Лета, сонца, студатрад. На Ляхавіччыне студатрадаўскі рух – папулярная форма занятасці

18 чэрвеня ў Беларусі стартаваў трэці працоўны семестр. У гэтым сезоне ў студатрадах рознага профілю будуць працаваць каля 30 тысяч маладых людзей, сярод якіх і нашы землякі.

На Ляхавіччыне студатрадаўскі рух – папулярная форма занятасці, і райкам БРСМ загадзя прымаў заяўкі на работу ў атрадах. Пляцоўкі БРСМ прыцягвалі ўвагу навучэнцаў і падчас прафарыентацыйных кірмашоў.

У Ляхавічах працоўны семестр адкрыўся яшчэ ў красавіку. А з рэспублікаскім стартам пачалася дзейнасць сельскагаспадарчага атрада «Энергія» імя камандзіра ўзвода асобнай роты аўтаматчыкаў 37-й механізаванай брыгады лейтэнанта Пятра Кельсеевіча Южакова. 17 чэрвеня працоўны дэсант у складзе навучэнцаў СШ № 1 і гімназіі высадзіўся на палях падсобнай гаспадаркі Ляхавіцкага кансервавага завода. 23 студатрадаўцы да работы прыступаюць у 8 гадзін раніцы, а заканчваюць змену 14-гадовыя работнікі ў 13 га-
дзін, старэйшыя – у 16 гадзін. Гэтымі днямі шчыруюць на праполцы
шчаўя і кабачкоў. Справа нялёгкая, але студатрадаўцы стараюцца. Кіруе атрадам трэццякурснік аграрнага каледжа Павел Мацюшэнка, які ў студэнцкім руху не навічок – чацвёрты сезон праводзіць лета
за работай.


– Скажу з упэўненасцю, што працоўнае лета мне па душы. Студ-
атрад дае магчымасць не толькі зарабіць уласныя грошы, але і стаць дружнай камандай. І хаця праполка не адносіцца да сферы маёй будучай прафесійнай дзейнасці – вучуся на ветэрынара, усё роўна паспрабаваць свае сілы цікава. Новы вопыт, новы калектыў –
гэта заўсёды выклікае інтарэс, – дзеліцца Павел.
Дзесяцікласніцы Арына Ланкуць і Таццяна Кузняцова адзначаюць, што ідэя папрацаваць летам ім спадабалася, і сёння пра сваё рашэнне не шкадуюць:
– Канешне, працаваць у полі, калі пячэ сонца, няпроста – гэта не ў бабулі на агародзе. І рукі баляць, і спіна адчуваецца. Але кансервавы завод нас забяспечыў спецадзеннем, і ваду штодзень прывозяць. У перапынках адпачываем, разам гуляем. Камандная работа падабаецца. Паша стаў не толькі камандзірам, але і старэйшым сябрам, які падтрымлівае і дапамагае. Вельмі стымулюе і будучая зарплата, якую чакаем з нецярпеннем, – адзначаюць дзяўчынкі.
20 чэрвеня стартавала другая змена ў аздараўленчым лагеры «Чайка», а разам з ёй і дзейнасць студэнцкага педагагічнага атрада «Маладосць» імя камандзіра 66-й інжынерна-сапёрнай брыгады Пятра Васільевіча Хмырова. У ліпені актывісты БРСМ заступяць на працоўную вахту ў сельгасатрады ў ААТ «Шлях новы», «Нача», «Жарабковічы» і іншых прадпрыемствах, – дзеліцца планамі першы сакратар райкама БРСМ Анастасія Дземідовіч і падкрэслівае, што сярод навучэнцаў лічыцца прэстыжным трапіць у гаспадаркі на перыяд уборачнай кампаніі. І гэта не толькі цудоўная падпрацоўка, але і прафарыентацыя, і магчымасць зацікавіць моладзь вяртацца ў родны край пасля атрымання прафесіі.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.