Белая Русь – родная кроў. У Ляхавічах прайшла дыялогавая пляцоўка «Ціхі подзвіг», арганізаваная Ляхавіцкай раённай арганізацыяй РГА «Белая Русь»

Сярод удзельнікаў дыялогу – прадстаўнікі працоўных калектываў. Грамадскае аб’яднанне разам з Міністэрствам аховы здароўя запусцілі рэспубліканскі сацыяльны праект «Дабро. Донарства. Жыццё», да якога прымеркавалі акцыю «Белая Русь – родная кроў», што фінішуе 14 чэрвеня ў Сусветны дзень донара крыві.

БОЛЬШ ФОТА ТУТ

Сутнасць акцыі – у прыцягненні актыўных грамадзян да донарства крыві і яе кампанентаў, а таксама ў фарміраванні жадання і гатоўнасці стаць донарам.
А справа гэта жыццёва неабходная – многія аператыўныя ўмяшанні, экстранная родадапамога, трансплантацыі органаў і тканак не абыходзяцца без пералівання крыві.
Першай да акцыі з Ляхавіччыны далучылася памочнік урача з Тухавіцкай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі Таццяна Русакевіч, якая здала кроў і адмовілася ад грашовай кампенсацыі за працэдуру на карысць хворых дзяцей, з удзячнасцю да зямлячкі расказала старшыня раённай арганізацыі «Белая Русь» Наталля Ісаханава.
Сёлета да Дня донара прымеркавана таксама інфармацыйна-адукацыйная акцыя «Сусветны дзень донара крыві» пад дэвізам СААЗ «Святкаванне 20-годдзя донарства: дзякуй вам донары, донары крыві!».
Пра тое, як стаць донарам і падрыхтавацца да адпаведнай працэдуры, пра тое, што здача крыві аказвае станоўчы ўплыў на здароўе чалавека, удзельнікам дыялогу расказаў урач анестэзіёлаг-рэаніматолаг райбальніцы Аляксандр Зяленскі. Здаць кроў і яе кампаненты могуць як грамадзяне Беларусі, так і замежныя грамадзяне ва ўзросце ад 18 да 60 гадоў. Пры падрыхтоўцы да здачы крыві неабходна выконваць некаторыя правілы, сярод якіх патрабаванне весці здаровы лад жыцця, не прыходзіць на данацыю ў стане стомленасці і пры наяўнасці прастуды ці іншых прыкмет хваробы і г. д. Пры першым візіце ва ўстанову донару вызначаюць групу крыві, рэзус-прыналежнасць, праводзяць клініка-лабараторнае даследаванне крыві, робяць іншыя аналізы. Жыхары раёна могуць здаць кроў на станцыі пералівання крыві ў Баранавічах.
І сярод нашых землякоў ёсць тыя, хто шмат гадоў дзеліцца сваёй кроўю з чужымі людзьмі і гэтым паляпшае якасць іх жыцця. На Ляхавіччыне нагрудны знак «Ганаровы донар Рэспублiкi Беларусь» Міністэрства аховы здароўя мае былы вадзіцель ТЦСАН Міхаіл Патаповіч, фельчар аддзялення хуткай дапамогі ЦРБ Наталля Піскун, медсястра Вольга Гіль, электрамеханік Брэсцкага філіяла РУП «Белтэлекам» Дзмітрый Сірыська (на здымку) і іншыя.


Сваёй гісторыяй донарскагу шляху падзяліўся з удзельнікамі сустрэчы Дзмітрый Сірыська. Яго прафесійная дзейнасць не звязана з медыцынай, а донарам стаў больш за дзесяцігоддзе назад па закліку сэрца, калі працаваў на «Атланце» ў Баранавічах. За дзесяцігоддзе здаваў кроў і яе кампаненты больш за 40 разоў. Хваляванне і нязначнае недамаганне было толькі першы раз. Быў час, калі здаваў плазму два разы на месяц. Дзмітрый Сірыська з упэўненасцю сцвярджае, што ад донарства пагаршэнняў здароўя няма, наадварот, толькі плюсы.
Акцыя «Белай Русі» «Белая Русь – родная кроў» працягваецца. Ляхавіцкая раённая арганізацыя «Белая Русь» запрашае землякоў далучыцца да дабрачыннай справы.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.