Неўралагічны абход. У неўралагічнае аддзяленне Ляхавіцкай ЦРБ пацыенты трапляюць па розных прычынах
У неўралагічнае аддзяленне пацыенты трапляюць па розных прычынах. Планавыя – з болямі ў спіне і праблемамі з пазваночнікам, апорна-рухальнай сістэмай, экстранныя – з інсультамі, іх дастаўляе хуткая меддапамога. Задача медперсаналу – мінімізаваць наступствы хваробы і дапамагчы чалавеку вярнуцца да нармальнага жыцця.
– Дарэчы, неўралагічнае аддзяленне нашай райбальніцы – адно з нямногіх, дзе захаваліся ложкі для лячэння пацыентаў з інсультам, – адзначае выконваючы абавязкі галоўнага ўрача Ляхавіцкай райбальніцы Руслан Курыловіч.
Паўтара года на чале зладжанай медыцынскай каманды аддзялення Вікторыя Маслоўская. За васьмігадовы перыяд медыцынскай практыкі яна заваявала давер у пацыентаў, аўтарытэт і рэпутацыю ўважлівага і кампетэнтнага ўрача-неўролага.
Працоўны дзень у аддзяленні пачынаецца з традыцыйнай пяцімінуткі, падчас якой абмяркоўваюцца моманты з дзяжурства,
выпіска-паступленне хворых і г. д. Далей па плане – сумесны абход у складзе загадчыка аддзялення, медсястры і ўрача-неўролага стацыянара Вольгі Кызінай. Урач з васьмігадовым стажам – у ляхавіцкай медыцыне пакуль навічок (да гэтага працавала ў Баранавічах), але ў калектыве стала сваёй, ды і пацыенты ёй давяраюць. Неўролаг упэўнена, што на выздараўленне ўплываюць многія фактары, сярод якіх і адносіны да хворых.
«Добрай раніцы. Як справы? Самаадчуванне?» – звяртаюцца медыкі да пацыентаў у кожнай палаце.
– Пацыентамі аддзялення становяцца людзі рознага ўзросту. Часта захворванне ўспрымаецца як прысуд. Вельмі важна ўсяліць веру ў выздараўленне, настроіць на выкананне ўсіх урачэбных рэкамендацый, – адзначае Вікторыя Маслоўская і дадае, што ў бальніцы нават смачнае харчаванне з’яўляецца тэрапеўтычным складнікам.
З трох дзясяткаў ложкаў тут не адзін не пустуе. Летась праз аддзяленне прайшоў 881 чалавек, а сёлета – амаль паўтысячы. І гэта без тых пацыентаў, якія праходзяць лячэнне ў дзённым стацыянары.
Паставіць правільны дыягназ і своечасова падабраць лячэнне дапамагае, у тым ліку, камп’ютарная тамаграфія. Не менш за два дзясяткі пацыентаў за месяц накіроўваюцца на гэта рэнтгеналагічнае даследаванне, якое можна прайсці тут жа – у райбальніцы. На службе ў медыкаў і разнастайныя працэдуры:
падводны душ, масаж, душ Шарко, магнітатэрапія, лячэбная фізкультура і г. д. Ажыццяўляецца і тромбалітычная тэрапія –
трамбалізіс. Пры неабходнасці ўрачы кансультуюцца з калегамі з РНПЦ і з абласных бальніц. Практыкуюць у аддзяленні і лячэбныя блакады.
Праца ў неўралагічным аддзяленні няпростая, напружаная і адказная, дае сур’ёзныя псіхалагічныя і эмацыянальныя нагрузкі.
Датычыць гэта і ўрачоў, і медсясцёр. Вопытная, нераўнадушная, укол зробіць так, што не адчуеш, і кропельніцу паставіць прафесійна медсястра Галіна Лойка – спецыяліст з унушальным медстажам. З поўнай аддачай працуюць медсёстры Алена Харке, Ірына Цярпіцкая, сястра-гаспадыня Алена Данільчык. За год працы зарэкамендавала сябе старанным спецыялістам працэдурная медсястра Валерыя Антановіч – работу сваю ведае і робіць яе выдатна. Улік медыкаментаў, выкананне санэпідрэжыму, каардынацыя дзейнасці медсясцёр і санітарак аддзялення ў абавязках старшай медсястры Алесі Тарлюк. Яна паспяхова спраўляецца і з медыцынскімі маніпуляцыямі і, здаецца, з закрытымі вачыма можа ўвесці лякарства ў вену, а таксама ўнутрывенны кантраст на КТ. Уліліся ў
каманду неўралагічнага аддзялення і сталі яе часткай маладыя спецыялісты – медсёстры Дар’я Ківель, Таццяна Садзько, Дар’я Саган.
Асобныя словы пра малодшы медыцынскі персанал, які забяспечвае чысціню і парадак у аддзяленні, даглядае цяжкіх пацыентаў і г. д. Міласэрнасць, душэўная цеплыня ўласціва санітаркам Ірыне Крыкала, Таццяне Лойка і іншым.
…На гадзінніку 17.00, а работа не спыняецца. Усё важна, тэрмінова, як кажуць, сёння на сёння – галоўнае, каб у пацыента назіралася станоўчая дынаміка, падкрэслівае загадчык неўралагічнага аддзялення Вікторыя Маслоўская.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.