У чысціні свае меры… па навядзенні. З якімі «чыстымі» вынікамі надышоў чэрвень для Альхоўскага сельсавета, разглядалася падчас апаратнай нарады ў старшыні райвыканкама

У парадку аспектаў шмат. Што датычыць тэрыторыі сельсавета – тут свае крытэрыі і нюансы, сцэнарыі, па якіх працуюць зацікаўленыя службы. З якімі «чыстымі» вынікамі надышоў чэрвень для Альхоўскага сельсавета, разглядалася падчас апаратнай нарады ў старшыні райвыканкама на пачатку працоўнага тыдня. Чатыры даклады па тэме дэталізавалі сітуацыю з парадкам на тэрыторыі сельсавета.

Як адзначыў старшыня сельвыканкама Вячаслаў Кулак, для падтрымання парадку робіцца ўсё магчымае: арганізоўваюцца суботнікі, за арганізацыямі і прадпрыемствамі замацаваны тэрыторыі. Свой плён даюць і сустрэчы з насельніцтвам. Сярод тэм, што асабліва клапоцяць вяскоўцаў, – стан дарог. На якасць дарожнага пакрыцця скардзяцца з розных кропак: ёсць пытанні ў Малым Гарадзішчы, Задвор’і, Вялікім Гарадзішчы, Завінні. Чакае выканання і пададзеная ў ДРБУ-200 з’яўка на рамонт асфальтаванага пакрыцця вуліцы Цэнтральнай у Завінні (нягледзячы, што ў гэтым годзе рамонт туды ўжо даходзіў).
Набалелая тэма – работа з пустуючымі дамамі, якіх на тэрыторыі сельсавета 27.
Два ў гэтым годзе ўжо знесены, да канца года чакаецца дэмантаж яшчэ пяці.
Землі не павінны быць безгаспадарчымі, дзе гэта магчыма, павінен расці хлеб. На гэтым сканцэнтраваў увагу старшыня райвыканкама Мікалай Мароз. У гэтым годзе ў севазварот уключаны землі пасля зносу пустуючых дамоў у Малым Гарадзішчы і Гукове. Аднак ёсць факты невыкарыстання па назначэнні або ўвогуле невыкарыстання сельскагаспадарчых зямель. Напрыклад, пасля маніторынгу высветлілася, што 67 гектараў ТАА «Ляхавіцкая вербачка» выкарыстоўвае не па мэтавым прызначэнні.
Актуальным застаецца пытанне рэкультывацыі ўнутрыгаспадарчага кар’ера СУП «Белазем’е».
Паказваюць прыклад дбайных гаспадароў у ФГ «Фартуна» – гаспадарка абкасіла свае пасевы і прылягаючыя да іх абочыны дарог.
Заўвагі гучалі ад райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Сярод тыповага – размяшчэнне адходаў за прыватнымі падворкамі, непрыбраныя рэшткі пасля зносу будынкаў, размяшчэнне арганікі па-за межамі бетанаванай пляцоўкі, ёсць пытанні да правілаў эксплуатацыі сельскіх ачышчальных збудаванняў і іншае. Сем адміністрацыйных спраў у адносінах да юрыдычных і фізічных асоб ужо аформлены, іншым варта прыслухацца да папярэджання, наступствы – адміністрацыйныя і не толькі.
На неналежны стан тэрыторыі каля былога сельскага Дома культуры ў Альхоўцах звярнуў увагу старшыня дэпутацкага корпуса раёна Юрый Чаранкевіч. Ён адзначыў, што такія пытанні варта вырашаць з гаспадаром – мер уздзеяння досыць!
Свой чысты маніторынг праводзіць райЦГіЭ. Сярод агучаных праблем навядзенне парадку на тэрыторыі жылых забудоў ў Задвор’і, Альхоўцах, Малым Гарадзішчы, Вялікім Гарадзішчы. Частка кватэр – без жыльцоў, таму з цягам часу састарэлі, пачалі разбурацца. Ды і час прайсціся там газонакасілкай! Пытанні да камунгаса.
Маргарыта КУХТА-МАСЛОЎСКАЯ.