Формула высокага бала. Ляхавіцкая гімназістка здала ЦТ на сто балаў

Каб здаць на вышэйшы бал, прадмет трэба перш за ўсё любіць, лічыць гімназістка Таццяна Дударава, якая на цэнтралізаваным тэсціраванні па грамадазнаўстве атрымала сто балаў. І вынік гэты ніяк нельга лічыць выпадковым.

У гімназіі Таня прымала актыўны ўдзел у алімпіядным руху. У дзявятым і дзясятым класах была ўладальніцай дыпломаў
III ступені на абласным этапе алімпіяды па праве. Вынікова выступала ў раённых алімпіядах па англійскай і рускай мовах, паказвала веды і ў алімпіядзе школьнікаў Саюзнай дзяржавы «Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная супольнасць».
Таццяна па схільнасцях і здольнасцях – хутчэй гуманітарый, але і іншыя прадметы ў яе на высокім узроўні. Адзначае, што вучыцца ёй не цяжка: прачытала раз – і інфармацыя ўжо адклалася ў памяці. Сярод любімых урокаў – англійская, руская мовы і грамадазнаўства.
Камандай падтрымкі ў Таццяны перад экзаменамі была ўся сям’я – дапамагалі словам, справай і парадамі. Бацька напярэдадні ЦТ разам з дачкой паўтараў літаральна ўсе тэмы па грамадазнаўстве.
Пра высокі вынік на цэнтралізаваным экзамене Таццяна даведалася з сайта РІКЗ. І хоць спадзявалася і верыла ў высокі бал, але ж пераправярала сваю адзнаку некалькі разоў і пералічвала балы ў заданнях.
Базу ведаў, адзначае стабальніца, заклала настаўнік гісторыі і грамадазнаўства гімназіі Святлана Бурак, калі рыхтавала яе да алімпіяд. У адзінаццатым класе грамадазнаўства выкладала Алена Карчэўская. Так што пры камплекце ведаў і здольнасцях праца з рэпетытарам заняла крыху больш за год.


Па словах Таццяны Дударавай, пры падрыхтоўцы да экзамену па грамадазнаўстве другасных момантаў не бывае – усё важна.
Увесь патрэбны аб’ём ведаў для паспяховай здачы ЦТ змяшчаюць вучэбная праграма і школьныя падручнікі. Канешне, перагледзела і заданні на ЦТ мінулых гадоў. Стабальніца адзначае, што грамадазнаўства з яго ведамі па праве, дзяржаўным уладкаванні, тлумачэннем палітычных працэсаў ёй не проста цікава – прадмет яна па-сапраўднаму любіць і лічыць, што ведаць свае правы і абавязкі карысна.
Аддушыну ад заняткаў наша зямлячка, пакуль не ўключылася ў экзаменацыйны сезон, знаходзіла ў творчасці. Ёй, мастаку-самавучцы, падабаецца маляваць алоўкам партрэты людзей. І, па водгуках родных, у яе гэта атрымліваецца. Прафесійнае жыццё Таццяна Дударава марыць звязаць з юрыдычнай сферай і стаць аўтарытэтным спецыялістам. Пры яе мэтанакіраванасці і адказным стаўленні да справы ўсё павінна атрымацца!
«ЛВ» ужо расказваў пра выпускнікоў, якія сёлета атрымалі самыя высокія балы на ЦЭ. Па ўдакладненай інфармацыі аддзела па адукацыі райвыканкама, акрамя тых, чые прозвішчы прагучалі ўжо, у рэйтынгу самых высокіх – зноў балы выпускнікоў СШ № 1: 97 балаў па грамадазнаўстве атрымала Паліна Калясінская, 96 балаў па сусветнай гісторыі – у Віктара Сцепачова (настаўнік Сафія Шыбкоўская).
Ганна Абражэвіч на ЦЭ па беларускай мове паказала веды на 96 балаў (настаўнік Наталля Сідор), а па біялогіі – на 92 балы (настаўнік Лілія Маслоўская). На ЦЭ па матэматыцы ў Паўла Сяргея 96 балаў (настаўнік Алена Высоцкая).
ЦЭ па рускай мове прынесла Таццяне Беляновіч 92 балы, Таццяне Кучук і Ганне Буйкевіч па 90 балаў (настаўнік Інэса Маневіч). ЦЭ па гісторыі Беларусі на 92 балы здала Лізавета Пятроўская (настаўнік
Сафія Шыбкоўская).
У выпускніцы СШ № 2 Міланы Ярошка – 90 балаў па біялогіі (настаўнік Таццяна Місюк).
Вынікі пацвярджаюць, што высокі бал – гэта рэальна. Галоўнае – жаданне і імкненне да поспеху.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота аўтара.