Беражыце мір, каб не паўтарылася вайна
Мне 89-ы год, але я і сёння добра памятаю, як мой бацька, калі я была малая, будаваў новы дом у вёсцы Аранчыцы. А жылі мы тады вялікай сям’ёй у старэнькай хатцы прадзеда. Цікава было назіраць, як уручную пілавалі бярвенне: дрэвы клалі на высокія «казлы», адзін мужчына стаяў наверсе, другі – унізе, і цягалі доўгую пілу «ўверх-уніз».
Шчасцю не было мяжы, калі хату пабудавалі. Але радасць хутка азмрочылася – пачалася Вялікая Айчынная вайна. І над нашай хатай ляцелі, раўлі фашысцкія самалёты, гэты страшны гул застаўся назаўжды ў маёй памяці.
Хутка ў вёсцы з’явіліся і фашысты. Адзін з іх прыйшоў у нашу новую хату і загадаў, каб мы выбіраліся адсюль, бо тут будуць жыць гітлераўскія афіцэры. Наша сям’я перабралася ў хлеў, жылі праз сцяну з жывёлай – карова, конь, свінні. У малодшай сястры было хворае сэрца, яна часта плакала. На двары зрабілі печку і гатавалі там ежу. Маці вельмі хвалявалася за нас, далёка не адпускала ад сябе.
Калі вяскоўцы пайшлі ваяваць у партызанскія атрады, спраў прыбавілася, трэба было пячы хлеб, сушыць садавіну, вязаць цёп-
лыя рэчы. Бацька быў сувязным, перадаваў звесткі партызанам пра фашыстаў, паліцаяў. Мы са старэйшай сястрой дапамагалі яму.
Увогуле было страшна. Стала сведкай, як гітлераўцы рас-стрэльвалі савецкіх актывістаў. У нашага прадзеда былі чорныя валасы і вусы. Немцы казалі на яго: «Ты яўрэй». Яго нават хацелі расстраляць ці адправіць у гета. Дзед з бацькам выкапалі на агародзе «схрон», куды мы хаваліся, калі ляталі фашысцкія самалёты і бамбілі вёску.
У рэшце рэшт дачакаліся вызвалення. Летам 1944 года вёску вызвалілі ад фашысцкіх акупантаў, бацьку мабілізавалі ў Савецкую Армію. Хутка ад яго пачалі прыходзіць пісьмы – трохвугольнікі. Заўсёды падпісваў аднолькава: «Прывет з перадавой сям’і роднай ад Дубовіка Івана». Кожны вечар мы маліліся: «Дай, Божа, ночку праспаць і татачку прычакаць». Апошняе пісьмо ад бацькі атрымалі ў студзені 1945 года. Ён паведамляў: «Мне не пішыце. Возьмем Варшаву, і я сам вам напішу»… Як жа чакалі пісьма, штодня бегалі да паштальёна». І вось паштоўка прыйшла, праўда, не ад бацькі, а з паведамленнем: «Дубовік Іван Сямёнавіч прапаў без вестак».
Але мы верылі, што бацька жывы і вернецца дамоў…
Цяжка жылося пасля вайны – голад, холад. Стараліся добра вучыцца. І мы, чатыры сястры, атрымалі адукацыю.
Мы доўга шукалі бацьку, пісалі паўсюдна пісьмы. Прыходзіў адзін адказ: прапаў без вестак. Даведаліся, што ў Польшчы вый-шла другое выданне кнігі «Памяць». У яе стварэнні прымаў актыўны ўдзел польскі пісьменнік Янусь Пшыманоўскі, напісалі яму пісьмо. І атрымалі адказ: «…На падставе даных, устаноўлена, што прах Дубовіка І. С. пакоіцца на могілках горада Варшавы. Яго імя занесена ў спіс загінулых савецкіх воінаў у другім выданні кнігі «Памяць». Дзякуем вам за дапамогу ў нашым памкненні, каб усе, хто загінуў за жыццё і свабоду палякаў, вечна жылі ў памяці ўдзячных пакаленняў».
А ў 1992 годзе мы пабывалі на могілках у Варшаве. У брацкай магіле сярод 20 тысяч пахаваных свой апошні прытулак знайшоў і наш
бацька Іван Сямёнавіч Дубовік.
А сёння мяне, як дачку савецкага салдата, які вызваляў Польшчу ад фашызму, хвалюе, як хутка жыхары Польшчы забыліся пра герояў-вызваліцеляў. А мы, беларусы, жыхары краіны, дзе ў гады Вялікай Айчыннай вайны загінуў кожны трэці, помнім, хто здабыў Вялікую Перамогу. Помнім і перадаём гэту памяць з пакалення ў пакаленне з заклікам – людзі, беражыце мір!
Алена ТАРАНДА, заслужаны настаўнік БССР.