Бясспрэчная праўда подзвігу
Мінулы аўторак на Ляхавіччыне адзначыўся выязным пасяджэннем чацвёртай сесіі Ляхавіцкага раённага Савета дэпутатаў. На парадку дня – пытанне аб увекавечанні памяці загінулых пры абароне Айчыны і захаванне гістарычнай памяці ў рамках правядзення мерапрыемстваў па святкаванні 80-й гадавіны вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Ляхавіччына на сабе спазнала жорсткасць фашысцкіх здзекаў і сёння кожнай кропкай раёна смуткуе пра загінулых герояў і ахвяр, а кожная сям’я свята шануе гісторыю сваіх гераічных продкаў. Памяць у кожным з нас, памяць у маўклівых помніках, у кветках каля іх узножжаў, у піянерскай вахце і ў хвіліне маўчання…
На тэрыторыі Ляхавіцкага раёна знаходзіцца 50 воінскіх пахаванняў, з іх 39 перыяду Вялі-кай Айчыннай вайны,
9 пахаванняў перыяду Першай сусветнай вайны, 2 магілы воінаў-інтэрнацыяналістаў. У Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь уключаны 3 брацкія магілы. Бессмяротны подзвіг савецкага народа – тэма шматлікіх патрыятычных мерапрыемстваў, акцый, аўтапрабегаў, дыскусійных пляцовак.
– Галоўная задача – зберагчы сапраўдную гісторыю, не даць яе перапісаць, не здрадзіць подзвігу. Сёння ў райцэнтры ўстаноўлены тэматычныя стэнды з QR-кодамі і тлумачальнай інфармацыяй у гонар герояў, якія вызвалялі Беларусь, у тым ліку і Ляхавіцкі раён, ад фашысцкай акупацыі. У назвах вуліц горада ўвекавечаны імёны вызваліцеляў: Героя Савецкага Саюза Кірыла Арлоўскага, Пятра Южакова, Аляксандра Астапава, Сцяпана Дзесюкевіча, Адама Ерашава, – адзначыла начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Вольга Бурак.
Як адзначыла начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Марыя Саракавік, нашы дзеці сваю гісторыю ведаюць! Нават таму, што імкнуцца максімальна ўдзельнічаць у патрыятычных мерапрыемствах. Сярод апошняга – наведалі перасоўны музей «Поезд Перамогі», навучэнцы школ раёна пакінулі музей на колах з адчуваннем вялікага гонару за савецкі народ.
– Сёння дзве школы раёна носяць імёны герояў вайны: Навасёлкаўская – Г. Ф. Нагорнага, Крывошынская – Г. С. Здановіча. Спадзяёмся, што зусім хутка Ліпская СШ атрымае гонар звацца імем
А. І. Малевіча, – расказала Марыя Саракавік.
Як адзначыла загадчык сектара культуры райвыканкама Ніна Прыхач, у мерапрыемствах, прысвечаных Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь будуць прымаць удзел ваеннаслужачыя Заходняга аператыўнага камандавання, якія з’яўляюцца пераемнікамі вайсковых часцей, што вызвалялі Ляхавіччыну ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Выязная сесія прадоўжылася па патрыятычным маршруце. Кіраўніцтва раёна і дэпутацкі корпус усклалі кветкі каля помнікаў, што берагуць памяць пра герояў. Кветкі і хвіліна маўчання – гэта самае малое, што мы сёння можам зрабіць. Плошча Перамогі ў райцэнтры, Задвор’е, Завінне… Тая самая крывавая Завінская горка – месца, дзе ў першыя дні вайны ішлі жорсткія баі за Ляхавіччыну.
Дэпутаты наведалі і месца ў Марынове, дзе ў хуткім часе з’явіцца памятны знак спаленым вёскам Ляхавіцкага раёна.
– Выраблена праектна-каштарысная дакументацыя. Ініцыятыва па стварэнні памятнага знака стала пераможцам конкурсу праектаў грамадзянскіх ініцыятыў на тэрыторыі Брэсцкай вобласці. Па ўмовах конкурсу пераможцы атрымліваюць фінансаванне на рэалізацыю праекта.Так, агульны аб’ём фінансавання праекта па стварэнні памятнага знака спаленым вёскам Ляхавіцкага раёна разлічаны на 106 тысяч рублёў. 80 650 рублёў будзе прафінансавана з бюджэту асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў, — падкрэсліў старшыня райсавета дэпутатаў Юрый Чаранкевіч.
Завяршыла сесію экскурсія ў музей баявой і працоўнай славы ў СШ № 2. Побач з вопытнымі калегамі – і члены Маладзёжнага парламента.
Дарэчы, дэпутаты райсавета ў гэты дзень сталі ўдзельнікамі дабрачыннай акцыі. Сярод тых, па чыіх адрасах адправіцца раёнка, падпіску на якую аформілі народныя абраннікі, – землякі, якія пацярпелі ад наступстваў вайны, дамы сямейнага тыпу, Ганчароўскі дом сумеснага пражывання і іншыя сацыяльныя аб’екты.
Маргарыта КУХТА-МАСЛОЎСКАЯ.
Фота аўтара.