Наша раніца мірная! Сёння ў Беларусі Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа

Пройдуць дзясяткі гадоў, зменяцца пакаленні, а ў генетычным кодзе беларусаў – нашчадкаў вялікіх пераможцаў – застанецца памяць пра бессмяротны подзвіг.
Мы з болем у сэрцы пачынаем 22 чэрвеня… У гэты дзень Брэсцкая крэпасць адной з першых спазнала бесчалавечнасць фашыстаў, спазнала і не скарылася, і амаль месяц яе абаронцы ў поўным акружэнні, не маючы доступу да вады, без боепрыпасаў і медыкаментаў не давалі ворагу ажыццявіць бязлітасны план.


Брэсцкая крэпасць адна з першых спазнала бесчалавечнасць фашыстаў. А сёння гэта месца стала сімвалам няскоранасці, мужнасці, патрыятызму.

Брэсцкая крэпасць-герой ніколі не пустуе… Жалоба праз столькі мірных гадоў толькі мацнее. Ідуць сюды і ў будні, і ў выхадныя проста ў сэрцы і ад сэрца сказаць дзякуй, пакланіцца маўклівым плітам з імёнамі і без.
У месцы, дзе кожны квадратны метр – гэта гісторыя Перамогі і першага подзвігу, клятвенна абяцаеш, што гэты заваяваны мір – НАШ НАЗАЎСЁДЫ.
Расце беларуская свядомасць і ўпэўненасць у тым, што не атрымаецца расказаць нам іншую гісторыю, навязаць імёны антыгерояў, якіх у заходнім свеце апошнім часам сталі ўхваляць. Чаму не пройдзе з беларусамі такая маніпуляцыя? Кожная сям’я з жалобай успамінае пераможны май, таму, што тая вайна не шкадавала і не выбірала, каму пакінуць жыццё.
А сёння час выбраў нас. У свеце, дзе ідзе поўная пераразмежаванне сіл, ёсць астравок бяспекі, міру і стваральнага развіцця. Мы пачыналі свой незалежны шлях няпроста. Мы паступова выкоўвалі сваё імя на сусветнай карце. Прэзідэнт крок за крокам заваёўваў аўтарытэт, каб з Беларуссю лічыліся. І не чакалі падачак ад суседзяў, не слухалі псеўдадарадчыкаў, а самі выбіралі – на выбарах, на рэферэндумах, на УНС. Так, мы часам азіраліся на заходніх суседзяў, нават трохі зайздросцілі. А што цяпер?
І дылетанту зразумела – гэта на нас глядзяць, мараць жыць у краіне з незалежнай палітыкай, дзе чалавек і яго жыццё – у цэнтры дзяржаўнай увагі. Цяпер нашы паліцы стракацяць ад асартыменту, нашага асартыменту, цяпер мы чакаем турыстаў няхай не на заморскія адпачынкі, але ж на самыя экалагічныя і прывабныя, у нас ёсць магчымасць рабіць і зарабляць, выхоўваць дзяцей у міры, якога
так не хапае сёння ў свеце.
І ў гэту раніцу Ляхавіччына далучылася да памятных мерапрыемстваў. У 4 гадзіны раніцы на Кургане вечнай Славы нашчадкі пераможцаў пакляліся ніколі не паставіць пад сумненне каштоўнасць міру… Наша раніца шчаслівая!

Маргарыта Кухта-Маслоўская.
Фота аўтара.