Ляхавічам – 532! Сёлета ў юбілей свайго вызвалення Ляхавічы святкуюць Дзень горада

 Беларусь адзначыла  сваё галоўнае  свята – Дня Незалежнасці, якое мае трывалыя і патрыятычныя гістарычныя карані.
3 ліпеня мы святкавалі   80-ю гадавіну вызвалення беларускай сталіцы ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. 5 ліпеня 1944 года ў ходзе Беларускай наступальнай аперацыі «Баграціён» пачалося вызваленне Ляхавіцкага раёна, а 6 ліпеня савецкія салдаты выбілі фашыстаў з райцэнтра. Гісторыя вызвалення Ляхавіччыны па днях занатавана ў кнізе «Памяць. Ляхавіцкі раён» – у аператыўных зводках і ўспамінах удзельнікаў падзей таго часу.

Сёлета ў юбілей свайго вызвалення Ляхавічы святкуюць Дзень горада.
Восем мірных дзесяцігоддзяў, напоўненых стваральнай працай,
да твару нашаму райцэнтру.
Ён сучасны і малады, нягледзячы на даволі сталы ўзрост (першыя афіцыйныя згадкі пра Ляхавічы датаваны 1492 годам, які сёння і лічыцца датай нараджэння горада).
Наш горад прыгожы і ўтульны – не толькі намаганнямі спецыялізаваных службаў, а і нашымі агульнымі.
Нават тыя, хто ніколі не быў у Ляхавічах, ведаюць наш райцэнтр па брэндах! «Ляхавічок» – даўно вядомая марка смачнай малочнай прадукцыі СААТ «Ляхавіцкі малочны завод», «Птушка-ляхавічка» – брэнд зусім малады, які, несумненна, надаў прывабнасці прадукцыі аднаго са старэйшых прадпрыемстваў раёна – ААТ «Ляхавіцкі кансервавы завод». Канешне, у нас ёсць усе падставы ганарыцца прадукцыяй і іншых прадпрыемстваў і брэндаў, але менавіта гэтыя маюць самую «мясцовую» прывязку.
Ляхавіччына ўмее не толькі супрацоўнічаць, а і сябраваць. І размова не толькі пра экспарт-імпарт. Гэтымі днямі мы прымаем віншаванні
і ад далёкіх па адлегласці, але вельмі блізкіх па адносінах расійскіх гарадоў – пабрацімаў нашага райцэнтра: Ялутараўска Цюменскай вобласці і Чыстопаля (Рэспубліка Татарстан).
Ляхавічы будуюцца. Зусім хутка прыме жыльцоў шматкватэрнік па вуліцы Будаўнікоў. А яшчэ ўсё больш рэальнай становіцца мара многіх ляхавічан пра басейн. Днямі адбудзецца грамадскае абмеркаванне праекта будаўніцтва. Абнаўляюцца вуліцы і завулкі, паркі і скверы, фасады будынкаў і тэрыторыі.
І няхай наш горад кампактны па плошчы і не самы густанаселены, гэта не перашкаджае яму быць прывабным для гасцей і любімым для жыхароў.