На Ведзьме – густа, на сажалках – пуста. Карэспандэнт «ЛВ» пабываў у рэйдзе

Купальны сезон, акрамя бязмежнай асалоды, зноў збірае і трагічны «ўраджай» няшчасных выпадкаў на вадзе. Літаральна днямі на вадаёме ў Кобрынскім раёне патануў дзевяцігадовы хлопчык. Крыху раней вада забрала жыццё васьмігадовага дзіцяці на Піншчыне.

Па даных Асвода, з пачатку года на вадаёмах рэспублікі загінулі 133 чалавекі, у тым ліку 8 дзяцей. Нездарма рэчкі і вадаёмы, прычым не толькі афіцыйныя зоны адпачынку, але і так званыя дзікія пляжы – пад павышанай увагай выратавальнікаў Асвода і не толькі. Наладжана цеснае ўзаемадзеянне з супрацоўнікамі раённых аддзелаў унутраных спраў і па надзвычайных сітуацыях. У сезон больш работы і ў камунальнікаў – ад іх, як і ад культуры паводзін адпачывальнікаў, залежыць парадак хаця б у санкцыянаваных месцах адпачынку каля вады. Узмацняецца работа прыродаахоўнай службы. Для яе адзін з праблемных момантаў – аўтамабілі каля вадаёмаў, часам адно што не з коламі ў купальных месцах. Хаця большасць грамадзян ведае, што за такі «камфорт» прадугледжана пакаранне – штраф да 20 базавых велічынь, парушэнні прадаўжаюць мець месца.
У полі зроку рэйдавай групы ў складзе супрацоўнікаў РАУС, РАНС, раённай арганізацыі Асвода, карэспандэнта «ЛВ» трапілі гарадскі пляж на рацэ Ведзьме, а таксама некалькі несанкцыянаваных, але па-ранейшаму папулярных у ляхавічан і не толькі месцаў адпачынку каля вады.


Другая палова дня, прыкладна каля 16 гадзін. Як ні дзіўна, але на неафіцыйных месцах для купання – на сажалках у Завінні, Альхоўцах, Задвор’і – поўная адсутнасць купальшчыкаў.
– Сёлета сітуацыя памянялася ў лепшы бок. Не толькі на гэтых дзікіх пляжах, але і на іншых купальшчыкаў назіраецца менш. Хаця даводзіцца весці папераджальныя размовы з тымі, хто ўсё ж грэбуе правіламі і купаецца ў недазволеных месцах, – адзначае старшы інжынер РАНС Дзмітрый Новік.


Сельвыканкамы на ўсіх забароненых месцах для купання ўстанавілі спецыяльныя шыльды з папераджальным надпісам. Аднак нядобрасумленныя гра-мадзяне, выцягваюць слупкі з шыльдамі і выкідваюць, маўляў, нічога не было. І справа не толькі ў тым, што за такое прадугледжана адказнасць. Калі здарыцца бяда, не важна, будзе стаяць шыльда ці не.


– За купанне ў недазволеным месцы складаецца адміністрацыйны пратакол, згодна з якім прадугледжваецца штраф да 3 базавых велі-чынь. Па-ранейшаму частыя выпадкі, калі ў ваду лезуць нецвярозыя купальшчыкі. За распіццё алкагольных напіткаў у грамадскіх месцах (пляжы не выключэнне) прадугледжана адміністрацыйная адказнасць – штраф у памеры да 15 базавых велічынь, можна нават «заслужыць» адміністрацыйны арышт, – тлумачыць участковы інспектар РАУС Віталій Малевіч. 
Але не толькі штраф павінен палохаць. Старшыня раённай арганізацыі Асвода Аляксандр Шчаўроўскі падкрэслівае, што на неафіцыйных зонах адпачынку не праводзяцца работы па ачышчэнні дна вадаёмаў, таму верагоднасць траўмавання даволі высокая, а зараснікі багавіння такія, што заблытацца ў іх даволі проста. Акрамя таго, не бяруцца пробы вады. Значыць, ёсць шанц падхапіць розныя інфекцыйныя хваробы.
На рэйдавым маршруце адно з самых папулярных месцаў для адпачынку і рыбалкі –вадасховішча Мінічы. Пры ўездзе з розных бакоў на бачным месцы спецыяльныя стэнды з шыльдамі, дзе вялікімі літарамі напісана: «Купанне забаронена». Паспрабуем высветліць, наколькі такое папярэджанне паўплывала на паводзіны людзей. Аран-датары Мінічаў паклапаціліся пра належныя ўмовы для адпачывальнікаў па пуцёўках. Вакол парадак, камфортна і спакойна. Адпачывалі некалькі кампаній, у тым ліку і з дзецьмі.
– Прыехалі з Баранавічаў, тут не першы раз. Наша мэта – парыбачыць і адпачыць на свежым паветры. Дзецям тут раздолле. Купацца не збіраліся, бо ведаем пра забарону, – гаворыць адзін з адпачывальнікаў.
Дзмітрый Новік правёў рас-тлумачальную гутарку як з прыхільнікамі адпачынку на прыродзе, так і з работнікамі Мінічаў.
Зона адпачынку на рацэ Ведзьме з кожным годам становіцца ўсё больш прывабнай. Вось і сёлета з’явіліся новыя аб’екты для больш камфортнага і, што не менш важна, бяспечнага адпачынку. Усім неабходным уладкаваны тутэйшы выратавальны пост, які ўваходзіць у склад Брэсцкай абласной структуры Асвода. Штодзённа з 10 да 22 гадзін на пасту дзяжурыць матрос-выратавальнік, які прайшоў неабходную падрыхтоўку, ён пры неабходнасці акажа першую медыцынскую дапамогу.
– Аднак і самі адпачывальнікі павінны клапаціцца пра сваю бяспеку. Галоўная праблема – нецвярозыя, якім і мора па калена. Сур’ёзная тэма і дзеці, якія знаходзяцца ў вадзе без нагляду дарослых, што, у прынцыпе, недапушчальна. Бо менавіта бацькі абавязаны папярэдзіць пра небяспеку і растлумачыць наступствы. Наяўнасць на дзіцяці камізэлькі –
не падстава пакідаць яго без нагляду. Высокая хваля, неасцярожныя рухі – і маленькі плывец можа захлынуцца. Лепш за ўсё, калі дзіця гуляе на вадзе з дарослымі – толькі так можна быць упэўненым у яго бяспецы, – заўважае Дзмітрый Новік.
Падчас рэйду не трапілі ў поле зроку п’яныя грамадзяне, пакінутыя без увагі дзеці. Яшчэ раз адзначылі парадак на пляжнай тэрыторыі, відавочна, што смецце вывозіцца рэгулярна, а тэрыторыя падкошваецца.
Давайце і далей адпачываць так, каб не зрабіць той адзіны крок ад вады да бяды. А пляжныя рэйды – летні патруль – будуць працягвацца.

Галіна КАНЬКО.
Фота аўтара.