Мокрая бяда. На гарачую лінію “ЛВ” звярнулася ляхавічанка

Дождж, які днямі прайшоў на Ляхавіччыне, шчодра напаіў зямлю. Але, на жаль, некаторым землякам прынёс вялікія праблемы.
Так, на гарачую лінію “ЛВ” звярнулася жыхарка дома № 73 па вуліцы Першамайскай у райцэнтры
. У чарговы раз яе прысядзібны ўчастак з агародам, дваром і пабудовамі стаў ахвярай ападкаў. Вада паўсюдна!
Дастаткова паглядзець на фотаздымкі, каб зразумець, наколькі вялікая бяда напаткала ляхавічанку. На агарод і двор без слёз глядзець немагчыма – усё, у прамым сэнсе, патанае ў вадзе, ураджай загублены. Каб разабрацца ў праблеме, разам з гаспадыняй вернемся на 17 гадоў назад. У 2007 годзе пасля зваротаў Ляхавіцкі камунгас устанавіў па гэтым адрасе бетонныя латкі для сцёку ліўневых водаў. Аднак нешта пайшло не па плане. І год за годам ападкі прыносілі непрыемнасці. Пасля чарговых зваротаў у райвыканкам па прычыне падтаплення камунгас прачышчаў латкі, але зробленага хапала да новага дажджу. Былі яшчэ розныя абяцанні і спробы вырашыць пытанне. У 2021 годзе ўладкавана пераліўная труба праз водаадводны канал па завулку паміж вуліцамі Першамайскай і 60 гадоў Кастрычніка. А вось што датычыць будаўніцтва ліўневай каналізацыі на Першамайскай, такіх грошай няма, канстатавалі ў райвыканкаме. І сёння маем, што маем…
За каментарыямі “ЛВ” звярнуўся ў КУМВП ЖКГ “Ляхавіцкая ЖКГ”.


–Праблема не сённяшняга дня. Справа ў тым, што на ўказаным участку былі ўстаноўлены трубы меншага дыяметра, чым неабходна. Зразумелы праблемы людзей. Паспрабуем дапамагчы. На ліпень – жнівень гэтага года запланавана рэканструкцыя вуліцы 60 гадоў Кастрычніка і бліжэйшых завулкаў. Плануем замяніць і трубы па адрасе заяўніцы на вуліцы Першамайскай, – адзначае дырэктар камунгаса Андрэй Чайкоўскі.


Спадзяёмся, што вельмі хутка мы зможам упэўніцца, што абяцанні кіраўніцтва Ляхавіцкай ЖКГ не разыходзяцца са справай.