80 гадоў «Заўсёды побач». 10 ліпеня 1944 года наведвальнікаў прыняла першая ў Ляхавіцкім раёне ашчадная каса

Да Вялікай Перамогі заставалася яшчэ доўгіх 10 месяцаў. А на вызваленай ад фашыстаў беларускай зямлі ўладкоўвалася мірнае жыццё. Аднаўлялі работу дзяржаўныя савецкія органы і міліцыя, школы і бальніцы, бібліятэкі і клубы, іншыя ўстановы.

6 ліпеня 1944 года Ляхавіччына падчас стратэгічнай наступальнай аперацыі «Баграціён» была вызвалена ад нямецка-фашысцкай акупацыі, а ўжо 10 ліпеня наведвальнікаў прыняла першая ў раёне ашчадная каса № 6458. Менавіта з яе пачалася гісторыя станаўлення банкаўскай сістэмы ў Ляхавіцкім раёне.
– Знаходзілася ашчадная каса ў старажытным будынку па вуліцы 17 Верасня, дзе яшчэ нядаўна быў магазін «Востраў чысціні і смаку». Узначаліў банк Нікан Андрэевіч Нос. Згодна з кнігай загадаў, у яго падначаленні было шэсць супрацоўнікаў: галоўны бухгалтар Зінаіда Захарык, інспектар Віктар Змачынскі, кантралёр Марыя Кандра-
товіч, касір Фані Рэжанковска, ахоўнікі Мацвей Сакалоўскі і Аляксей Берташ, – расказвае дырэктар цэнтра банкаўскіх паслуг № 117 ААТ «ААБ «Беларусбанк» Рыта Пракуда.
У гэтым будынку Ляхавіцкае падраздзяленне ашчаднага банка знаходзілася яшчэ паўстагоддзя. Не адно пакаленне жыхароў нашага раёна памятае, як для разлікаў за камунальныя паслугі, для афармлення ўкладаў, зняцця грошай з банкаўскіх рахункаў прыходзілі менавіта сюды, у невялікі будынак. Сёння цэнтр банкаўскіх паслуг займае прасторнае, стыльнае і сучаснае памяшканне па адрасе вуліца Савецкая, 5.
ЦБП № 117 – прамы «нашчадак» першай у Ляхавіцкім раёне ашчаднай касы. Сённяшні калектыў банкаўскіх работнікаў беражліва захоўвае памяць пра ўсіх, хто працаваў у банкаўскай сістэме раёне, пра сваіх колішніх калег, і імкнецца якасна аказваць банкаўскія паслугі насельніцтву, ідзе ў нагу з часам, робіць сваю справу на высокім прафесійным узроўні. І сёння, як і 80 гадоў назад, тут рады кожнаму кліенту і гатовы яму дапамагчы. Дэвіз Беларусбанка «Заўсёды побач» – і пра ЦБП № 117.
– Віншую ўсіх, чыя праца так ці інакш звязана з работай ашчаднага банка, паважаных кліентаў з 80-годдзем станаўлення банкаўскай сістэмы Ляхавіцкага раёна. Асаблівыя словы пашаны і павагі за добрасумленную працу і перададзены вопыт – ветэранам працы. Зычу ўсім моцнага здароўя, аптымізму, міру і шчасця. Ад імя сённяшняга калектыву запэўню, што будзем і далей працаваць на карысць сваёй Радзімы і аказваць кліентам якасныя банкаўскія паслугі, – адзначае Рыта Пракуда.

Галіна КАНЬКО.