Сяброўству 1 600 кіламетраў не перашкода. Дэлегацыя Ляхавіччыны з візітам пабывала ў Чыстопалі
Паміж беларускімі Ляхавічамі і расійскім Чыстопалем (Рэспубліка Татарстан) – 1 600 кіламетраў. Але гэта не адлегласць для ўстанаўлення цёплых і ўзаемавыгадных сувязей паміж гарадамі-пабрацімамі. Менавіта такі статус набылі Ляхавічы і Чыстопаль летась, калі на абласных «Дажынках» у Ганцавічах заключылі дагавор аб супрацоўніцтве.
І вось днямі напісана чарговая старонка ў агульнай гісторыі гарадоў-пабрацімаў. Дэлегацыя Ляхавіччыны ў складзе старшыні раённага
Савета дэпутатаў Юрыя Чаранкевіча і намесніка старшыні райвыканкама Андрэя Наваграна з візітам пабывала ў Чыстопалі.
– З задавальненнем адгукнуліся на прапанову кіраўніцтва Чыстопаля наведаць гэты гасцінны край. Даведаліся, што Чыстопалю 243 гады, у раёне пражывае больш за 73 тысячы чалавек, з якіх каля 60 тысяч – гараджане. Уражаны гасціннасцю і ветлівасцю гаспадароў. Чыстопальскі раён – шматнацыянальны, цікава было пазнаёміцца з багатай самабытнай спадчынай чыстопальцаў. Нам пашанцавала пабываць на папулярным нацыянальным свяце, прысвечаным заканчэнню веснавой пасяўной кампаніі. Канешне, надзвычай прыемна было чуць, з якой цеплынёй і пашанай мясцовыя жыхары гаварылі пра нашу Беларусь, як дзякавалі за тое, што беларусы заўжды па-братэрску ставяцца да Расіі і расіян. Мы перадалі запрашэнне ад кіраўніцтва Ляхавіцкага раёна наведаць Ляхавіччыну дэлегацыі з Чыстопаля. Будзем наладжваць цесныя сувязі ў культуры, адукацыі, эканоміцы і іншых галінах, – дзеліцца ўражаннямі кіраўнік дэпутацкага корпуса Ляхавіччыны Юрый Чаранкевіч.
Візіт беларускай дэлегацыі быў хоць і кароткім, але выніковым. Плённа прайшла сустрэча з кіраўніком Чыстопальскага муніцыпальнага раёна.
– Зацікавіла і наведванне прамысловых прадпрыемстваў, адзін з якіх завод па выпуску разнастайных прыбораў, дэталяў прыстасаванняў для паліўна-энергетычнай прамысловасці, жыллёва-
камунальнай гаспадаркі і іншых. Увогуле, пазнаёміліся з прамысловасцю рэгіёна, якая ўключае гадзіннікавы, суднарамонтны, аўтарамонтны заводы, малочны камбінат, транспартныя прадпрыемствы. Даведаліся і пра сельскагаспадарчыя арганізацыі, якія спецыялізуюцца на птушкагадоўлі, мяса-малочнай жывёлагадоўлі, раслінаводстве. Упэўнены, што гасцям з Чыстопаля будзе што паказаць і на Ляхавіччыне. А знаёмства перарасце ў цесныя эканамічныя і культурныя сувязі. Варта спадзявацца, што якасная прадукцыі з маркай «зроблена ў Ляхавічах» знойдзе сваіх прыхільнікаў і ў Чыстопалі. Будзем працаваць узаемавыгадна, – адзначае Андрэй Навагран.
Галіна КАНЬКО.