Камплімент для повара. Повар Ляхавіцкага райпо стала «Чалавекам года» ў намінацыі «Лепшы повар» сярод работнікаў Белкаапсаюза
Повар-брыгадзір ляхавіцкага рэстарана «Ластаўка» Вольга Койпіш 20 гадоў прысвяціла кулінарнай справе і, як сцвярджае, пакуль
не пашкадавала пра выбар, зроблены яшчэ ў юнацтве.
– Можна сказаць прыслухалася да рэкамендацый сваёй цёткі, якая цікава расказвала пра прафесію тэхнолага, таму і паступіла ў Баранавіцкі тэхналагічны каледж. Потым двойчы атрымала вышэйшую адукацыю – у Магілёўскім універсітэце харчавання і Баранавіцкім дзяржаўным універсітэце. Я і повар, і тэхнолаг, і эканаміст, – расказвае Вольга Койпіш.
Свае першыя прафесійныя крокі выпускніца Баранавіцкага тэхналагічнага каледжа рабіла ў «Ластаўцы» пад кіраўніцтвам вопытных повараў Ніны Долмат і Ніны Жыжы, старалася пераняць і майстэрства прыгатавання страў, вучылася знаходзіць кантакт з наведвальнікамі. Сёння яна працуе побач з Нінай Жыжай як паўнапраўны партнёр – абедзве повары-брыгадзіры.
Яшчэ калі вучылася ў каледжы, зразумела, што прафесія повара – творчая, шматгранная і цікавая. Тут проста нельга без фантазіі, спрытнасці рук, адчування прапорцыі. Не падлічыць, колькі страў прыгатавана за час работы ў рэстаране. Больш за ўсё ёй падабаецца гатаваць салаты, дэсерты, эксперыментаваць. Напрыклад, любімы многімі наведвальнікамі рэстарана салат «Марскі з авакада і сёмгай» з’явіўся ў рэстаранным меню паўтара года назад, дзякуючы менавіта Вользе Койпіш.
Дарэчы, па яе меркаванні асаблівага сакрэтнага рэцэпта ці інгрыдыента няма, галоўнае – рукі таго, хто гатуе, яго добры настрой, увага і жаданне, каб кожная прыгатаваная страва зноў і зноў прыйшлася даспадобы.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.