Брыгада, на выезд! На якія выклікі выязджаюць медкі аддзялення хуткай дапамогі Ляхавіцкай ЦРБ

Восем гадзін раніцы. Пачатак працоўнай змены ў аддзяленні хуткай медыцынскай дапамогі. Медыкі яшчэ не ведаюць, колькі за 12 гадзін будзе адрасоў, з якімі скаргамі і дзе іх чакаюць пацыенты.
І вось фельчар па прыёме выклікаў перадае: «Брыгада, на выезд!» Брыгада – гэта два фельчары і вадзіцель.

– Каб даехаць да пацыента па экстранным выкліку, у нас ёсць усяго прыкладна 20 мінут у горадзе і 35 у сельскай мясцовасці і, адпаведна, да 70 мінут – па неадкладным выкліку, – расказвае загадчык аддзялення хуткай медыцынскай дапамогі Ляхавіцкай ЦРБ Вераніка Салата.
– На сёння бадай самы памятны момант у прафесійнай практыцы звязаны з нараджэннем дзіцяці. З фельчарам Віктарам Плескацэвічам везлі цяжарную жанчыну з Ліпска ў радзільны дом у Баранавічы, і на ўездзе ў горад пачаліся роды… Давялося ўспомніць усе веды па акушэрстве і прыняць малыша. Радавалася не менш за маці немаўляці, – успамінае Вераніка Салата.
Сапраўды, урач і фельчар хуткай дапамогі – медыкі-ўніверсалы.
– За адну змену даводзіцца быць і тэрапеўтам, і педыят-
рам, і акушэрам, і хірургам, яшчэ і псіхатэрапеўтам, прычым як для пацыента, так і для яго блізкіх, – адзначае старшы фельчар Віктар Коктыш. За яго 15 гадоў практыкі ў аддзяленні хуткай медыцынскай дапамогі было шмат розных выпадкаў, ён не па словах ведае, як важна на любым выкліку правільна ацаніць сітуацыю і аказаць сапраўды хуткую і, галоўнае, якасную медыцынскую дапамогу. Упэўнены і ў тым, што кожны з калег, незалежна ад узросту і стажу, справіцца. У камандзе – 22 выязныя фельчары, 4 фельчары па прыёме выклікаў, 12 вадзіцеляў, 2 санітаркі.
За змену на ляхавіцкі нумар 103 паступае ад 18 да 30 выклікаў.
– У асноўным выклікі тычацца павышэння артэрыяльнага ціску, летам – траўмы, зімой – высокая тэмпература. Кожнага ўважліва выслухоўваем і хутка прымаем рашэнне аб адпраўцы брыгады. Некаторым дастаткова даць параду, якое лякарства прыняць. Дарэчы, сувязь з брыгадай трымаем пастаянна. Калі хворага вязуць на шпіталізацыю, паралельна тэлефануем у прыёмны пакой райбальніцы, што неабходна афармленне ў стацыянар. Здараюцца і кур’ёзныя выпадкі. Напрыклад, раіш чалавеку, у якога павысіўся ціск, прыняць таблетку каптапрыла. А ў адказ чуеш: у цік-току расказваюць, што каптапрыл шкодны, парайце другую таблетку. А яшчэ тэлефануюць з просьбай разбудзіць у чатыры гадзіны раніцы, маўляў, вы ўсё роўна на дзяжурстве і не спіце, – гаворыць фельчар па прыёме выклікаў Наталля Піскун, якая за не адно дзесяцігоддзе работы на хуткай бачыла рознае.
Прыбыўшым на адрас медыкам неабходна хутка прымаць рашэнне, кошт якога іншы раз – жыццё чалавека.
– У маёй практыцы было нямала выпадкаў, калі прыязджаеш на экстранны выклік, а на справе ён не такі і экстранны, напрыклад, чысціла жанчына бульбу і парэзала палец… А ў гэты ж час іншаму чалавеку дапамога жыццёва патрэбна, –успамінае справы Ірына Савасцьянік, якая на хуткай больш за 40 гадоў.
– Прыехалі ў Вялікую Лотву да 60-гадовага мужчыны, які скардзіўся на боль у сэрцы. Пакуль неслі на насілках у машыну, сэрца спынілася. Рэанімавалі 40 мінут прама на асфальце – вярнулі, лічы, з таго свету… – успамінае яшчэ адзін вопытны фельчар Сяргей Маневіч.
Прафесіяналізм медыкаў хуткай дапамогі адзначае і выконваючы абавязкі галоўнага ўрача ЦРБ Руслан Курыловіч:
– Наша хуткая дастаўляе пацыентаў з вострымі парушэннямі мазгавога кровазвароту і вострым каранарным сіндромам у Баранавіцкі міжраённы кардыялагічны цэнтр. І неаднойчы супрацоўнікі цэнтра падкрэслівалі высокую ступень адказнасці ляхавіцкіх медыкаў, якія сваімі граматнымі дзеяннямі, аператыўнасцю, у прамым сэнсе, выратоўваюць жыцці людзей.
– Хачу звярнуцца да землякоў. Калі ласка, паважайце працу іншых. Хуткую дапамогу не выклікаюць, калі вы знайшлі на сабе кляшча ці балеў зуб. Хуткая – не таксі і не абавязана падвезці да прыпынку гарадскога аўтобуса ці перадаць вашы аналізы ў лабараторыю. І тым больш мы не выязджаем на выклікі наконт хваробы кошак ці сабак. І яшчэ просьба, калі дома ёсць сабака, прывязвайце яго да прыезду брыгады, каб не ўзнікала праблем, – заклікае фельчар Таццяна Зубік.
Апошнім часам аддзяленне хуткай меддапамогі штогод папаўняецца маладымі кадрамі. Многія, набраўшыся вопыту, застаюцца тут і пасля адпрацоўкі. Сярод лепшых Вераніка Салата называе фельчараў Валерыю Борыс, Святлану Рахманаву, Дзіяну Глеб, Таццяну Мінько, Дзмітрыя Хлебаўца.
– Родам я са Століншчыны, пасля заканчэння Пінскага дзяржаўнага медкаледжа размеркаваўся памочнікам урача ў Падлескую амбулато-
рыю ўрача агульнай практыкі,
потым была служба ў арміі. І вось год працую ў хуткай дапамозе. Многаму навучыўся ў свайго настаўніка Таццяны Зубік. Люблю работу, бо штодня бачу вынік і адчуваю, як неабходна мая дапамога іншым, – гаворыць Дзмітрый Хлебавец.
Аўтамабіль хуткай меддапамогі (іх у аўтапарку тры) – гэта міні-рэанімацыя на колах, аснашчана ўсім неабходным. Кіруюць тэхнікай вадзіцелі, якія не толькі асы ў ваджэнні аўтамабіля, але і першыя памочнікі медыкаў. Тон у прафесіі задаюць Дзмітрый Маслоўскі, Юрый Смаршчок, Руслан Купрыянік.
У кожнага з тутэйшых работнікаў ёсць свае сем’і, справы,праблемы, але ўсё адыходзіцьна задні план, калі чуюць: «Брыгада, на выезд!».

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.