Давер без выхадных. Як працуе калектыў Тухавіцкай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі
Невялікі калектыў у колькасці 10 чалавек – штат Тухавіцкай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі. У зоне адказнасці тутэйшых медыкаў 1 286 жыхароў з 11 населеных пунктаў Ляхавіччыны: Тухавічаў, Забер’я, Рагачоў, Вострава, Бярэзак, Падлаззя, Траццякоўцаў, Любеек, Кулікоў, Гуты, Заполля.
Графік работы амбулаторыі – з 8 да 18 гадзін, у суботу з 8 да
15 гадзін. Ёсць выхадны – нядзеля і святочныя дні. Але гэта па графіку. На практыцы праблемы са здароўем не выбіраюць, у які дзень здарыцца.
– Бывае, могуць патэлефанаваць на мабільны ці хатні тэлефон апоўначы ці ў 5 гадзін раніцы. У кагосьці ціск моцна павысіцца ці востры боль у жываце. Канешне, спяшаемся на выклік, – адзначае загадчык Тухавіцкай урачэбнай амбулаторыі Наталля Пятліцкая. Ва ўрачэбнай прафесіі яна амаль дзесяцігоддзе. Сама, лічы, тутэйшая – з Вострава, там зараз і жыве з сям’ёй.
– Ведаеш людзей, іх родных і блізкіх – гэта дапамагае ў рабоце. Але і попыт за твае дзеянні, дыягназы больш жорсткі. Не маю маральнага права памыліцца. Без падтрымкі, дапамогі, разумення кожнага з нашага калектыву яўна не справіцца. Кожнаму можна даверыцца – не падвядуць, – гаворыць Наталля Пятліцкая.
Да дробязяў прадуманае добраўпарадкаванне на тэрыторыі вакол будынка медустановы, утульныя адрамантаваныя пакоі настройваюць на пазітыў. Тут з камфортам можна атрымаць неабходны комплекс медыцынскіх паслуг. Прыём вядуць урач і памочнік урача, яны ж, а таксама медсястра, акушэрка двойчы на тыдзень па аўторках і чацвяргах прымаюць пацыентаў на базе Востраўскага ФАПа, дзе іх заўжды чакаюць. Ва ўрачэбнай амбулаторыі зробяць кардыяграму, возьмуць аналізы і правераць іх, на парадку дня – дыспансерызацыя і вытворчыя медагляды. А які цудоўны тут кабінет фізіятэрапіі. Магніта- і лазератэрапія, апарат ультравысокіх частот, «Рэфтон» (незаменная рэч пры лячэнні апорна-рухальнага апарату) – за такімі працэдурамі няма патрэбы ездзіць у горад, усё на месцы. Летась дзякуючы спонсарскай дапамозе ААТ «ТБЗ Ляхавіцкі» тут устаноўлена сучаснае масажнае крэсла. Дарэчы, сярод абновак і новая стаматалагічная ўстаноўка – камфортна і пацыентам, і стаматолагу, які прыязджае з райбальніцы двойчы на месяц. Яшчэ адна адметнасць і зручнасць Тухавіцкай установы аховы здароўя – дзённы стацыянар, разлічаны на чатыры ложкі.
Не толькі амбулаторным прыёмам (у сярэднім тут абслугоўваюць ад 20 да 30 чалавек за дзень) абмяжоўваюцца медыцынскія будні. Медыкі выязджаюць на выклікі, не пакідаюць без увагі і нагляду тых хворых, якія самі не могуць па стане здароўя прыйсці ў медустанову. Калі ж узнікае неардынарная надзвычайная сітуацыя (у чалавека цяжкая траўма, падазраецца інфаркт), то для такога пацыента неадкладна выклікаюць хуткую медыцынскую дапамогу з ЦРБ, каб тэрмінова даставіць хворага ў бальніцу. А яшчэ пры неабходнасці закажуць талончык на прыём да вузкага спецыяліста ў Ляхавіцкай паліклініцы.
Клапоцяцца пра здароўе землякоў уважлівыя, добразычлівыя і адказныя работнікі амбулаторыі. Сплаў вопыту і добразычлівасці, сціпласці і надзейнасці. Гэта пра старэйшага супрацоўніка – медсястру з 40-гадовым стажам Антаніну Матчэня.
– Пачынала працаваць, калі тут была яшчэ ўчастковая бальніца. Шмат чаму ў медыцыне навучылася ў выдатных урачоў Расціслава і Галіны Магераў. Калісьці ў нашай бальніцы былі два пасты стацыянара, разлічаныя на 50 ложкаў. Урачы праводзілі нават невялікія аперацыі. Цяпер многае памянялася, але я па-ранейшаму люблю сваю прафесію і не ўяўляю для сябе іншы занятак, – сцвярджае Антаніна Матчэня.
Адданая сваёй прафесіі, профі, адказная і мэтанакіраваная – так характарызуе памочніка ўрача Таццяну Русакевіч намеснік галоўнага ўрача УАЗ «Ляхавіцкая ЦРБ» Міхаіл Куляшоў. Таццяна Русакевіч у прафесіі чвэрць стагоддзя, столькі ж непасрэдна ў Тухавіцкай АУАП, яшчэ адна вучаніца сямейнай пары ўрачоў Магераў. Можа ўсё: вядзе прыём, спяшаецца на выклікі (калі няма аўтамабіля, то на веласіпедзе), аказвае хуткую меддапамогу. Медсястра Наталля Маслоўская – прадаўжальніца медыцынскай дынастыі. І, як сцвярджае, усе 29 гадоў працы атрымлівае асалоду ад прафесіі, ад таго, што дапамагае людзям справіцца з хваробай, перамагчы яе, паправіць здароўе.
– Родам я з Рагачоў, пасля заканчэння Пінскага медыцынскага каледжа размеркавалася ў Начаўскую ўрачэбную амбулаторыю. Але вельмі цягнула на сваю малую радзіму, таму, як толькі з’явілася магчымасць, перавялася ў Тухавічы. І вельмі рада такому павароту лёсу. Вельмі падабаецца калектыў. Люблю сваіх пацыентаў, іх у мяне 639 прадстаўніц прыгожай паловы ад 18 і старэйшых, плюс 25 – ва ўзросце да 18 гадоў.
Мая работа – не толькі медагляды, патранаж цяжарных, але і выступленні ў школах, гутаркі з дзяўчынкамі, прафілактыка жаночых і анкалагічных захворванняў, – расказвае акушэрка Віялета Корань.
Нельга ўявіць калектыў без аўтараў тутэйшага парадку і чысціні – санітарак Ірыны Матчэня і Анжэлы Кайро, дворніка Юліі Рабцэвіч. Хутка дамчыць да пацыента па любым вясковым адрасе і не толькі (калі трэба, і хворага завязе на гемадыяліз ці нават у раённую бальніцу) вадзіцель Барыс Петрашэвіч, а яшчэ ён беражліва клапоціцца пра абноўку – аўтамабіль.
– Тухавіцкая амбулаторыя – адна з самых аддаленых медыцынскіх устаноў у нашым раёне. Для вяскоўцаў, якім да гарадскіх медустаноў дабірацца надзвычай доўга, тухавіцкія медыкі – хуткая, кампетэнтная і патрэбная дапамога. І, да гонару тутэйшых работнікаў, яны выдатна спраўляюцца са сваімі абавязкамі. На належным узроўні арганізавана прафілактычная работа – традыцыйнымі сталі сустрэчы медыкаў у працоўных калектывах, навучальных установах, актыўна займаюцца прышчэпачнай кампаніяй і дыспансерызацыяй, – расказвае Міхаіл Куляшоў.