Экалагічны марафон працягвае макулатура. У асабістым заліку роўных на Ляхавіччыне не было навучэнцы 4 «А» класа СШ № 1 Дамініцы Жэрка

На Ляхавіччыне прадаўжаецца месячнік па зборы другаснай сыравіны. Дарэчы, у гэтай справе прыклад дарослым паказваюць нашы юныя землякі. Чэмпіёнка ў экамарафоне – чацвёртакласніца СШ № 1 Дамініка Жэрка (на здымку). На яе рахунку не адно выратаванае дрэва.

Мы жадаем, каб падрастаючае пакаленне было надзейнай зменай, патрыётамі і пацвярджала гэта добрымі справамі. У тым ліку, напрыклад, і экалагічнай накіраванасці. Пачынаючы з дзіцячых садкоў, педагогі вучаць хлопчыкаў і дзяўчынак беражлівым адносінам да прыроды. Той жа самы збор макулатуры аб’ядноўвае дзяцей, робіць іх калектывам, дзе кожны ў адказе за сябе і іншых.

– Каторы год запар і на Брэстчыне праходзяць веснавы і восеньскі этапы конкурсу па зборы макулатуры сярод навучальных устаноў «Захавай дрэва – здай макулатуру». Актыўныя ўдзельнікі такога экамарафону – навучэнцы гарадскіх і сельскіх устаноў адукацыі Ляхавіцкага раёна. Гэта не толькі экалагічная акцыя, але і спаборніцтва – перамагае той, на чыім рахунку найбольшая колькасць другаснай сыравіны. Нехта прынёс 2 кілаграмы макулатуры, іншы – 20, а хто і ўвогуле больш за 100 кілаграмаў. Але не важная вага, галоўнае – кожны ўдзельнік акцыі ўносіць свой уклад у захаванне прыродных рэсурсаў, рацыянальнае выкарыстанне другаснай сыравіны, – расказвае намеснік начальніка
аддзела па адукацыі райвыканкама Марына Глушко.
Па выніках веснавога этапу дашкольнікі і навучэнцы гімназіі, гарадскіх і сельскіх школ Ляхавіччыны сабралі 13 тон макулатуры. Сярод сельскіх школ з колькасцю навучэнцаў да 170 чалавек лепшы вынік – 1 120 кілаграмаў у Дараўскай СШ. Сярод сельскіх дашкольных устаноў найбольш плённа папрацавалі выхаванцы, іх бацькі, работнікі Начаўскага дзіцячага сада з вынікам 380 кілаграмаў. Сярод гарадскіх садкоў найбольш макулатуры – амаль 900 кілаграмаў –
на рахунку дзіцячага сада № 3.
Пераможцай сярод гарадскіх школ прызнана СШ № 1, агульнымі намаганнямі дзяцей і дарослых тут сабрана амаль 3 тоны макулатуры.
– Важная задача школы – навучыць дзяцей берагчы прыроду, клапаціцца пра яе захаванасць і прымнажэнне. Нашы рабяты з гатоўнасцю і інтарэсам удзельнічаюць у разнастайных экалагічных мерапрыемствах. Збор другаснай сыравіны – адно з такіх. Стараемся знаходзіць новыя формы, каб зацікавіць навучэнцаў гэтай справай. Сёлета ў вызначэнні рэйтынгу класаў школы ўлічвалася, напрыклад, і колькасць сабранай макулатуры. У веснавым этапе лепш за
іншых пастараўся 3 «Б» клас – 326 кілаграмаў. У якасці заахвочвання –
торт, уручаны на школьнай лінейцы. Было б нядрэнна паўтарыць вынік двухгадовай даўнасці, калі наша школа перамагла ў абласным спаборніцтве ў сваёй намінацыі, –гаворыць намеснік дырэктара СШ № 1 Наталля Маслоўская.
У асабістым заліку роўных на Ляхавіччыне не было навучэнцы 4 «А» класа СШ № 1 Дамініцы Жэрка. Толькі ўявіце: дзяўчынка пры дапамозе сям’і змагла сабраць 1 120 кілаграмаў макулатуры! Гэты вынік стаў адным з лепшых на Брэстчыне.
‒ Мама шмат расказвала, што лясы вельмі важныя для жыцця на зямлі, а дрэвы і ўвогуле з’яўляюцца лёгкімі прыроды, таму важна берагчы лес. Мы з дзядулем садзім дрэвы. А калі ў школе аб’явілі конкурс па зборы макулатуры, я папрасіла сваіх бабуль, дзядуляў, хросных збіраць паперу, старыя газеты, часопісы і іншую макулатуру. Дапамагалі мама з татам. Падключыліся і іншыя сваякі. Але нават не чакала, што атрымаецца столькі многа! А прынесці ўсё сабранае ў школу дапамог дзядуля, – дзеліцца рэкардсменка па зборы макулатуры Дамініка Жэрка.
– Па стане на 1 чэрвеня, аддзел па адукацыі райвыканкама спраўляецца з планам па здачы ўсіх відаў другаснай сыравіны. З 30 тон макулатуры ў наяўнасці 18 230 кілаграмаў, з 2 тон пластыку – 1 211 кілаграмаў, з 3 тон шкла – 1 635 кілаграмаў, – адзначае Марына Глушко.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Адна тона макулатуры здольна захаваць ад высякання 10 дрэў, якія выдзяляюць кіслароду для 30 чалавек, эканоміць 1000 кВт электраэнергіі і 20 тысяч літраў прэснай вады.