Берагчы прыроду – справа ўсіх і кожнага. у Беларусі 5 чэрвеня адзначаецца Дзень аховы навакольнага асяроддзя

Пачынаючы з 1998 года, у Беларусі 5 чэрвеня адзначаецца Дзень аховы навакольнага асяроддзя. А ў многіх краінах свету гэты дзень пазначаны як Сусветны дзень аховы навакольнага асяроддзя. Выбар такой даты невыпадковы – у 1972 годзе 5 чэрвеня прайшла першая спецыяльная канферэнцыя Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па пытаннях аховы прыроды.

Сёлета Сусветны дзень аховы навакольнага асяроддзя адзначаецца пад лозунгам «Шлях да больш экалагічнай будучыні». Асноўная мэта – аднаўленне земляў, барацьба з апустыньваннем і засухаўстойлівасцю ў якасці прыярытэтаў.
Дарэчы, як расказала начальнік аддзела землеўпарадкавання райвыканкама Наталля Крымская, па даручэнні Кіраўніка дзяржавы і ў Ляхавіцкім раёне праводзіцца работа па зносе неэксплуатуемых і старых пабудоў сельгасарганізацый і пустуючых дамоў, дзякуючы чаму вызваленыя зямельныя ўчасткі набываюць у літаральным сэнсе новае жыццё, у тым ліку ўключаюцца ў севазварот. Такім чынам у
2024 годзе ў гаспадарчы абарот у Ляхавіцкім раёне ўцягнуты
62 гектары зямель.
Як кожны з нас можа ўнесці пасільны ўклад у захаванне і прымнажэнне прыроднага багацця? Усё вельмі проста –
трэба пачынаць з сябе. Не смеціць у лесе і парках, пакідаць пасля пікнікоў і паходаў чысціню і парадак, удзельнічаць у аднаўленні лясоў, разнастайных прыродаахоўных акцыях, здаваць сабраныя батарэйкі і пластыкавыя накрыўкі – справа знойдзецца кожнаму незалежна ад узросту. У хлопчыкаў і дзяўчынак, моладзі запатрабаваны і творчыя экалагічныя конкурсы, флэшмобы, працоўныя акцыі. Удзельнічаюць у іх як дашкаляты, так і старшакласнікі, студэнты. Напрыклад, сёлета ў краіне праходзіў конкурс на лепшы слоган-дэвіз Міністэрства прыроды Рэспублікі Беларусь сярод навучэнцаў устаноў сярэдняй адукацыі.
– У абласным этапе ўзялі ўдзел 74 школьнікі з розных рэгіёнаў Брэстчыны, якія даслалі больш за 130 варыянтаў слоганаў. Сярод прэтэндэнтаў на перамогу і ляхавіцкія рабяты. Відавочна, што канкурэнцыя высокая. І тым прыемней перамога. Першае месца ў абласным этапе ў дзевяцікласніцы Начаўскай СШ Яны Дабравольскай, якая адправіла на конкурс два варыянты слоганаў. Журы аддало перамогу аднаму з іх: «Верна служыць народу – значыць берагчы яго прыроду!». Слоганы аўтарства Яны Дабравольскай і яшчэ двух прызёраў удзельнічалі ў рэспубліканскім фінале, які праходзіў з 27 мая па 1 чэрвеня ў Мінску, – расказвае начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Іна Траяноўская.
Акрамя Яны Дабравольскай, у конкурсе прыняла ўдзел яшчэ адна вучаніца Начаўскай СШ – сямікласніца Крысціна Погас.
– Біялогія – мой самы любімы школьны прадмет, які так цудоўна выкладае педагог Алена Ламанос. Дарэчы, біялогію, як і хімію, вывучаю больш дасканала, бо на будучыню выбрала для сябе
прафесію фармацэўта. Як магу, клапачуся пра прыроду, экалогію. У нашай сям’і мы збіраем пластыкавыя крышачкі і такім чынам удзельнічаем у сацыяльным праекце «Новае жыццё ў абмен на крышачкі». Таксама разам з іншымі школьнікамі Начаўскай СШ збіраем другасную сыравіну. Складаю вершы, мне падабаецца такая творчасць, таму з радасцю паўдзельнічала ў конкурсе і, канешне, радуюся перамозе, – расказвае Яна Дабравольская.
Дзень аховы навакольнага асяроддзя для эколагаў лічыцца і прафесійным святам. Адзначаюць яго і супрацоўнікі Ляхавіцкай райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. На варце інтарэсаў прыроды не адно дзесяцігоддзе стаяць начальнік райінспекцыі Іна Траяноўская і галоўны спецыяліст Аляксандр Курловіч. Шматлікія рэйды, маніторынгі, прафілактычныя мерапрыемствы, акцыі, сустрэчы з грамадзянамі, растлумачальныя размовы – усё гэта шырокае кола абавязкаў ляхавіцкіх эколагаў.

Галіна КАНЬКО.