Шчырыя словы пра любімы горад. І зноў Ляхавічы ў цэнтры святочных падзей. 6 ліпеня ў нас – Дзень горада

Чым для вас адметныя Ляхавічы – тэма чарговага апытання «ЛВ».

Ала ТУРКІНА, галоўная медсястра УАЗ «Ляхавіцкая ЦРБ»:
– Родам я з Баранавіцкага раёна, а Ляхавічы – мая другая малая радзіма. Гэта месца нараджэння маёй сям’і, майго сына. Менавіта тут, пачынаючы з 1986 года, праходзіла маё станаўленне як медыка. Хварэла і лячылася разам са сваімі пацыентамі, радавалася прыемным навінам са сваімі землякамі, жыла адным жыццём з раёнам. За свой амаль 40-гадовы прафесійны шлях змяніла некалькі пасад, але месца работы адно – Ляхавіцкая ЦРБ. І калі пачынала шлях у прафесію акушэркай у радзільным доме, і потым у якасці галоўнай медсястры, побач былі шчырыя людзі і выдатныя спецыялісты. З якім нецярпеннем чакалі ўвядзення ў эксплуатацыю рэканструя-
ванай паліклінікі, адрамантаваных аддзяленняў у райбальніцы, адкрыцця кабінета камп’ютарнай тамаграфіі… Радуюся за сваіх калег, якія клапоцяцца пра здароўе людзей у камфортных, сучасных умовах. Абноўленымі і яшчэ больш добраўпарадкаванымі пасля рэканструкцый і капітальных рамонтаў сустракаюць наведвальнікаў фельчарска-акушэрскія пункты і ўрачэбныя амбулаторыі.
Радуе, што побач з вопытнымі прафесіяналамі працуюць маладыя медыцынскія кадры.
Наш горад вельмі прыгожы. Медыкі таксама ўносяць свой уклад у агульнае добраўпарадкаванне.

Юрый ГРЫНЬ, дырэктар ДУК «Ляхавіцкая раённая цэнтралізаваная клубная сістэма»:
– Першыя крокі, бестурботнае дзяцінства, летуценнае, поўнае мараў і спадзяванняў юнацтва, дарослае самастойнае жыццё, творчасць і ўдасканаленне ў прафесіі, бацькі і сябры,
аднакласнікі і настаўнікі, стварэнне сям’і і нараджэнне дзяцей, калегі – усё гэта непарыўна звязана з Ляхавічамі. Яшчэ ў школе актыўна ўдзельнічаў у культурным жыцці Ляхавіччыны, іграў у школьным ансамблі, потым у аркестры ГДК. Менавіта любоў да малой радзімы натхніла на стварэнне песні, якую многія называюць гімнам горада, «Мой горад – Ляхавічы», да якой я напісаў музыку. Праз творчасць, у тым ліку з народнай эстраднай студыяй «Экспрэс» прызнаюся ў любві да свайго горада, сваіх землякоў. Кожнае выступленне, незалежна ад таго, раённая сцэна ці палявы стан, для артыстаў гонар і вялікая адказнасць.

Галіна ЛАНКУЦЬ, ляхавічанка:
– Ляхавічы – усё маё жыццё. Любімы горад, малая радзіма, тут жывуць самыя родныя і блізкія людзі, тут я вучылася, працавала. Літаральна ўсё маё прафесійнае жыццё звязана з будаўніцтвам. На маіх вачах раслі жылыя дамы, адміністрацыйныя будынкі, установы аховы здароўя, навучальныя ўстановы, магазіны… Прыемна ісці па вуліцах любімага горада і ведаць, што і часцінка тваёй працы ёсць у гэтым.
Цудоўна, што, нягледзячы на ўзрост, Ляхавічы не старэюць, а маладзеюць. Зараз я на заслужаным адпачынку і стараюся праводзіць як мага актыўней кожны дзень. Тым больш, што створаны для гэтага ўсе ўмовы. З такімі ж неабыякавымі землякамі – тымі, каму за 60, займаемся спортам у клубе «Залаты ўзрост» пры ФСК «Колас»…

Таццяна КУЧУК, выпускніца СШ № 1:
– Мой любімы горад і землякі, віншую з чарговым днём нараджэння Ляхавічаў! Няма прыгажэйшага месца, чым родны кут! І хоць жыву не ў саміх Ляхавічах, лічу горад сваёй малой радзімай. Якая багатая спадчына ў горада, першыя згадкі пра які датаваны 1492 годам.
Дзякуючы ў тым ліку і майму гораду, педагогам летась атрымала шанц стаць удзельніцай міжнароднага беларуска-расійскага патрыятычнага праекта «Поезд Памяці». Тады чарговы раз усвядоміла, наколькі я шчаслівы чалавек, што нарадзілася і жыву ў Беларусі, на кантрасце ўбачыла, які ў нас цудоўны ляхавіцкі край. Не стамляюся з радасцю ставіць яму лайкі!
Сёлета ў маім жыцці, як і ў жыцці іншых выпускнікоў школ, адбылася вызначальная падзея – мы атрымалі атэстаты сталасці і пуцёўку ў дарослае жыццё. Як жа ганарова і шчымліва было на плошчы Леніна атрымліваць залаты медаль і адчуваць падтрымку мамы, настаўнікаў, аднакласнікаў і ўсіх сяброў. І, спадзяюся, такіх цудоўных імгненняў у маім жыцці будзе яшчэ нямала. За гэта шчыры дзякуй і табе, мой горад!
Падрыхтавала Галіна КАНЬКО.