Другое дыханне «Ляхавіцкага волата». Футбольная зборная нашага раёна «Ляхавіцкі волат», што дзейнічае пры ФСК, пачала паказваць лепшыя вынікі, чым летась
У разгары галоўная еўрапейская футбольная падзея чатырохгоддзя – у Германіі праходзіць чэмпіянат Еўропы. Паралельна ў аднаго з самых папулярных гульнявых відаў спорту – футбола – на Ляхавіччыне адкрываецца другое дыханне. Футбольная зборная нашага раёна «Ляхавіцкі волат», што дзейнічае пры ФСК, пачала паказваць лепшыя вынікі, чым летась. Падзеі апошняга месяца таму пацвярджэнне. У чым прычына станоўчых футбольных пераўтварэнняў? Многія сцвярджаюць, што справа ў новым трэнеры каманды. Пэўны час назад на чале «Волата» стаў Аляксандр Каверка.
– Яшчэ нядаўна я быў суддзёй футбольных матчаў першай і другой ліг. Даводзілася судзіць і матчы з удзелам «Ляхавіцкага волата». Аднойчы злавіў сябе на думцы, чаму б не пабыць трэнерам каманды, у якой нямала перспектыў. Узначаліў ляхавіцкую каманду год назад. Задаволены, што сітуацыя з гульнёй пачала мяняцца ў лепшы бок. Зразумела, што адразу перамагаць ва ўсіх гульнях немагчыма, але мы мэтанакіравана рушым наперад. Рабяты – малайцы, выконваюць пастаўленыя задачы, прытрымліваюцца прапанаванай тактыкі і схемы гульні. Мы – каманда, – расказвае Аляксандр Каверка, які не толькі трэнер, але і ігрок, а таксама капітан «Ляхавіцкага волата». Тое, што нашы футбалісты рухаюцца ў правільным напрамку, сведчаць факты: летась у 18 матчах яны забілі 11 галоў, а сёлета ў 6 – ужо 12. І гэта пры тым, што склад каманды застаўся амаль мінулагоднім. У камандзе ў асноўным ляхавічане (ёсць некалькі жыхароў Піншчыны, з горада над Пінай і трэнер), сярэдні ўзрост 20 гадоў – каманда маладая.
15 чэрвеня. 18 гадзін. Ляхавічы. Стадыён «Колас». Невялікая калона на чале з судзейскай брыгадай, за ёй – хлопчыкі і дзяўчынкі ў спартыўнай форме з паветранымі шарамі ў чырвона-зялёных колерах Дзяржаўнага флага, якія суправаджаюць каманды футбалістаў – гаспадароў і гасцей з Ганцавічаў. На трыбунах – больш за 250 балельшчыкаў, у тым ліку і дэсант аматараў футбола з Ганцавічаў. Прычым «узброены» яны не толькі эмоцыямі, словамі падтрымкі і падбадзёрвання, але і барабанамі, вувузеламі і іншымі традыцыйнымі інструментамі балельшчыкаў. Выконваецца гімн Беларусі, гучыць судзейскі свісток. Пачынаецца матч пятага тура другой лігі Брэсцкага дывізіёна чэмпіянату Беларусі. Дарэчы, гэта таксама чэмпіянат Брэсцкай вобласці па футболе сярод аматарскіх каманд, прысвечаны 85-годдзю Брэсцкай вобласці. Напал эмоцый, барацьба на роўных на полі і актыўнейшая падтрымка балельшчыкаў, сярод якіх і дарослыя, і дзеці, некаторыя прыйшлі сем’ямі, – атмасфера матча. Гульня завяршылася нічыёй – 3:3.
Футбольныя спецыялісты, балельшчыкі адзначалі добрую гульню, паказаную ляхавічанамі. Як ніколі, наша футбольная дружына была блізкая да перамогі, не хапіла, магчыма, крышачку ўдачы. Згодны з такім меркаваннем і самі ігракі.
– Эмоцыі перапаўняюць. Рады, што выдатна згулялі супраць аднаго з лідараў нашай зоны. Не ўдалося рэалізаваць некаторыя моманты, але стараліся выконваць устаноўкі трэнера. Фантастычная сёння падтрымка ад фанатаў каманды. Сапраўды, балельшчыкі – наш 12-ы ігрок каманды. А дамашнія сцены надаюць упэўненасці, таму стараліся парадаваць балельшчыкаў. Яшчэ адзначу высокі ўзровень арганізацыі матча, – падзяліўся ўражаннямі варатар «Ляхавіцкага волата» 19-гадовы Мікіта Сіняўскі, дарэчы, колішні выхаванец Ляхавіцкай ДЮСШ.
– Я балельшчык «Ляхавіцкага волата» са стажам. Канешне, у прараўнанні з мінулым годам, наша каманда значна паправіла гульню, і зараз куды больш прыўзняты настрой перад кожным матчам. Стараемся біць як мага гучней у барабан, каб падтрымліваць нашу каманду, – гаворыць ляхавічанін Дзяніс Буханаў. Дарэчы, пра балельшчыкаў. Нават і не думалася, што ляхавічане не толькі ўважліва сочаць за футбольнымі баталіямі ў другім дывізіёне, а і прыходзяць на «Колас» непасрэдна на матчы. Гэта і дарослыя, і дзеці, і прадстаўнікі розных прафесій, узростаў.
І яшчэ наша каманда прымае гасцей на выдатным полі, і для балельшчыкаў створаны добрыя ўмовы. А гэта многае значыць для папулярызацыі спорту.
У суботу 22 чэрвеня «Ляхавіцкі волат» на сваім полі прымаў аднаго з лідараў тура – каманду горада Іванава, якая зараз з
9 ачкамі займала трэці радок у турнірнай табліцы чэмпіянату. А каманда землякоў, якая «зарабіла» падчас пяці гульняў 4 ачкі, была пакуль на пятым месцы. На рахунку «Ляхавіцкага волата» адна перамога, адна нічыя і тры паражэнні, 12 мячоў забіта ў вароты сапернікаў, 26 – прапушчана. Гэта вынікі пасля пятага тура, калі прой-дзена палова дыстанцыі ў чэмпіянаце – 2024.
Калі ж зазірнуць у статыстыку асабістых сустрэч паміж футбольнымі зборнымі Ляхавічаў і Іванава, то перад шостым турам наша каманда прайгравала 3:0. Ці ўдасца ўзяць рэванш? Гэта пытанне было на слыху і ў трэнерскага штаба, і ў ігракоў, і ў балельшчыкаў перад матчам мінулай суботы. Гульня атрымалася захап-ляльнай. Пахмурнае надвор’е балельшчыкаў не палохала, і трыбуны паступова запаўняліся. Прыходзілі і кампаніямі, сем’ямі. Матчу папярэднічала невялікая трэніроўка-размінка, потым гімн, свісток арбітра – і вось мяч у гульні. «Ляхавіцкі волат» кінуўся ў атаку, балельшчыкі гучна падтрымлівалі. Але сапернікі ўсё ж аказаліся мацнейшымі: 2:0 не на нашу карысць. Будзем спадзявацца, што асноўныя перамогі наперадзе.
Дарэчы, каб зацікавіць футбольнымі баталіямі, каб павялічвалася колькасць балельшчыкаў «Ляхавіцкага волата», створаны старонкі ў сацыяльных сетках, напрыклад, у інстаграме
«@football_lyahovichy», дзе размяшчаюцца анонсы гульняў, фотасправаздачы з матчаў, інтэрв’ю з ігракамі, балельшчыкамі, трэнерамі. Вядзе старонку аматар футбола ляхавічанін Міхаіл Бецька. Так што сачыце за чэмпіянатам на старонках інтэрнэту. А «Ляхавіцкаму волату» пажадаем спартыўных перамог і новых дасягненняў.
Балеем за нашых! Сачыце за афішай чэмпіянату.
Галіна КАНЬКО.
Фота аўтара і Міхаіла БЕЦЬКІ.