Не бывае бяспечнай дозы! 11 ліпеня дзень прафілактыкі алкагалізму

Сёння праблема п’янства і алкагалізму стала адной з самых актуальных для грамадства. На дыспансерным уліку ў нарколагаў па Брэсцкай вобласці знаходзіцца каля 22 тысяч асоб, якія злоўжываюць алкаголем. Па дадзеных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя алкагалізм штогод забірае каля шасці мільёнаў чалавечых жыццяў,злоўжыванне алкаголем знаходзіцца на трэцім месцы сярод прычын смяротнасці (пасля сардэчна-сасудзістых і анкалагічных захворванняў).


Алкаголь, акрамя здольнасці выклікаць залежнасць, з’яўляецца адным з найбольш значных фактараў рызыкі развіцця мноства неінфекцыйных захворванняў, якія прыводзяць да інваліднасці і смяротнасці, садзейнічаюць учыненню дарожна-транспартных здарэнняў, адміністрацыйных правапарушэнняў, крымінальных злачынстваў.
Нават пры ўмераным ужыванні алкаголю чалавек можа сутыкнуцца з самымі рознымі хваробамі ўжо ва ўзросце каля 30 гадоў. Дадзеныя сведчаць аб тым, што не існуе «бяспечнага ўзроўню ўжывання алкаголю» – фактычна рызыка нанясення шкоды здароўю павялічваецца з кожным выпітым бакалам.
Агульныя факты, якія павінен ведаць кожны аб ужыванні алкаголю і здароўі: аслабляецца імунная сістэма і такім чынам зніжаецца магчымасць арганізма супрацьстаяць інфекцыйным захворванням; станчаюцца сардэчныя мышцы, што становіцца прычынай развіцця спецыфічнай сардэчнай паталогіі «алкагольная кардыёміяпатыя»; працяглае ўжыванне алкаголю прыводзіць да парушэння функцыі печані, падстраўнікавай залозы і іншых органаў стрававання; павялічваецца рызыка траўматызацыі і смерці ў выніку няшчасных выпадкаў, ДТЗ; паражаюцца нервовая і рэпрадуктыўная сістэмы.
У дзіцячым і падлеткавым узросце разбуральнае ўздзеянне алкаголю адбываецца паскоранымі тэмпамі. Устаноўлена, што злоўжыванне алкаголем ва ўзросце да 20 гадоў прыводзіць да алкагалізму амаль у 80 працэнтах выпадкаў.
Важна памятаць: алкагалізм – гэта хранічнае захворванне, і яго трэба лячыць, каб дасягнуць рэмісіі, якая можа доўжыцца і гады, і дзесяцігоддзі.
Медыцынская дапамога асобам, якія пакутуюць ад алкагалізму, аказваецца стацыянарна (наркалагіныя аддзяленні) і амбулаторна. На змену традыцыйным метадам лячэння алкагалізму прыйшлі новыя падыходы ў аказанні комплекснай медыка-
сацыяльнай дапамогі, накіраваныя на змяненне стылю паводзін чалавека, пераацэнку жыццёвых каштоўнасцей, якія дазваляюць утрымліваць пацыентаў у рэмісіі больш працяглы час. На базе Баранавіцкага міжраённага наркалагічнага дыспансера пра-
водзіцца кароткатэрміновая рэабілітацыя пацыентаў, якія пакутуюць залежнасцю ад алкаголю, з наступнай магчымасцю доўгатэрміновай рэабілітацыі пры ўзаемадзеянні з грамадскімі арганізацыямі. Важную ролю для сацыяльнай рэабілітацыі асоб, якія пакутуюць залежнасцю, адыгрывае таварыства ананімных алкаголікаў з праграмай «12 крокаў», а для сваякоў з мэтай усведамлення праблемы і пазбаўлення ад нерэальных чаканняў важным з’яўляецца ўдзел у рабоце груп Ал-Анон.
З мэтай лячэння залежнасці, у тым ліку і купіравання абсцінентнага сіндрому, адпаведна назначэння курсавога лячэння, у тым ліку для прафілактыкі рэцэдыву можна звярнуцца ў кабінет № 15 паліклінікі
УАЗ «Ляхавіцкая ЦРБ» ці па тэлефоне 6-09-43. Існуе магчымасць аказання такога віду дапамогі на ананімнай аснове.
Алкагалізм лягчэй папярэдзіць, чым лячыць!

Ірына САЙКО,
урач-нарколаг Ляхавіцкай ЦРБ.