Другі пайшоў. Сельскагаспадарчыя арганізацыі раёна прыступілі да другой касьбы траў

Здаецца, толькі ўчора сельгасарганізацыі Ляхавіччыны ўдакладнялі планы, будавалі тактыку вядзення першакасавічнай кампаніі.

Прайшло каля трох тыдняў асабліва напружанай работы: касьба, уборка падвяленай сянажнай масы, транспартаванне апошняй да месца закладкі і, як вяршыня «зялёнай» піраміды, сама закладка яе на захоўванне.
Трэндам і першага, і ўсіх наступных этапаў сёлетняй корманарыхтоўкі стала якасць. Калі на сваім вытворчым адрэзку кожны працаўнік будзе максімальна тэхналагічным, то з чаго б гэта гатоваму прадукту – сенажу – атрымацца малаякасным?
Але ж пра якасць першаўкосных нарыхтовак-закладак будзе нагода паразважаць некалькі пазней – пасля іх канчатковага «паспявання».
Стартавы збор шматгадовых траў – гэта ў пераважнай большасці
сянаж. Пры гадавым плане ў амаль 99 тысяч тон з першага разу гаспадаркі раёна паклалі ўжо ў засекі больш за 54 тысячы тон каштоўнага травяністага корму – спрацавалі на 55 працэнтаў ад планавай лічбы. Асноўная маса сянажных закладак ажыццёўлена з выкарыстаннем кансервуючых дабавак і ў адпаведнасці з патрабаваннямі старой добрай траншэйнай тэхналогіі. Але ў сянажнага пытання ёсць і іншы бок: больш за 7 тысяч тон сенажу сельгасарганізацыі раёна заклалі ў адпаведнасці з рулонна- і рукаўна-плёначнай тэхналогіямі. Яскравым прыкладам тут з’яўляецца ЗАТ «Белпрампрыбор», дзе нічога іншага акрамя поліэтыленавых упаковак не практыкуецца. Па меншай меры ўсе амаль 3,5 тысячы тон першасянажных нарыхтовак былі запакаваны ў рукавы.
Акрамя таго ж «Белпрампрыбора», усе гаспадаркі раёна спрацавалі з выгадай у параўнанні з аналагічнай леташняй кампаніяй
хто нязначна, а хто і ў паўтара раза, а то і ўдвая пераўзышоў сам сябе па паказчыку нарыхтаваных тон кармавых адзінак.
А тым часам амаль у поўным складзе гаспадарак Ляхавіччына выйшла ўжо на атаву – у раёне пачаўся другі ўкос траў.
Іван КАВАЛЕНКА.