Шчасце ў Першым рэгіёне і, канешне, са знакам якасці! У абласным этапе рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага праекта БРСМ «Уладар сяла» Ляхавіччыну прадставіла сям’я Мацкевічаў з Жарабковічаў

На Брэстчыне рэспубліканскі сямейны сельскагаспадарчы праект БРСМ «Уладар сяла» чакаюць і імкнуцца стаць яго часткай. Маштабная падзея – яркае відовішча, дзе моцныя дружныя сем’і экзаменуюць сябе ў самых розных іспытах. І сёлетні сямейны фэст выключэннем не стаў. Галоўныя дзеянні разгарнуліся каля Ружанскага палаца, а галоўнымі дзеючымі асобамі сталі 14 сямейных каманд, зараджаных на перамогу.

Ляхавіччыну прадставіла каманда Мацкевічаў – землякі ўсю суботу назіралі, як спрытна яны праходзілі нялёгкія іспыты конкурсу. Знаёмцеся: Аляксандр і Бажэна гадуюць дачушак Анастасію і Ніну, а нядаўна прымалі віншаванні з нагоды нараджэння сына Сашкі. Такія яны, шматдзетна шчаслівыя Мацкевічы з Жарабковічаў.
Да фестывалю рыхтаваліся сур’ёзна! На конкурсе падвор’яў сябе прэзентавалі запамінальна. Стол багаты на прысмакі – тут табе і беларуская кухня з традыцыйнымі дранікамі, і маладзенькая бульба з сальцам, калі ласка, мяса па-французску і розныя засолачныя далікатэсы! А калі загучаў баян і пусціліся ў скокі, стала зразумела: нашыя людзі ведаюць, як здзівіць гасцей. А яшчэ ў сваёй формуле расказалі журы, з чаго будуецца іх шчасце: мір і згода, лад і пяшчота, любоў і ўзаемаразуменне, і ўсё гэта ў самым лепшым Першым рэгіёне і, канешне, са знакам якасці!
А далей, як гаворыцца, панеслася. Аляксандр і Бажэна ведаюць, як смачна прыгатаваць дранікі на калодзе, каб захаваць той самы беларускі смак, без праблем замяшаюць цеста на самы духмяны каравай. Для моцнай паловы – конкурс касцоў. Паддалася і Аляксандру Мацкевічу травяная паласа – з трымерам на «ты».
Людзі ж вясковыя! Пілавалі бярвенне, калолі дровы і роўненька складзіравалі. А завяршылі конкурс сямейнай эстафетай –
мамы забівалі цвікі, а таты спавівалі немаўлят… Амаль як у жыцці.
Канешне, балелі і падтрымлівалі сваіх калегі з ААТ «Жарабковічы», дзе Аляксандр працуе аграномам, Ірына да водпуску па доглядзе дзіцяці шчыравала брыгадзірам. З творчай падтрымкай дапамог Падлескі СДК. А мы, ляхавічане, усім сэрцам жадалі ўдачы!
Выступілі годна і, што вельмі важна, адпачылі ад душы, гавораць Мацкевічы. Няхай такія выпрабаванні толькі ўмацоўваюць сямейны лад! А перамога паехала ў Баранавіцкі раён.

Маргарыта КУХТА-МАСЛОЎСКАЯ