Медыцына ў спартыўным стылі. У памочніка ўрача раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі спорт – стыль жыцця

У Валянціны Тышкоўскай – памочніка ўрача раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, а па сумяшчальніцтве яшчэ і фельчара выязной брыгады аддзялення хуткай меддапамогі ЦРБ – медыцына і спорт крочаць разам.


На нядаўніх рэспубліканскіх спаборніцтвах сярод медработнікаў па дартсе, якія праходзілі ў «Раўбічах», у асабістым першынстве яна заваявала другое месца. Летась на абласных спаборніцтвах па дартсе сярод медработнікаў Валянціна заваявала першае месца. Прызнаецца, што да гэтага не практыкавалася ў кіданні дроцікаў і не думала, што зможа трапіць у лік лепшых. «Трэба – значыць, навучымся» – жыццёвае крэда нашай зямлячкі, і яна з задавальненнем спрабуе свае сілы ў розных справах.
Спорт для Валянціны Тышкоўскай – стыль жыцця. Прымала ўдзел у спаборніцтвах па лёгкай атлетыцы, падцягвалася на канатах, даспадобы зямлячцы валейбол. Расказвае, што навыкі гульні атрымала на ўроках фізічнай культуры ў Тухавіцкай СШ .
Валянціна пастаянны ўдзельнік турыстычных злётаў, спартакіяд. Акрамя дыплома медкаледжа па спецыяльнасці «фельчар-акушэр», мае кваліфікацыю інструктара-метадыста па фізічнай рэабілітацыі і эргатэрапіі пасля заканчэння Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта. А нядаўна Валянціна стала ўладальніцай сярэбранага значка ГПА.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.