Пасвіць нельга трымаць у стойле. Дзе ў гэтым загалоўку павінен знаходзіцца знак прыпынку?

Дзе ў гэтым загалоўку павінен знаходзіцца знак прыпынку? Не варта спяшацца са сваім адказам, нягледзячы на яго, здавалася б, відавочнасць. Сёння нават глыбокія профільныя спецыялісты ўсё настойлівей і з аргументамі «на руках» гавораць пра маючую месца варыятыўнасць.

Яшчэ нейкі дзясятак-паўтара гадоў назад пытанняў не ўзнікала. Апошні месяц вясны, лета, цёплы час восені – гэта пашавы перыяд у жывёлагадоўлі. Амаль безальтэрнатыўна. Ён лічыўся і ўзгадваўся як сезон вялікага і больш таннага малака. Маўляў, з выхадам на свежую, зялёную пашу каровы нязменна прыбаўляюць ва ўдойнасці. Да таго ж, калі не вытворчым, то плюсам у плане здароўя жывёлы лічылася і працяглае знаходжанне на свежым паветры. Быў час, калі ў трэндзе, у тым ліку і ў Ляхавіцкім раёне, было так званае кругласутачнае пашавае ўтрыманне жывёльных статкаў. А за дні-тыдні-месяцы, якія жывёла праводзіць не ў сценах фермы, у памяшканнях і на дваровай тэрыторыі апошняй ёсць магчымасць правесці патрэбныя рамонтыя работы, дэзынфекцыю і іншае неабходнае для будучай камфортнай зімоўкі…
З прыходам у галіну новых сучасных жывёлагадоўчых комплексаў, дзе многа і святла, і паветра, і прасторы, са з’яўленнем магутнай высокапрадукцыйнай тэхнікі, здольнай за сезон нарыхтаваць аб’ём травяністага корму ў колькасці, большай за патрэбнасць для круглагадовага стойлавага ўтрымання, названыя плюсы летне-пашавага ўтрымання як мінімум нівеліруюцца. На «паверхню» выходзяць ужо іншыя выгады і аргументы за нязменна стойлавае ўтрыманне. Напрыклад, факт аднатыпнасці на працягу года рацыёну жывёлы станоўча адбіваецца на паказчыку яе прадукцыйнасці. Знікаюць цяжкасці і мінусы «пераходнага» перыяду, а ў выпадку аддаленасці размяшчэння пашавых угоддзяў каровы «не губляюць» малако на шляху «ферма – паша – ферма». І некаторыя іншыя моманты вытворчага быцця.


А ісціна, як гэта нярэдка і бывае, знаходзіцца дзесьці пасярод: многія прытрымліваюцца меркавання, што прымальнай лічыцца схема, калі жывёла на працягу дня ўсё ж пакідае памяшканне фермы. На некалькі гадзін змяняе яго на знаходжанне на пашы. Прычым, што дастаткова важна, апошняя павінна знаходзіцца на кароткім шляху ад памяшкання фермы. І толькі ў нязначнай ступені з мэтай папаўнення штодзённага рацыёну. Больш – дзеля так званага мацыёну.
Як растлумачыў галоўны заатэхнік СВК «Ляхавіцкі» Уладзімір Ксёнжык, у адносінах да жывёлы тэрмін можна і трэба трактаваць як выгул на свежым паветры. Працэдура з’яўляецца карыснай у многіх праяўленнях: паляпшае абмен рэчываў у жывёлы, загартоўвае яе арганізм у плане супраціўлення розным захворванням, паска-
рае фізіялагічна-біялагічныя працэсы, а калі размова заходзіць пра маладняк – садзейнічае яго росту і больш актыўнаму развіццю. Асабліва важнае значэнне мацыён адыгрывае для высокапрадукцыйнай жывёлы.
Усю жывёлу «Ляхавіцкага» можна лічыць высокапрадукцыйнай. Паколькі, напрыклад, на першыя чатыры месяцы сёлетняга года ад кожнай каровы гаспадаркі атрымана ў сярэднім каля трох тысяч кілаграмаў малака. І гэтым часам значная колькасць як кароў, так рамонтных цялушак гаспадаркі штодзённа выганяецца на пашу на дзве-чатыры гадзіны. Пашы знаходзяцца на адлегласці не больш за 500 метраў ад жывёлагадоўчых памяшканняў.
За гэты невялікі адрэзак часу работнікі фермы паспяваюць прыбрацца ў часова пустых памяшканнях, правесці, калі ў тым ёсць неабходнасць, дробныя рамонтныя работы ці выканаць нешта іншае.
Па такой схеме ў «Ляхавіцкім» практыкуецца ўтрыманне шасці жывёльных статкаў агульнай колькасцю прыкладна ў тысячу галоў: кароў з МТФ «Рачканы» і МТК «Русінавічы», рамонтных цялушак з фермы «Мыслабаж».
А, напрыклад, жывёла з МТК «Русінавічы новы» свае прасторныя стойлы на пашу не мяняе. У якасці свежага кампанента ў рацыёне ёй прапануецца прыгатаваная ўжо зялёная маса.

Іван КАВАЛЕНКА.