Пра праблемы трэба гаварыць адкрыта. У мінулую сераду ў Ляхавіцкім райвыканкаме правёў прыём грамадзян і прадстаўнікоў юрыдычных асоб намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандр Ягораў

БОЛЬШ ФОТА ТУТ

У рабоце са зваротамі грамадзян мясцовая ўлада павінна дакладна расстаўляць прыярытэты і дзейнічаць празрыста. На гэтым акцэнтаваў увагу намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандр Ягораў, які ў мінулую сераду ў Ляхавіцкім райвыканкаме правёў прыём грамадзян і прадстаўнікоў юрыдычных асоб.


Стан вуліц горада і дарог сельскіх населеных пунктаў, якасць мабільнай сувязі – тэмы, што закранулі ў сваіх зваротах да намесніка Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта жыхары Ляхавіччыны.
Калектыўную просьбу ад імя жыхароў вуліцы 60 гадоў Кастрычніка і бліжэйшых агучыла ляхавічанка. Сутнасць праблемы – дрэнны стан дарожнага пакрыцця, што асабліва адчувальна для тутэйшых жыхароў пасля дажджоў. Просьба – пасадзейнічаць у асфальтаванні вуліцы і ўладкаванні пешаходных дарожак. Дырэктар КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» Андрэй Чайкоўскі паведаміў, што выдаткавана фінансаванне на рэканструкцыю вуліцы 60 гадоў Кастрычніка, плануецца замена пясчана-гравійнага пакрыцця вуліцы і прылеглых вуліц і завулкаў на асфальтабетоннае. Работы будуць выкананы ў трэцім квартале бягучага года.


– Задаволены тым, што наша праблема выслухана і пачута. Канешне, галоўнае, што выдаткаваны сродкі на рэканструкцыю вуліцы 60 гадоў Кастрычніка і бліжэйшых вуліц. Гэта радуе,бо чакалі мы такога пераўтварэння больш за тры дзесяцігоддзі. Разам з тым хвалюемся, наколькі якасна будзе пакладзены асфальт, як будзе арганізаваны рух аўтатранспарту. Як і што будзе зроблена – убачым, а пакуль мы атрымалі канкрэтныя адказы на хвалюючыя нас пытанні, – адзначыла ляхавічанка Тамара Халадзінская.
У розныя інстанцыі ў вырашэнні зноў жа дарожнай тэмы звярталася жыхарка завулка Пугачова ў Ляхавічах. Справа ў тым, што на завулку – грунтовае пакрыццё. І пасля дажджоў немагчыма
праехаць, ды і прайсці без гумовых ботаў цяжка. Так, робіцца грэйдзіраванне, але сітуацыя выпраўляецца ненадоўга. Варта прайсці дажджу – і карціна зноў паўтараецца.
– Не магу паабяцаць, што ў бліжэйшы час дарожнае пакрыццё завулка Пугачова будзе асфальтаваным. А вось належны кантроль за станам гэтага ўчастка дарогі магу гарантаваць, – сказаў заяўніцы намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта. Дадзена даручэнне пры наяўнасці фінансавання запланаваць на 2025 год асфальтаванне завулка Пугачова.
Яшчэ адзін зварот – пра асфальтаванне ў вёсцы Краглі. Па словах заяўніка, вось ужо амаль дзесяць гадоў ён спрабуе дабіцца, каб, у рэшце рэшт, у гэтай вёсцы з’явіўся асфальт. З-за пылу, які ўтвараецца, калі па вёсцы праязджаюць машыны, не прадыхнуць. На ўсе звароты ў розныя інстанцыі атрымліваў адказ: асфальтаванне тут не прадугледжана, у планы не ўключана, няма фінансавання. Вывучаючы праблему, Аляксандр Ягораў падкрэсліў, што прыярытэт выбару рэканструкцыі ці будаўніцтва аб’екта павінен быць зразумелы грамадзянам.
Неабходна таксама прагназаваць праекты і інфармаваць пра планы жыхароў раёна.
Жыхарка аграгарадка Тальмінавічы звярнулася да намесніка Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта з просьбай ад жыхароў Тальмінавічаў і бліжэйшых вёсак паспрыяць паляпшэнню работы мабільнай сувязі розных аператараў.
– Як бачна, скаргі людзей тычацца нават не столькі таго, ёсць добраўпарадкаваная дарога ці не, а таго, што грамадзянам нават
не абяцаюць, што сітуацыя зменіцца, што, у рэшце рэшт, дарога заасфальтуецца. На кожную ўзнятую тэму спрабавалі даць канкрэтны адказ. Асноўная рэкамендацыя, дадзеная ў тым ліку і раённай уладзе, – расстаўляць прыярытэты ў вырашэнні той ці іншай праб-
лемы. Напрыклад, пытання асфальтавання. Перш чым прыняць рашэнне, неабходна вызначыць, якой вуліцы ці населенаму пункту гэта патрэбна ў першую чаргу. Тут важныя многія аспекты: колькасць жыхароў, як даўно такая праблема наспела, наяўнасць фінансавання. Наступны момант. Калі ў раённай улады адсутнічае магчымасць фінансавання праекта, неабходна растлумачыць гэта грамадзянам, якія звяртаюцца з праблемай. Людзі гатовыя зразумець і пачакаць. Але, зноў жа паўтаруся, трэба адкрыта гаварыць пра праблему, не замоўчваць яе, – адзначыў Аляксандр Ягораў.
Таксама намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта падкрэсліў, што ўзнятыя падчас прыёму грамадзян пытанні часцей за ўсё знаходзяцца ў кампетэнцыі мясцовай улады. І прадстаўнікі органаў улады павінны навучыцца адкрыта размаўляць з людзьмі.
Акрамя жыхароў Ляхавіцкага раёна, Аляксандр Ягораў у гэты дзень прыняў і жыхароў Баранавіцкага, Лунінецкага, Клецкага раёнаў, Гомеля.
Усе пытанні ўзяты на кантроль. Таксама намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта азнаёміўся з вытворчасцю ААТ «Ляхавіцкі льнозавод», «Шлях новы», СААТ «Ляхавіцкі малочны завод», ТАА «Яблыневы Пасад».

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА