З гарантыяй надзейнасці. Маленькі райцэнтр не перашкода для развіцця ўласнай справы

Можна доўга разважаць, якую бізнэс-ідэю для невялікага горада назваць перспектыўнай. А можна ўзяць і рызыкнуць. Як ляхавічанін Андрэй Дуганаў – дырэктар прыватнага гандлёва-транспартнага ўнітарнага прадпрыемства «Дуганаў», якое забяспечвае працоўнымі месцамі 16 чалавек.

Дырэктар Андрэй Дуганаў.

Да стварэння ўласнага бізнэсу Андрэй Дуганаў прыступіў у 2002 годзе: адкрыў ІП, арандаваў склад, набыў прычэп, які загрузіў шыферам, цэментам, сеў за руль уласнага аўто і адправіўся гандляваць па вёсках раёна. Сарафаннае радыё ацаніла зручнасць дастаўкі будаўнічых матэрыялаў па адрасе. І пачалася гісторыя ўздыму кампаніі. Праз пяць гадоў аб’ёмы дзейнасці і калектыў работнікаў дасягнулі ўзроўню фірмы. Так інжынер-энергетык мясцовай будаўнічай арганізацыі стаў паспяховым прадпрымальнікам, які сёння разам з аптова-рознічным гандлем будаўнічымі матэрыяламі займаецца і грузаперавозкамі ў Расію. Сярод пакупнікоў цэменту, гіпсакардону і іншага – жыхары Ляхавіччыны, Баранавіцкага, Ганцавіцкага і Клецкага раёнаў. Прычым не толькі насельніцтва, але і будаўнічыя кампаніі, для якіх фірма «Дуганаў» не мае патрэбы ў прадстаўленні і асацыюецца з гарантыяй якасці і надзейнасці.
– Падчас будаўніцтва зручна, каб усе будматэрыялы былі пад рукой і не давялося марнаваць час на іх пошукі. Таму па званку мы дастаўляем землякам і суседзям цэглу, блокі, цэмент, сухія будаўнічыя сумесі, аддзелачныя матэрыялы. Працуем напрамую з вытворцамі і падстройваемся пад запыты насельніцтва. Патрабуецца выгрузіць пліты перакрыцця, мантаж фундамента і іншае – калі ласка, паслугі крана і маніпулятара. Зараз актыўна займаемся і металапракатам, прадастаўляем у арэнду будаўнічую і спецтэхніку. Па Ляхавічах дастаўка бясплатная, а па раёне – у залежнасці ад аб’ёму заказу, – адзначае Андрэй Дуганаў.

Бухгалтар Алена Беляновіч.


Бізнэс для Дуганава – важная частка жыцця. Ён дасканала валодае сітуацыяй пра будаўнічы рынак, і фірма шмат гадоў утрымлівае статус надзейнага партнёра. На гэта працуюць і жаданне не падвесці свайго кліента, і аператыўнасць пры дастаўцы заказу. Па Ляхавічах будаўнічыя матэрыялы адпраўляюцца да спажыўца ў дзень званка. Прадугледжаны і бонусы пастаянным пакупнікам. Для кампаніі важны кожны кліент, нягледзячы на аб’ём заказу – дзесяць мяшкоў цэменту ці пяць тон. Тым больш, што аўтапарк фірмы – на любую вагу. І водгукі на яго дзейнасць толькі станоўчыя, што пацвярджаюць каментарыі кліентаў і фірмаў на спецыялізаваных сайтах і ў сацсетках. Сёння ў вадзіцеляў з катэгорыямі С і Е маецца магчымасць увайсці ў каманду ПГТУП «Дуганаў». Калектыў фірмы невялікі, але дружны, якому ўласцівы ўзаемападтрымка, адказнасць і ўменне сканцэнтравацца. А так і работа ладзіцца.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.