Агледзіны для камбайна. У гаспадарках Ляхавіцкага раёна завяршыўся дзяржаўны тэхнічны агляд збожжаўборачных машын
Ранняя ў гэтым годзе вясна «падцягнула» і тэрміны правядзення палявых работ. У тым ліку і жніво, якое, нягледзячы на пачатак дваццатых дзён чэрвеня, усё больш актывізуецца на прасторах Брэсцкай вобласці.
Прагноз на неабходнасць больш ранняга выхаду на жніўныя палеткі збожжаўборачных камбайнаў запа-трабаваў і падкарэкціраваў пад сітуацыю кампанію па маніторынгу іх тэхніка-эксплуатацыйнай гатоўнасці. У папярэдніх планах значылася, што дзяржаўны тэхнічны агляд збожжаўборачных машын у гаспадарках Ляхавіцкага раёна пачнецца на старце трэцяй дэкады чэрвеня. На справе да гэтай даты ён ужо завяршыўся.
Каб не спазніцца з вердыктам, ад правяраючых патрабавалася «якасная аператыўнасць» – хуткасць павінна быць не ва ўрон ашчаднасці.
А што ўсё іменна так і адбывалася, карэспандэнт «ЛВ» атрымаў магчымасць упэўніцца асабіста: у кампаніі з галоўным дзяржаўным інспектарам упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Ляхавіцкага райвыканкама Дзянісам Глобажам і інспектарам РАНС Аляксеем Клетаніцай выехаў на месца правядзення ТА у адной з лепшых сельгасарганізацый.
У гэтым сезоне на ляхавіцкі жніўны палетак мяркуецца выпусціць 51 збожжаўборачную машыну. Яны самага рознага тэрміну эксплуатацыі: ад больш як дзясятка сезонаў інтэнсіўнай палявой работы да камбайнаў, для якіх гэта ўборка стане дэбютнай. Усё большы аб’ём работы на збожжавых палетках раёна выконваюць машыны айчыннай вытворчасці.
– Дастаткова надзейныя, функцыянальныя, рамонтапрыгодныя, аснашчаныя, у тым ліку, і опцыямі для камфортнай работы камбайнера – апошнія распрацоўкі ААТ «Гомсельмаш» нічым не саступаюць сваім канкурэнтам, – упэўнены Дзяніс Глобаж.
Да таго, як ступіць на машынны двор СВК «Ляхавіцкі», інспектары паспелі наведаць ЗАТ «Белпрампрыбор», СУП «Ліпнянка» і «Белазем’е», ААТ «Шлях новы» і «Нача».
У выніку праведзенага комплексу аглядных мерапрыемстваў усе пяць начаўскіх збожжаўборачных камбайнаў былі прызнаны тэхнічна спраўнымі, належна ўкамплектаванымі і атрымалі допуск да работы. Чаго не скажаш пра камбайны «Белпрампрыбора», «Ліпнянкі», «Белазем’я» і «Шляху новага». У першых трох гаспадарках агляд на прыгоднасць не вытрымалі па адной машыне, у «Шляху новым» – тры з дзесяці наяўных. Пасля выпраўлення ўсіх указаных недахопаў іх чакае паўторны тэхагляд, нагадвае Дзяніс Глобаж.
Па яго ж словах, у большасці выпадкаў недахопы не носяць глыбінны характар: на некаторых машынах выяўлена некарэктная работа светлавой ці гукавой сігналізацыі, на асобных заўважаны павялічаны люфт механізмаў рулявога кіравання, ёсць іншыя прэтэнзіі.
Па лініі ж РАНС ніякіх заўваг ні да камбайнаў, ні да камбайнераў.
Кожны камбайн павінен быць аснашчаны двума васьмікілаграмовымі вогнетушыцелямі парашковага тыпу, быць укамплектаваным супрацьпажарным палотнішчам. У адносінах да механізатараў на ўборцы дзейнічае патрабаванне аб праходжанні так званага пажарна-тэхнічнага мінімуму.
Калі ж перанесціся ў поле, то
работу ўборачнай тэхнікі абавязана суправаджаць спецыяльная ці прыстасаваная для тушэння ўзгарання машына. Камбайны неабходна своечасова і ашчадна чысціць ад пажніўных рэшткаў, сачыць за спраўнасцю сістэмы сілкавання рухавіка і іншымі патэнцыяльна небяспечнымі момантамі.
А ў СВК «Ляхавіцкі» ўсё атрымалася, як найлепш. Восем камбайнаў сельгас-кааператыва працэдуру дзяржаўнага тэхнічнага агляду прайшлі без заўваг, пытанняў, нараканняў. Механізатары-ўдзельнікі жніва мелі на руках усе неабходныя даведкі, талоны і іншыя дакументы-допускі да няпростай работы на складанай тэхніцы.
Быў ужо пачатак шостай гадзіны вечара. Аднак работа камісіі па дзяржаўным аглядзе камбайнаў Ляхавіччыны на гэтым не заканчвалася. Іх чакаў пелатон уборачных машын ААТ «Жарабковічы». Іх у вялікай гаспадарцы аж 17 адзінак. Адпаведна, інспектараў чакала вялікая і важная работа. Яна была выканана позна, аднак добра. Як стала вядома, тром жарабковіцкім камбайнам давядзецца рыхтавацца да паўторнага ТА.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота аўтара.