Гісторыя ў 100 балаў. На цэнтралізаваным экзамене па гісторыі Беларусі вышэйшы бал атрымаў выпускнік СШ № 1 г. Ляхавічы Віктар Сцепачоў

На цэнтралізаваным экзамене па гісторыі Беларусі вышэйшы
бал атрымаў выпускнік СШ № 1 Віктар Сцепачоў.

Удзел у ЦЭ прынялі больш за 55 000 адзінаццацікласнікаў краіны, якія здавалі на выбар адзін з 13 профільных навучальных прадметаў. Максімальна магчымы вынік атрымалі 636 навучэнцаў. Прыемна, што сярод іх і наш зямляк. Віктар Сцепачоў прызнаецца, што пра запаветную сотню хоць і марыў, але ўсё ж прыемная навіна стала для яго нечаканай.
Пра тое, што справіўся з экзаменацыйнай работай на максімальны бал, яму расказала настаўніца гісторыі і грамадазнаўства Сафія Шыбкоўская.
– Віктар – навучэнец добрасумленны, уважлівы, матываваны і мэтанакіраваны, любіць гісторыю. Нешматслоўны, на пытанні адказвае канкрэтна і дакладна, – характарызуе стабальніка Сафія Шыбкоўская.
Сакрэтам свайго поспеху Віктар лічыць, перш за ўсё, працавітасць і ўпартасць. І, канешне, любоў да справы, якую робіш. Прадметам зацікавіўся ў восьмым класе, калі сядзеў дома на каранціне пры каранавірусе.
– Знайшоў на юцюбе канал пра Другую сусветную вайну, і з таго часу я адданы прыхільнік гісторыі. Люблю не толькі чытаць гістарычныя кнігі, але і глядзець дакументальныя і мастацкія фільмы. Гісторыя ў мяне і ў закладках на камп’ютары, – дзеліцца Віктар Сцепачоў.
Прызнаецца, што з паўсотні заданняў ЦЭ задумаўся толькі над трыма, астатнія для яго не ўяўлялі цяжкасці.
Да ЦЭ па гісторыі пачаў узмоцненую падрыхтоўку толькі ў выпускным класе. Калі да гэтага яму хапала самападрыхтоўкі і школьных урокаў, то ў адзінаццатым класе тры разы на тыдзень наведваў рэпетытара. І яна, дарэчы, была ўпэўнена, што Віктар здольны зарабіць 100 балаў. Юнак вельмі ўдзячны рэпетытару за матывацыю і падрыхтоўку. Адзначае, што будучым выпускнікам лепш пачынаць рыхтавацца да ЦЭ загадзя – у дзявятым-дзясятым класе, каб паспець паўтарыць усе падзеі і даты.
У праграму самападрыхтоўкі стабальніка ўваходзілі аналіз ЦТ мінулых гадоў, вывучэнне тэматычных сайтаў, падручнікаў па гісторыі Беларусі, працаваў і з разнастай-
нымі дапаможнікамі. На стале ў юнака стос вучэбнай і мастацкай літаратуры, але асаблівы інтарэс выклікае гісторыя Савецкага Саюза. У паўсядзённым жыцці, як і ўсе хлопцы, Віктар разам з сябрамі любіць пагуляць у камп’ютарныя гульні, сярод якіх выдзяляе ваенныя стратэгіі.
Больш за ўсё юнак стараўся не расчараваць сваю маму Алену і сям’ю, якія прыкладалі ўсе намаганні, каб ён добра здаў экзамены.
Па інфармацыі аддзела па адукацыі райвыканкама, па 98 балаў па матэматыцы на ЦЭ атрымалі гімназіст Максім Шастак (настаўнік Паліна Белавус) і навучэнец
СШ № 2 Ягор Шчарбакоў (настаўнік Святлана Багдановіч).
Наталля ПЕРАПЕЧКА.