Музычны чэрвень у «Кастрычніку». Традыцыя музыкаліць па вечарах каля кінатэатра «Кастрычнік» вяртаецца ў наш утульны горад

Традыцыя музыкаліць па вечарах каля кінатэатра «Кастрычнік» вяртаецца ў наш утульны горад. У мінулы аўторак на гэтай пляцоўцы было інструментальна, вакальна, і, што вельмі важна, атмасферна! «Адкрыты мікрафон» набірае абароты і трансфармуецца ў сур’ёзны фэст. На гэты раз імправізаваную сцэну занялі навучэнцы і педагогі Ляхавіцкай дзіцячай школы мастацтваў. І паказалі сапраўдны клас!

Класічныя кампазіцыі змяняліся сучаснай прапановай, гучалі шлягеры і знаёмыя да глыбіні душы песні, якія немагчыма было не падпяваць, – спектр магчымасцей у гэтых гуртоў значны, нягледзячы на тое, што за інструментамі побач з настаўнікамі іх навучэнцы.
Два калектывы – ансамбль «Адэль» і кавер-бэнд Vesna – не пакінулі нікога раўнадушнымі, а яшчэ павялічылі долю тых, хто пашкадаваў ужо, што не знайшоў хвілінку для такога духоўнага адпачынку.
Ролікі ў сацыяльных сетках раёнкі паказваюць высокую праглядальнасць, а каментарыі сведчаць, што ляхавічане чакаюць калектывы на біс.
– Нам хочацца зарадзіць нашай творчасцю землякоў, паказаць, што сучасная дзіцячая школа мастацтваў – гэта прыгожае адлюстраванне нашага жыцця.
Арыгінальная афарбоўка твораў, сваё бачанне і адчуванне музыкі – усім гэтым хочацца дзяліцца. Прыемна, што цяпер «Адэль» і кавер-бэнд Vesna ўдзельнічаюць у гарадскім праекце «Адкрыты мікрафон», – адзначае дырэктар Ляхавіцкай ДШМ Марыя Лутавінава.
Маладзёжная пляцоўка – для маладзёжных спраў і ініцыятыў. Побач інтэрактыўную зону арганізаваў райкам БРСМ – спілс-карта і «Джэнга», як гаворыцца, зайшлі!
А яшчэ 12 юнакоў і дзяўчат афіцыйна сталі членамі БРСМ: маладзёжны лідар раёна Анастасія Дземідовіч уручыла пасведчанні і сувеніры юным ляхавічанам.
У рамках сустрэчы дыпломы і падарункі атрымалі пераможцы і ўдзельнікі раённага фотаконкурсу «Будзе вечнай пра герояў памяць», прымеркаванага да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Сусветнага дня веласіпеда.
– Для нас самае галоўнае, каб гісторыю тых падзей, подзвігі сваіх бацькоў, дзядоў і прадзедаў памяталі дзеці, унукі і праўнукі. Каб яны ганарыліся сваёй краінай і заўсёды былі гатовы стаць на яе абарону. Конкурснай камісіі было прадстаўлена 58 фотаработ, некаторыя нават суправаджаліся геалакацыяй, відэафайламі, вершаванымі радкамі, – адзначыла арганізатар конкурсу галоўны спецыяліст райвыканкама Таццяна Шчука.
Дыпломам I ступені ўзнагароджана навучэнка гімназіі Сафія Цёсава, дыплом II ступені – у навучэнцаў СШ № 1 (кіраўнік Людміла Курловіч), дыпломы III ступені – у навучэнцаў Дараўскай СШ (кіраўнік Ганна Арэхава) і Крывошынскай СШ імя Г. С. Здановіча (кіраўнік Сяргей Турчанка).
Рыта КРАСАВІЦКАЯ.
Фота Анастасіі Дземідовіч.