Дзе прафсаюз – там гарантыя. У Ляхавіцкім раёне ўзнагародзілі лепшых на ўборцы траў

У тым ліку і гарантыя таго, што твой прафесіяналізм, стваральная праца на карысць грамадства не застануцца незаўважанымі. Будуць адзначаны і каштоўным падарункам, і добрым словам.

БОЛЬШ ФОТА ТУТ

Яны, канешне ж, у гэтым не арыгіналы. Але ў даным выпадку размова пра Беларускі прафсаюз работнікаў аграпрамысловага комплексу, чые добрыя справы адрозніваюцца ўсесезоннасцю. Як толькі халады і зімова-стойлавы перыяд у жывёлагадоўлі – у дзеянне ўступае аграпрафсаюзная акцыя «Наш жывёлавод». Падчас пасяўных кампаній мэтавая ўвага – сейбітам гаспадарак. І так далей на працягу, лічы, усяго цыкла сельгасвытворчасці.
Зараз на першым месцы ў спісе актуальнасці вясковых працаўнікоў знаходзіцца корманарыхтоўка, на выніках якой у вялікай ступені базіруецца ўся гадавая эканоміка сельгаспрадпрыемстваў. Зрабіць кампанію паспяховай могуць толькі людзі на сваім
 есцы: камбайнеры траваўборачных машын, аўтамабілісты і механізатары-адвозчыкі сянажнай масы, работнікі на закладцы кармавых траншэй і іншыя.
Пра першы этап корманарыхтоўкі ў раёне можна ўжо гаварыць у мінулым часе. І, што ўдвая больш прыемна, – як пра дастаткова паспяховы з пазіцыі аб’ёму нарыхтаванага корму, які выгадна, прыкладна на 30 працэнтаў у сярэднім па раёне, адрозніваецца ад сябе мінулагодняга. А ў некаторых гаспадарках першакасавічныя корманарыхтоўкі-2024 атрымаліся ўдвая больш важкімі ў параўнанні з 2023 годам.
Сярод такіх, напрыклад, СУП «Белазем’е» і «Ліпнянка».
Па выніках першай касавіцы раённая арганізацыя Беларускага прафсаюза работнікаў АПК у сацыяльным партнёрстве з райсельгасхарчам і кіраўніцтвам гаспадарак вызначылі свой, так бы мовіць, зборны механізаваны корманарыхтоўчы атрад. І ў адзін з дзён накіраваліся на месцы, каб выказаць падзяку за руплівасць на зялёным палетку і, сярод іншага,падбадзёрыць матэрыяльна.
У «прафсаюзны мехатрад» трапілі працаўнікі з усіх сельгасарганізацый Ляхавіцкага раёна, прадстаўнікі большасці задзейнічаных у кампаніі па корманарыхтоўцы прафесій. Прызавы спіс утрымліваў 14 прозвішчаў. У тым ліку два прафесіяналы сваёй справы атрымалі Падзячныя пісьмы за подпісам старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Брэсцкага аблвыканкама Анатолія Шчуплянкова і старшыні абкама прафсаюза работнікаў АПК Аляксандра Саланевіча.
Механізатара ААТ «Шлях новы» Андрэя Сцяцко кіраўнік раённага аграпрафсаюза Ірына Чура і намеснік старшыні райсельгасхарчу Наталля Грынялевіч сустрэлі на машынным двары аднаго з вытворчых участкаў гаспадаркі. Той напалову дажджлівы дзень Андрэй праводзіў у рамонтных клопатах каля свайго «Ягуара».
Акрамя Андрэя, падзякі раённай арганізацыі галіновага прафсаюза і райсельгасхарчу атрымалі механізатары гаспадаркі Міхаіл Дзядовіч і Сяргей Марчук.
Яшчэ адным абласным лаўрэатам стаў механізатар ААТ «Жарабковічы» Сяргей Юруць. На сваім ці не 35-гадовым «Кіраўцы» ён ажыццяўляў трамбоўку сянажных траншэй. Работа адказная, патрабуе пільнай увагі, дакладнага валодання сакрэтамі кіравання цяжкай машынай. Прафсаюзнымі падзякамі раённага ўзроўню, каштоўнымі падарункамі і ўдзячнымі словамі былі таксама заахвочаны жарабковіцкія механізатары-корманарыхтоўшчыкі Іван Палуэктаў і Іван Сковыш.
Тры прызёры раённага значэння ў ААТ «Нача». Свой прызавы камплект за касавіцу Уладзімір Зіневіч атрымаў непасрэдна на зялёным палетку. Для гэтага яму давялося на кароткія хвіліны спыніць свае граблі-валкавальнік, спешыцца, выслухаць нямала «высокіх» слоў у свой адрас. Калег Аляксандра па прафесіі і месцы працы Аляксандра Юніка і Эдуарда Чалядку тое ж чакала на тэрыторыі машыннага двара акцыянернага таварыства.
Падзякі таксама ў працаўнікоў зялёнай нівы з СУП «Белазем’е» Леаніда Максімчыка і Дзмітрыя Гурыновіча, механізатараў СУП «Ліпнянка» Віктара Гачко, ЗАТ «Белпрампрыбор» Яўгенія Аўдзейчыка і СВК «Ляхавіцкі» Дзмітрыя Шкляніка.
– Паўдня касіў, паўдня працаваў на адвозцы сянажнай масы, – паведаміў свой касавічны расклад Дзмітрый Шклянік, якога мы заспелі на машынным двары сельгаскааператыва. У гэты момант ён рыхтаваў свой збожжаўборачны камбайн да хуткага ўжо выхаду на жніўнае поле.
А тым часам сельгасарганізацыі раёна прадаўжаюць касіць. Цяпер ужо атаву шматгадовых травяных палеткаў. Нярэдкія апошнім часам дажджы некалькі стрымліваюць ход і тэмпы другой касавіцы. Аднак пачатак пакладзены.
Зялёнаму жніву – зялёнае святло!

Іван КАВАЛЕНКА.