Аграгараджане выбіраюць «Родны кут»
Твар спажыўкааперацыі – магазіны, яны ствараюць імідж і складаюць асноўны аб’ём даходаў. Сярод 35 сельскіх гандлёвых кропак райпо брэнда «Родны кут» ёсць свае перадавікі. Адзін з іх – магазін у аграгарадку Русінавічы – даволі папулярны і запатрабаваны ў мясцовых жыхароў.
Гандлёвы аб’ект прываблівае пакупнікоў шырокім асартыментам харчовых тавараў, у тым ліку і прадукцыяй Ляхавіцкага кааппрама, а таксама спадарожных тавараў. Тут заўсёды можна купіць свежыя хлеб і хлебабулачныя вырабы, малочную падукцыю, бакалею, багаты выбар садавіны і агародніны. Запатрабаваны і тавары пад заказ, напрыклад, мясныя паўфабрыкаты і пірагі ад кааппрама, кармы для жывёлы і іншыя. На імідж працуе і зручны графік работы – з 8 да 20 гадзін без выхадных і перапынкаў на абед. Безумоўна, вялікую ролю ў тым, што пакупнікі з задавальненнем вяртаюцца ў магазін, іграе прадавец. Ветлівыя, добразычлівыя, заўсёды параяць, падкажуць, уважліва выслухаюць пажаданні – гэта пра загадчыка магазіна Наталлю Шклянік і прадаўца Людмілу Кавалёву.