвалі і прасілі патрымаць лялек, распытвалі пра спектакль, рабілі фотаздымкі на памяць.


У перспектыве батлеечны тэатр стане мабільным і пачне падарожнічаць па дзіцячых садах раёна са спектаклямі, а для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі будзе праведзена акцыя «Казка ў кожны дом». У планах і правядзенне ва ўстановах адукацыі Ляхавіччыны батлеечных мерапрыемстваў для педагогаў і бацькоў, супрацоўніцтва з рэсурсным цэнтрам Дараўскай СШ. А выступленне праз інтэрнэт-платфому ZOOM дапаможа далучыцца да пастановак СШ № 1 усім жадаючым.
Сёння, як ніколі, важна аднаўляць і развіваць батлейку – гэта адзін з дзейсных спосабаў захавання народнай культуры і самабытнай традыцыі беларусаў.
Прафсаюзная пярвічка СШ № 1 шчыра ўдзячна за дапамогу ў рэалізацыі праекта старшыні галіновага прафсаюза Людміле Буцько.

Таццяна АБРАЖЭВІЧ,
старшыня прафсаюзнай пярвічкі, настаўнік беларускай мовы і літаратуры СШ № 1.