Паспела свірэпіца на сельгаспалянах. Такая «паляна» на Ляхавіччыне адзіная

Такая «паляна» на Ляхавіччыне адзіная. Памерам у 10 гектараў, месцазнаходжаннем – ЗАТ «Белпрампрыбор».

Гэту крыжакветную сельскагаспадарчую культуру нярэдка называюць палявой капустай. Тым самым падкрэсліваюць яе блізкую роднаснасць з шырока вядомым відам агародніннай расліны. А асобныя часам і за культуру не лічаць: успрымаюць яе як палявое пустазелле.

Аднак азімая свірэпіца валодае цэлым спісам карыснасцяў, запатрабаваных у шэрагу гаспадарчых галін. Напрыклад, утрыманне алею ў насенні азімай свірэпіцы можа даходзіць аж да 50 пра-
цэнтаў. Таксама яе насенне досыць багата бялком і вугляводамі. Можа вырошчвацца і на корм для жывёлы – атрымання зялёнай масы, сенажу і сіласу, і з мэтай здабычы з насення тэхнічнага, а пры належнай глыбіні яго дапрацоўкі і харчовага алею. А адходы вытворчасці ў выгля-дзе макухі і шроту дастаюцца ўсё той жа жывёле.
Нягледзячы на ўсе свае плюсы, свірэпіца ў аграрыяў Ляхавіччыны асаблівай папулярнасцю не карыстаецца. А што тычыцца вырошчвання і ўборкі культуры на насенне, то мае месца толькі адзін факт.
У ЗАТ «Белпрампрыбор» усе 10 гектараў гэтай культуры вырашчана для ўборкі на насенне.
Да камбайнавання «палявой капусты» працаўнікі гаспадаркі прыступілі на гэтым тыдні. І, па стане на 19 чэрвеня, 80 працэнтаў 10-гектарнага поля ўжо значыліся ўбранымі. Агульны намалот склаў 14 тон алейнага насення свірэпіцы, што адпавядае 17,5 цэнтнера ўраджайнасці на кожным сярэднім гектары.
Ніякіх складанасцяў, як і асаблівых адметнасцяў ва ўборцы свірэпіцы не існуе. Як і павялося, у якасці рабочага сродку выкарыстоўваецца звычайны збожжаўборачны камбайн, адрэгуляваны пад мэты ўборкі дробнанасенных культур.
Камбайнаванне ЗАТ «Белпрампрыбор» свайго дзясятка гектараў азімай свірэпіцы нельга назваць пачаткам жніва ў Ляхавіцкім раёне. Аднак чаму б не прыняць, не лічыць гэты пакуль яшчэ адзінкавы падобны факт за рэпетыцыю пачатку блізкіх збожжаўборачных работ?
Найбольш верагодна, што першым пад камбайнавую жняярку трапіць азімы ячмень, плошчы якога ў агульным памеры больш за паўтары тысячы гектараў ёсць ва ўсіх ляхавіцкіх сельгаспрадпрыемствах. А там і да азімага рапсу рукою падаць.

Іван КАВАЛЕНКА.