Першыя сюжэты вялікага жніва. У Ляхавіцкім раёне Зажыначныя традыцыі разгарнуліся ў полі СВК «Ляхавіцкі»

Сёлета спякотнае лета паставіла камбайнерам свае планы на ўборачны сезон. І літаральна  ў мінулы аўторак ужо назначыла святочнае спатканне на пачатку вялікага жніва. Зажыначныя традыцыі разгарнуліся ў полі СВК «Ляхавіцкі».
А значыць, у журналістаў пачынаецца любімая сезонная рубрыка «Жніўны сюжэт»

БОЛЬШ ФОТА ТУТ

Кожнае жніво аднолькава працаёмкае, са сваімі складанасцямі і спадзяваннямі, але ў кожнага жніва свая непаўторная гісторыя поспехаў, імёны пераможцаў, традыцыі, у тым ліку сямейныя. І сёлетняя ўборачная гісторыя адметная – пачынаецца каляндарна рана. Але і гэта прадугледзелі нашы хлебаробы, у бітву за ўраджай выходзім на тэхнічна спраўнай і падрыхтаванай тэхніцы, у складзе экіпажаў, гатовых ісці на рэкорды.


Свята шануюць традыцыі продкаў на Ляхавіччыне. Працавітасць нашых людзей, удзячнасць карміцельцы-зямлі, гонар і павага да тых, хто гэтымі ліпеньскімі днямі за штурвалам збожжа-
ўборачных машын будзе ўмацоўваць наш будучы дабрабыт.
Сёлетнія раённыя святкаванні пачатку вялікага жніва прымалі ўрадлівыя гектары СВК «Ляхавіцкі». Традыцыйны сюжэт грэе душу і сэрца: калышацца важкі колас, тэхніка гудзе і гатова папаўняць засекі, а нацэленыя на поспех механізатары ў прадчуванні каманды «Па машынах!». На вас, паважаныя камбайнеры, сёння глядзяць, ганарацца вамі і спадзяюцца ўсе землякі, бо не ўяўляюць жыццё беларуса без духмянага хлеба на стале.
Загучала песня, і на полі з’явіліся жнеі.Традыцыйны абрад на добрую ніўку: з кожным сабраным каласком упляталі ў снапы свае мары на добры ўраджай. Першыя снапы ўраджаю-2024 уручылі кіраўніцтву раёна. На багаты ўраджай падкідваем свежазвязаныя снапы: няхай мара спраўдзіцца!


– Сапраўднае свята для беларусаў! Мы так прывучаны: дзякаваць зямлі, ушаноўваць працавітых людзей, верыць у лепшае. Гэта заўжды адрознівала нас як народ. Сёлета разлічваем атрымаць добры ўраджай. Няхай усё складзецца так, як жадаецца, і нават лепш. Убраць павінны хутка і якасна, без страт! Здароўя і адзінства ў імкненні працаваць на дабрабыт краіны. У добры шлях! – адзначыў кіраўнік райсельгасхарчу Васілій Пыжык.
Вітаў прысутных на палетках «Ляхавіцкага» старшыня СВК Іван Вітко. Ён нагадаў, што жніво – гэта чарговы іспыт на зладжанасць, камандную работу, трываласць. Таму няхай уборачная па традыцыі пачынаецца  з прыгожых зажынак і па традыцыі завяршаецца ўрадлівымі дажынкамі.
Заўжды моцныя беларусы ў сваёй малітве да Бога. Айцец Максім благаславіў хлебаробаў на добрую справу!
У такіх залатых каардынатах губляешся ў часе, трапляеш у іншую рэальнасць. Пакуль вакол нашай краіны змагаюцца за сусветнае лідарства, у Беларусі справай умацоўваюць сваю незалежнасць і мір, пра які мараць нашы заходнія суседзі.

КАМПЕТЭНТНА

Першы намеснік старшыні райвыканкама Васілій ПЫЖЫК:
– У сельскагаспадарчых арганізацыях нашага раёна сёлета да ўборачнай кампаніі маецца каля 16 тысяч гектараў збожжавых і зернебабовых культур. Ужо ўбраны азімы ячмень. У гэтым годзе яго плошча склала 1 560 гектараў, сярэдняя ўраджайнасць па раёне азімага ячменю 62,7 цэнтнера з гектара, што на 9,3 цэнтнера з гектара вышэй за ўзровень мінулага года. Гэта лепшы паказчык у Брэсцкай вобласці на дадзены момант. Намалочана каля 9,5 тысяч тон азімага ячменю. Ва ўборцы збожжавых і зернебабовых культур задзейнічана 49 камбайнаў.
З уборачнай кампаніяй справімся своечасова, нашы тэхнічныя магчымасці дазваляюць гэта зрабіць. Сёлета ўборку пачалі значна раней. Калі летась азімы ячмень жалі ў першыя дні ліпеня, то зараз да гэтай даты ўжо скончылі. Наступны этап – уборка азімага рапсу, якая працягнецца каля 5-6 дзён. І канешне, многае залежыць ад умоў надвор’я.

Механізатар СВК «Ляхавіцкі» Мікалай Кавалёў:
– Да ўборкі збожжа падыходзім з баявым настроем! Спадзяёмся, наш СВК «Ляхавіцкі» будзе на першым месцы.
Тэхніка поўнасцю гатова, сёлета будзе задзейнічана 15 збожжаўборачных камбайнаў. Зробім усё магчымае, каб хутка і якасна ўбраць ураджай.

Сёлета аграрыям Ляхавіччыны належыць убраць 18 803 гектара, з якіх 15 343 гектара займаюць збожжавыя і зернебабовыя, пад рапс адведзена 3 460 гектараў.

Матэрыял падрыхтавалі Маргарыта Кухта-Маслоўская, Сяргей Варановіч, студэнты факультэта журналістыкі БДУ Аліна Гемвароўская і Данііл Зелянеўскі.