З моладдзю размова асаблівая – даверлівая. Маладзёжныя пытанні ўзнімаліся падчас чарговага пасяджэння раённага выканаўчага камітэта

Якое сёння ў ляхавіцкай моладзі? Адукацыя, праца, сям’я, вольны час, праблемы – гэтыя і многія іншыя аспекты ўзнімаліся падчас чарговага пасяджэння раённага выканаўчага камітэта. На парадку дня пытанне «Аб ходзе рэалізацыі падпраграмы «Маладзёжная палітыка» Дзяржаўнай праграмы «Адукацыя і маладзёжная палітыка».

– Сёння дзяржава максімальна прадастаўляе магчымасці для моладзі, каб у кожнага быў шанц знайсці сябе. Ва ўстановах адукацыі імкнуцца выхаваць сапраўднага патрыёта сваёй краіны. У пацвярджэнне – праца пошукавых атрадаў, дзейнасць патрыятычных клубаў, арганізацыя шматлікіх дыялогавых пляцовак, дзе гасцямі становяцца лідары меркаванняў і аўтарытэтныя землякі. Актыўнасць прадэманстравала моладзь раёна і падчас электаральнай кампаніі. Даў плён праект БРСМ «Азбука грамадзяніна. Версія 4.0», падтрымалі маладыя дэбютны праект «Паштоўка.БЕЛ», – адзначыла начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Вольга Бурак.
Ляхавіччына ганарыцца юнымі землякамі, якія са школьных гадоў сваімі перамогамі і справамі ўслаўляюць малую радзіму. У пацвярджэнне – шматлікія дыпломы розных узроўняў.
Моладзі давяраюць. І гэтыя словы пацвярджаюць імкненне школьнікаў працаўладкавацца падчас вольнага ад вучобы часу. Для жадаючых атрымаць матэрыяльны бонус прапаноўваюцца вакансіі ў арганізацыях і прадпрыемствах раёна. За 2023 год, напрыклад, 220 чалавек працавалі ў 22 студатрадах. За гэты год адпрацавалі шэсць атрадаў. А гэта працоўнае месца для 82 маладых людзей, з якіх 58 – падлеткі. Наладжаны работы ў межах другаснай занятасці.
На жаль, ёсць пытанні наконт кадравай палітыкі, дакладней – замацавання кадраў на месцах, куды размяркоўваюцца пасля атрымання адукацыі. Са 108 спецыялістаў, што прыбылі на Ляхавіччыну ў 2023 годзе, на 1 мая працуюць 73.
Як адзначыў начальнік аддзела па справах моладзі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама Дзмітрый Навічук, сёння для моладзі павінны быць створаны ўмовы для камфортнага жыцця.
Хочацца застацца працаваць там, дзе цябе цэняць, дзе дастойная заработная плата, жыць з сям’ёй там, дзе развітая інфраструктура. А значыць, варта заўжды трымаць руку на пульсе: ведаць патрэбы моладзі, што не задавальняе, чаго не хапае для камфортнага жыцця. З моладдзю неабходна заўжды быць 24 на 7 на сувязі.
Пад эгідай БРСМ сёння аб’яднаны крэатыўныя, ініцыятыўныя, неабыякавыя маладыя людзі. Ніхто не стане спрачацца, што львіная доля работы з моладдзю належыць менавіта гэтай самай масавай арганізацыі. На Ляхавіччыне ў радах БРСМ – 1325 чалавек, а гэта 40 працэнтаў ад агульнай колькасці моладзі ў раёне.
Як падкрэсліў першы сакратар абкама ГА «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» Юрый Сегянюк, ляхавіцкая арганізацыя – прыклад у рабоце студатрадаў, ёсць і свае брэндавыя мерапрыемствы, якія сталі традыцыйнымі ў маладзёжным асяроддзі. Напрыклад, вулічны фестываль «Адкрыты мікрафон» ці брэйн-рынг «Бітва розумаў». Аднак, важна разумець, што работа з моладдзю – гэта не толькі шэраг мерапрыемстваў, гэта і вырашэнне многіх бытавых праблем, магчыма, і працоўных нюансаў.
Як арганізавана работа з моладдзю на месцах, маніторылі падчас рабочага візіту. Сярод аб’ектаў, куды завіталі Дзмітрый Навічук і Юрый Сегянюк, – СШ № 2, райбальніца, ААТ «Шлях новы», камунгас. У залежнасці ад устаноў увага была ўдзелена рабоце студэнцкіх атрадаў, рабоце пярвічных арганізацый БРСМ, наяўнасці рабочай дакументацыі і іншаму.
А райбальніца стала месцам правядзення дыялогавай пляцоўкі на тэму грамадзянска-патрыятычнага выхавання моладзі.

Рыта Красавіцкая.