Школьны раман закончыўся балем. У Ляхавічах урачыста і святочна прайшоў раённы выпускны баль

Школьная гісторыя працягам у адзінаццаць гадоў закончылася выпускным балем «Не паўтараецца такое ніколі!».

Сёлета спатканне было прызначана 14 чэрвеня на 18 гадзін на плошчы Перамогі ў Ляхавічах. Выпускнікі і госці свята ўсклалі кветкі да брацкай магілы – удзячныя нашчадкі ўшанавалі памяць загінулых дзядоў і прадзедаў, якія падарылі сённяшнім пакаленням магчымасць жыць пад мірным небам. Да ўрачыстай памятнай цырымоніі далучыліся кіраўніцтва раёна, шэрага службаў
і арганізацый, педагогі і бацькі.

134 юнакі і дзяўчыны – прыгожыя і шчаслівыя – пад гукі духавога аркестра ўрачыста і святочна прайшлі калонай па галоўнай вуліцы горада да плошчы Леніна. Сёння – час для радасці, шчасця, настальгіі і мараў! Дзяўчыны ў шыкоўных уборах, юнакі ў элегантных касцюмах – усе як адзін героі дня.
Ганаровае права падняць Дзяржаўны флаг Рэспублікі Беларусь прадастаўлена выпускніку СШ № 1 Уладзіславу Паўлаву – дыпламанту ўніверсітэцкай алімпіяды па матэматыцы і другога этапу рэспубліканскай алімпіяды па інфарматыцы, сцяг Брэсцкай вобласці – выпускніцы Жарабковіцкай СШ імя М. Г. Мінкевіча Караліне Несцяровіч (дыпламант абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу «Тэхнаінтэлект» і іншых), сцяг Ляхавіцкага раёна – выпускніцы Ліпскай СШ Арыне Ляўша (дыпламант другога этапу рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры, асновах бяспекі жыццядзейнасці і г. д.).
З заканчэннем важнага этапу ў жыцці выпускнікоў павіншаваў старшыня райсавета дэпутатаў Юрый Чаранкевіч і пажадаў удачы і поспехаў на карысць нашай любімай Беларусі, а яшчэ ніколі не здавацца і не спыняцца перад цяжкасцямі.
Учарашніх навучэнцаў, педагогаў і бацькоў вітала начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Марыя Саракавік, якая адзначыла, што перад маладым пакаленнем адкрыта мноства дарог. І вельмі важна, каб кожны змог знайсці сваю, і яна стала паспяховай.
Першы намеснік старшыні райвыканкама Васілій Пыжык
і начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Марыя Саракавік уручылі залатыя медалі, сувеніры і значок гімназісту Уладзіславу Скіндзеру, выпускніцам СШ № 1 Таццяне Кучук і Адэліне Янушкевіч, сярэбраны медаль – выпускніцы СШ № 1 Таццяне Беляновіч. У святочны дзень разам з лепшымі выпускнікамі – бацькі, якія прымаюць ад раённай улады Падзячныя пісьмы за выхаванне сваіх дзяцей.
За актыўную жыццёвую пазіцыю ўзнагароды атрымалі 12 выпускнікоў устаноў адукацыі раёна.
І вось гучыць клятва выпускнікоў 2024 года: «…Абяцаем атрыманыя ў школе веды ўвасобіць у канкрэтныя справы, апраўдаць надзеі і давер бацькоў, педагогаў, дзяржавы…».
Прыгожа і рамантычна кружацца выпускнікі ў развітальным вальсе. Яркі момант застаўся ў фота- і відэакадрах на ўсё жыццё!
А пасля неба расквецілі рознакаляровыя паветраныя шары – сімвалы надзей, натхнення і любві. Няхай мары спраўдзяцца!

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Таццяна КУЧУК, залатая медалістка СШ № 1:
– Яшчэ да канца не ўсвядоміла, што развіталіся са школай, хаця на руках атэстат і сертыфікаты ЦЭ. Урачыстая атмасфера раённага і сяброўская школьнага выпускнога, уручэнне атэстатаў расчулілі і прымусілі настальгіраваць. За адзінаццаць гадоў школьнага жыцця было столькі цікавага, яркага і дарагога. І за гэта шчыра ўдзячна педагогам і ўсім, з кім сутыкала мяне жыццё. Школа, юнацтва –
час, калі трэба праяўляць сябе па максімуму. З багатым вопытам і дарослы шлях выбіраць прасцей. Мару стаць добрым урачом і спадзяюся, што ў мяне ўсё атрымаецца!