Тыдзень для маладых. У Ляхавічах працавала дыскусійная пляцоўка «Маладзёжны сход»

На Брэстчыне з 21 па 30 чэрвеня праходзіць Марафон моладзі
і студэнцтва. У першы дзень – Дзень медыя – у Ляхавічах працавала дыскусійная пляцоўка «Маладзёжны сход». Сярод спікераў і ўдзельнікаў сустрэчы – актывісты БРСМ з розных пярвічак. Былі прадстаўнікі з райбальніцы, камунгаса, СВК «Ляхавіцкі», ААТ «Шлях новы», СААТ «Ляхавіцкі малочны завод», лясгаса.

Праекты БРСМ дазваляюць нашай моладзі раскрыць сябе і ў розных патрыятычных акцыях, і дабрачынных справах, сёння творчая пляцоўка адкрыта для кожнага. Важкі вектар работы маладзёжнай арганізацыі – працаўладкаванне моладзі на сезонныя работы. Працоўны семестр на Ляхавіччыне падтрымліваюць многія прадпрыемствы, за што асаблівы дзякуй ад моладзі. Гэта магчымасць быць нараўне з тымі, хто мае ўнушальны вопыт, гэта крок да самастойнасці.


Удзельнікі мінулагодняга маладзёжнага форуму «Прыбужжа» падзяліліся ўражаннямі ад трохдзённай сустрэчы. Чым заахвоцілі на ўдзел у сёлетнім зборы. Сапраўды хочацца, каб каманда Ляхавіччыны ўключала прадстаўнікоў розных прадпрыемстваў і арганізацый.
Традыцыйная творчая пляцоўка каля кінатэатра ў гэтым сезоне ўжо дэбютавала. Шыкоўная канцэртная праграма ад дзіцячай школы мастацтваў прымушала спыніцца і акунуцца ў свет музыкі.
Аднак моладзь прапанавала райкаму БРСМ яшчэ папрацаваць над фарматам, каб вярнуць фэсту былую папулярнасць. Па-першае, былі заўвагі наконт часу – варта зрушыць мерапрыемства на больш позні час. Многія, хто планаваў трапіць на выступленне, проста не паспелі вярнуцца з працы, асабліва тыя, хто едзе ў райцэнтр з сельскай мясцовасці. Па-другое, не хапае месцаў, каб прысесці. Усё ж камфорт вырашае. А яшчэ каманды выказалі жаданне паспаборнічаць у фэсце падчас святкавання Дня горада.
Ёсць у моладзі прапановы наконт развіцця гарадской інфраструктуры. Сёння маладыя людзі, якія стварылі тут свае сем’і, жадаюць лепшага для сваіх дзетак. Прыемна, што зона адпачынку на рацэ Ведзьме за апошні час значна пераўтварылася. І парк адпачынку на вуліцы Дзесюкевіча пачаў абнаўляцца. Магчыма, туды варта прыцягнуць моладзь рознымі спаборніцтвамі, конкурсамі, фэстамі…
Гучала прапанова стварыць сваю гарадскую скейт-пляцоўку, а хтосьці жадае бачыць у горадзе
зону для пляжнага валейбола. А яшчэ была прапанова арганізаваць прагляды кіно пад адкрытым небам. Магчыма, месца каля фантана магло б стаць імправізаваным кінатэатрам.
У рамках маладзёжнага сходу прадстаўнікі гарадскога Дома культуры Луіза Яльцова і Арцём Бадак запрасілі моладзь на мерапрыемствы ў рамках святкавання Дня Незалежнасці і Дня горада. Расказалі, што можа прапанаваць ГДК для маладзёжнага адпачынку.
Пагаварылі і пра інфар-мацыйную бяспеку. Сёння сумарная колькасць падпісчыкаў на розныя інтэрнэт-рэсурсы «Ляхавіцкага весніка» перавысіла 25-тысячную адзнаку. Роднаму «весніку» землякі давяраюць і вырашэнне шматлікіх бытавых момантаў, проста дзеляцца навінамі. Таму свае прапановы наконт развіцця нашай Ляхавіччыны можна накіраваць і ў «ЛВ», напрыклад, у чат-бот рэдакцыі.
Райкаму БРСМ ёсць што прапанаваць моладзі. Прынялі ўсе заўвагі і прапановы. Хочацца, каб нашы мерапрыемствы збіралі і аб’ядноўвалі і навучэнцкую моладзь, і тых, хто працуе.

Анастасія ДЗЕМІДОВІЧ, першы сакратар райкама БРСМ.