Пра гандаль крокавай даступнасці і не толькі. «ЛВ» правёў прамую тэлефонную лінію са старшынёй праўлення райпо
Як нас абслугоўваюць у магазінах, ці задаволены землякі якасцю і асартыментам тавараў у гандлёвых кропках раённага спажывецкага таварыства, ці ў дастатковай колькасці на Ляхавіччыне аб’ектаў грамадскага харчавання? Куды можна здаць лішкі сезоннай садавіны, агародніны, ягад? Гэтыя і іншыя тэмы ўздымалі землякі падчас прамой тэлефоннай лініі са старшынёй праўлення райпо Васіліем НЕКРАШЭВІЧАМ.
– Звяртаюся з такой праблемай. Маці-пенсіянерка жыве ў вёсцы Улазавічы. Туды прыязджае аўталаўка. Гэта вельмі зручна для тутэйшых жыхароў, большасць з якіх пенсійнага ўзросту. За работу аўталаўкі людзі дзякуюць. А ці можна праз аўталаўку заказаць канапу?
– Дзякуй за станоўчую адзнаку нашай работы. Сапраўды, стараемся поўнасцю задаволіць запыты жыхароў сельскай мясцовасці, гандлёвым абслугоўваннем якіх займаюцца аўталаўкі. Імкнёмся пашыраць асартымент тавараў, каб хапіла на ўсе населеныя пункты на маршруце магазіна на колах. Асаблівая ўвага – на якасць прадуктаў, цану. На кожным аўтамабілі ўстаноўлены навігатар, які ў рэжыме анлайн адсочвае графік і маршрут магазіна на колах.
Што тычыцца магчымасці заказаць буйнагабарытныя тавары, тую ж канапу, то аформіць пакупку можна непасрэдна ў аўталаўцы: заказаць выбраную мадэль. Магазін на колах і прывязе рэч, аплата па факце.
Таксама райпо прадастаўляе растэрміноўку на 6 месяцаў, можна аформіць і крэдыт у «Беларусбанку», у тым ліку ільготны на «Родныя тавары». Калі ж патрэбнага тавару няма ў наяўнасці, яго можна заказаць, праўда, давядзецца пачакаць.
– Чаму назіраюцца перабоі з пастаўкай, напрыклад, агуркоў, памідораў, капусты ў магазіны райпо?
– Сапраўды, такія перабоі мелі месца. Гэта звязана з тым, што пастаўку садавінна-агародніннай прадукцыі ў магазіны райпо ажыццяўлялі адзін раз на тыдзень. Цяпер пастаўка праводзіцца двойчы на тыдзень, і праблема знікла.
– Васілій Барысавіч, скажыце, калі ў Ляхавічах пачнуць працаваць павільёны райпо па продажы сезоннай прадукцыі. І ці будзе, як летась, такі аб’ект каля магазіна «Мясная лаўка»?
– На перадрыначнай плошчы павільён райпо працуе, прычым прадукцыя запатрабавана, пакупнікі задаволены. Пастаянна абнаўляем тавар. Што тычыцца павільёна каля магазіна «Мясная лаўка», то ў гэтым сезоне яго не будзе. Прычына ў адсутнасці кадраў прадаўцоў для сезоннага гандлю.
– Па аўторках і чацвяргах у аграгарадок Падлессе прыязджае аўталаўка. Нас, мясцовых жыхароў, задавальняюць і асартымент тавараў, і абслугоўванне. Але ёсць невялікая праблема. У магазіне «Родны кут» аформілі скідачную картку для пенсіянераў. У магазіне ніякіх праблем з разлікамі няма, а вось у аўталаўцы картка працуе не заўсёды. І такая праблема не толькі ў мяне.
– Вы не першая звяртаецеся з такой праблемай. Накіроўвалі запыты ў Брэсцкі вылічальны цэнтр, які займаецца карткамі. Праводзілася разбіральніцтва. У тых населеных пунктах, дзе інтэрнэт-сувязь добрай якасці, праблем няма. На жаль, у Падлессі інтэрнэт не зусім якасны. Але, як патлумачылі ў Белтэлекаме, да канца 2027 года належная якасць інтэрнэту павінна быць ва ўсіх населеных пунктах раёна.
– Ці адкрыюць калі-небудзь магазін «Мясная лаўка»?
– Так, магазін будзе працаваць. Захаваецца накірунак продажу – мясная свежая, гатовая прадукцыя і паўфабрыкаты, а таксама спадарожныя тавары. Зараз вядзецца падбор кадраў.
– Чаму ў нядзелю не працуе кафэ «Еда & кофе». Хацелі пасядзець там сям’ёй, адпачыць, не атрымалася.
– У аснове і гэтай праблемы – кадравае пытанне. Напэўна, наведвальнікі заўважылі, што даўно вісіць аб’ява пра прыём на работу бармэна. Райпо гатова дапамагчы ў навучанні. Як толькі штат
будзе ўкамплектаваны, графік работы кафэ стане больш
зручным для наведвальнікаў.
– Дзе сёлета нарыхтоўшчыкі будуць прымаць грыбы,
ягады. Разлік будзе ў рублях ці таварам?
– Нарыхтоўка – адзін з асноўных накірункаў работы райпо. Таму, адназначна, нарыхтоўшчыкі будуць працаваць. Акрамя таго, у кожным магазіне райспажыўкааперацыі развешаны аб’явы аб прыёме ягад, грыбоў, пазней спіс будзе пашыраны тымі ж яблыкамі. Дарэчы, атрымаць дадатковую інфармацыю ці выклікаць нарыхтоўшчыка на дом можна па тэлефоне, указаным у аб’яве. Адно ўдакладненне: за адным-двума кілаграмамі ніхто не паедзе. Ёсць варыянт – прывезці самастойна ў нарыхтоўчы пункт па вуліцы Савецкай у райцэнтры, які працуе штодзённа без выхадных, ці ў сельскія стацыянарныя магазіны райпо, або здаць нарыхтоўшчыкам, якія працуюць у тых населеных пунктах, дзе вакол лясы: Свяціца, Ліпск, Навасёлкі, Куршынавічы і іншыя. Разлік праводзіцца выключна грашыма.
– Мяне цікавіць, ці можна ў рэстаране «Ластаўка» заказаць стравы на вынас?
– Такую паслугу рэстаран «Ластаўка» прадастаўляе. Для гэтага прадугледжаны і спецыяльны пластыкавы посуд – ланч-боксы. Дадам, што кошт страў такі ж, як і ў рэстаране.
– Васілій Барысавіч, у мяне наступная тэма. У Альхоўцах ёсць стацыянарны магазін, але ў вёску некалькі разоў на тыдзень прыходзіць аўталаўка. А ў Пад’язаўлі даўно магазіна няма. Магчыма, варта, каб у такія вёскі аўталаўка прыязджала часцей, асабліва летам, калі гасцююць дзеці, унукі.
– Рэальнасць такая, што далёка не ў кожным сельскім населеным пункце сёння ёсць стацыянарная гандлёвая кропка. Згадзіцеся, немэтазгодна трымаць магазін у вёсцы, дзе жыве пяць чалавек. І не кожны вясковец мае ўласны транспарт, каб з’ездзіць у аграгарадок ці райцэнтр за пакупкамі. У такіх выпадках дапамагаюць магазіны на колах. Па ўстаноўленых графіках аўталаўкі дастаўляюць усе неабходныя прадукты нават у самыя аддаленыя і маланаселеныя вёскі. Такім чынам, пяць аўталавак абслугоўваюць 96 населеных пунктаў Ляхавіцкага раёна. Практыка паказвае, што магазіны на колах дастойна канкурыруюць нават з сеткавымі структурамі, дзякуючы, у тым ліку, аптымальным суаадносінам «цана –
асартымент – якасць». Адзначу, калі раней у сельскай мясцовасці ў райпо не было канкурэнтаў у плане гандлю, то зараз канкурэнцыя пастаянна ўзмацняецца: адкрываюцца прыватныя гандлёвыя кропкі, пашыраецца выязны гандль.
Так, аўталаўкі робяць прыпынкі і ў тых населеных пунктах, дзе ёсць стацыянарныя магазіны. Не кожны пажылы вясковец па стане здароўя можа дайсці да магазіна, таму і робім дадатковыя прыпынкі. Пастаянна вывучаем попыт насельніцтва на паслугі аўталаўкі. І калі будзе відавочны эканамічны эфект і сацыяльная запатрабаванасць дадатковых прыездаў магазіна на колах у той ці іншы населены пункт, то абавязкова разгледзім такую магчымасць.
– У рэстаране «Ластаўка» заказалі абедзеннае меню. Але пакуль чакалі заказ, час на абедзенны перапынак амаль закончыўся. Чаму так доўга цягнулі з заказам?
– Прашу прабачэння за такую сітуацыю. Звычайна такіх пытан-
няў не ўзнікае. Хутчэй за ўсё, вы абедалі ў той час, калі харчаваліся дзеці са спартыўнага лагера пры ДЮСШ.
«Ластаўка» прапаноўвае два віды меню. Прычым, заказваць можна як поўнасцю комплекс, так і пэўныя стравы, а таксама мяняць стравы двух меню. Кошт комплекснага абеду 10-11 рублёў. Звычайна за дзень яго заказваюць больш за 20 чалавек.
– Вядома, што магазіны, у тым ліку на колах, аб’екты грамадскага харчавання пастаянна правяраюць супрацоўнікі райЦГіЭ, маніторынгі забяспечанасці таварамі асноўных груп арганізоўваюць прафсаюзы. А ці існуе які-небудзь кантроль унутры раённага спажывецкага таварыства?
– Безумоўна. За кожным гандлёвым аб’ектам замацаваны работнік райпо. Штомесячна, а пры неабходнасці і часцей
праводзіцца маніторынг санітарнага стану прылеглых тэрыто-
рый, аб’ектаў, асартыменту тавараў, іх якасці і цаны.
– Мне падабаецца прадукцыя Ляхавіцкага кааппрама, у прыватнасці кандытарскія вырабы. Але не заўсёды іх можна купіць у магазінах райпо – разбіраюць. Можа, варта павялічыць колькасць?
– Прыемна чуць падзяку за прадукцыю, якую выпускае кааппрам. Адносна пытання, сітуацыя наступная. У магазіны прывозіцца столькі тавару, колькі заказваецца. Магчыма, прадаўцы падстрахоўваюцца і не заказваюць больш прадукцыі, чым могуць рэалізаваць. Раней кандытарку ці хлебабулачныя вырабы, якія не распрадалі, можна было вярнуць у кааппрам. Цяпер гэта забаронена.
– Добры дзень, наколькі рэальна, каб летам у дачныя
кааператывы, напрыклад, «Дружба», прыязджала аўталаўка?
– Тэму вывучалі. Як высветлілася, няма тэхнічнай магчымасці запусціць велікагрузны транспарт па дачных дарогах.
– Васілій Барысавіч, як выцякае з прамой лініі, самая праблемная тэма – кадры. Як яна вырашаецца?
– Каторы год кадравае пытанне – адно з вострых. Толькі адзін з прыкладаў. Каля 10 прадаўцоў возім з райцэнтра ў сельскія населеныя пункты, напрыклад, вёскі Крывошын, Альхоўцы, Літва, аграгарадок Навасёлкі. Прапаноўваем двух-трохтыднёвае навучанне за кошт райпо. У нас ёсць магчымасць выдаваць мэтавае накіраванне для паступлення ў сярэднія спецыяльныя і вышэйшыя навучальныя ўстановы. Наладжана і настаўніцтва.
Скарыстаюся магчымасцю і павіншую сёння работнікаў усіх падраздзяленняў райпо, ветэранаў спажыўкааперацыі з прафесійным святам. Жадаю ўсім моцнага здароўя, трываласці, бадзёрасці, міру і згоды.
– Дзякуй за размову. І «ЛВ» віншуе вас і вашых калег з прафесііным святам!
Гутарыла Галіна КАНЬКО.