Пажарам тут не месца. Што на кантролі падчас касавіцы
Першая касавіца, а з ёй і нарыхтоўка кармоў – ужо гісторыя. На кантролі розных службаў – не толькі якасць кармоў, тэмпы нарыхтовак, але і пытанні аховы працы, пажарнай бяспекі.
У нашым раёне ў перыяд з 2019 па 2023 год зарэгістраваны чатыры пажары падчас нарыхтоўкі кармоў і жніва: двойчы ў ААТ «Жарабковічы», а таксама ў ААТ «Нача» і ААТ «Шлях новы». У выніку пажараў пашкоджаны аўтамабіль, знішчана салома. Матэрыяльныя страты склалі больш за 28 тысяч рублёў.
– Як паказвае практыка, асноўнымі прычынамі пажараў падчас кормаўборачнай кампаніі з’яўляюцца парушэнні правілаў пажарнай бяспекі, невыкананне патрабаванняў вытворча-тэхналагічнай дысцыпліны работнікамі, недастатковы кантроль з боку кіраўнікоў падраздзяленняў і сельгаспрадпрыемстваў за дзейнасцю сваіх падначаленых, – адзначае начальнік РАНС Юрый Буйкевіч.
Каб пажары не паўтараліся, праводзіцца значная прафілактычная работа. Так, сёлета ў маі арганізаваны рэйды, падчас якіх выяўлены шэраг парушэнняў пры нарыхтоўцы кармоў, у месцах іх захоўвання.
– У СУП «Ліпнянка» няспраўныя сродкі пажаратушэння, не ўкамплектаваны першаснымі сродкамі пажаратушэння сховішчы для захоўвання грубых кармоў у Востраве і Ліпску. Дарэчы, тут жа не абмежаваны свабодны доступ у сховішчы. Аналагічныя праблемы і ў «Шляху новым» на сховішчах у Навасёлках і Галавачах, у «Жарабковічах» – ва Улазавічах, «Начы» – у Зубелевічах. Яшчэ адным парушэннем для ўсіх гаспадарак з’яўляецца адсутнасць іскрагасільнікаў на тэхніцы, задзейнічанай на нарыхтоўцы кармоў, а таксама няпоўная ўкамплектаванасць сховішчаў першаснымі сродкамі пажаратушэння, – расказвае Юрый Буйкевіч.
Зразумела, што неабходны мэтанакіраваны ведамасны кантроль, правядзенне комплексу прафілактычных мерапрыемстваў па забеспячэнні пажарнай бяспекі аб’ектаў і сельгастэхнікі, задзейнічаных на нарыхтоўцы, перапрацоўцы і захоўванні грубых кармоў.
З гэтай мэтай зацверджана раённая праграма забеспячэння пажарнай бяспекі на правядзенні ўборачнай кампаніі 2024 года. У межах праграмы праводзяцца рэйды, маніторынгі з удзелам прадстаўнікоў РАНС, райсельгасхарчу, раённай ветэрынарнай станцыі. На парадку дня і камісійнае абследаванне зернесушыльных комплексаў на прадмет спраўнасці і ўкамплектаванасці сродкамі пажаратушэння, бяспекі тэхналагічнага працэсу сушкі. Актуальныя і раённыя вучэбныя зборы, семінары па пытаннях папярэджання пажараў на сельгастэхніцы. За інжынерна-тэхнічным персаналам сельгасарганізацый – штодзённы агляд тэхнікі, прычапнога абсталявання і машын на прадмет спраўнасці вузлоў і агрэгатаў, іх своечасовае тэхнічнае абслугоўванне. На парадку дня і пытанні аховы працы.
Галіна КАНЬКО