Рэйд пад знакам якасці. У рэйдзе па добраўпарадкаванні прыняў удзел і карэспандэнт «ЛВ»
Усім нам хочацца жыць у чыстым добраўпарадкаваным горадзе.
Для таго, каб ён быў такім, вельмі многае робяць камунальнікі,
на замацаваных тэрыторыях – арганізацыі і прадпрыемствы. Далучаюцца і нераўнадушныя жыхары райцэнтра. Але, на жаль, парадак нельга назваць паўсюдным. Сустракаюцца і недапрацоўкі, і няякасныя работы, нямала і іншых хібаў. У чарговым сумесным рэйдзе па добраўпарадкаванні ўдзельнічалі прадстаўнікі аддзелаў архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ, землеўпарадкавання райвыканкама, а таксама «ЛВ».
Пешаходная дарожка па вуліцы Дружнай паміж дамамі № 31 і 33. Плітка правалілася і паспела зарасці пустазеллем (фота 1).
Начальнік аддзела архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ райвыканкама Марына Завадская расказала, што камунгасу даваліся даручэнні па выпраўленні сітуацыі, але справа так пакуль і не зрушылася з месца.
Яшчэ адзін аб’ект, які выглядае непрэзентабельна, бо зарастае травой, – пустуючы зямельны ўчастак па вуліцы Я. Чачота, 7.
Наступны адрас, з якога паступіла скарга, – двор дома № 24 па вуліцы Будаўнікоў. Мясцовыя жыльцы ўжо змірыліся з тым, што лаўка каля пад’езда не толькі зламаная, але і падгнівае, а скрыня для смецця паржавела, што хутка вываліцца дно. У камунгасе абяцалі паправіць сітуацыю, але словы пакуль так і не перайшлі ў справу. Людзей турбуе і якасць работ па скошванні травы. Чамусьці работнікі камунгаса выбралі тэхніку скошвання астраўкамі: дзе скасілі, а дзе месцамі пакінулі пустазелле расці далей, маўляў, тэхніка не даходзіць. А можа прыслухацца да парад жыльцоў і разам з тэхнікай адпраўляць работніка, які скосіць цяжкадаступныя месцы звычайным дзедаўскім спосабам – касой. Ёсць і плюс, убачаны ў гэтым двары: дзіцячая пляцоўка пафарбавана.
– Апошнім часам большасць арганізацый, на чыім балансе знахо-
дзяцца гарадскія тэрыторыі, прыкладае нямала намаганняў, каб было чыста і прыбрана. Са станоўчага боку зарэкамендавалі сябе райпо, раён газазабеспячэння, РАНС, установы адукацыі, нямала ў гэтым напрамку робіцца і камунгасам, – адзначае начальнік
аддзела землеўпарадкавання райвыканкама Наталля Крымская.
Відавочна, што ў парадку ў нашым агульным доме немалая заслуга Ляхавіцкай ЖКГ. І сёлета падарункаў роднаму райцэнтру ад камунгаса нямала: абноўкі на зоне адпачынку на Ведзьме, кветкавае аздабленне і іншае. І, напэўна, не лішнім было і доўгачаканае абнаўленне міні-рынку каля магазіна «Еўраопт»
на завулку Южакова. Людзі, якія прадаюць прадукцыю з уласных падвор’яў, даўно скардзіліся на неўладкаванасць: разламаны дах, атсутнічаюць падстаўкі для сумак, скрыні для смецця. Частку
просьбаў жылкамунгас задаволіў: літаральна на наступны дзень дах абнавілі (фота 2).
Па вуліцы Южакова ў адным будынку на правах долевой уласнасці знаходзяцца некалькі арганізацый: ТАА «Ажуруна», магазін «Усходні», пральня камунгаса.
– Кіраўніцтва гандлёвага дома «Уладзімір плюс» імкнецца падтрымліваць парадак. «Ажуруна» спачатку актыўна ўзялася за добраўпарадкаванне, потым справа заціхла. Што тычыцца пральні, то яўна неабходна падрамантаваць ці замяніць уваходныя дзверы, якія не ўпісваюцца ў пейзаж, – гаворыць Марына Завадская.
Хутка будзем адзначаць Дзень Незалежнасці і чарговы дзень нара-
джэння Ляхавічаў. Давайце зноў талакой навядзём парадак у горадзе, каб святкаваць было чыста і прыемна.
Галіна КАНЬКО.
Фота аўтара.