Ісці і на рэкорды. Сярод васьмі прадпрыемстваў, дзе сёлета пасадзілі алейную культуру, – і ААТ «Шлях новы»

Сёлетні ўборачны сезон не дае аграрыям і хвілінкі на адпачынак паміж культурамі. Спякотныя штодзённыя +30, а то і больш, карэкціруюць планы і маршруты ўборачных марафонаў. Літаральна з палеткаў з азімым ячменем пераехалі на рапсавыя. Менавіта на гэтай культуры зараз сканцэнтраваны сельгаспрадпрыемствы раёна. На раніцу мінулай пятніцы больш за 30 працэнтаў раённых рапсавых гектараў было ўжо ўбрана, намалочна 4 307 тон.

Камбайнер Аляксандр Камінскі.

Сярод васьмі прадпрыемстваў, дзе сёлета пасадзілі алейную культуру, – і ААТ «Шлях новы». Дэбютны рапсавы выхад у поле адбыўся 10 ліпеня недалёка ад Малога Падлесся. Справіліся хутка і пераехалі скараць новыя прасторы.
– Як і летась, пад рапс у гаспадарцы адведзена 500 гектараў. А вось на ўраджайнасць разлічваем значна большую. Сёлета вышыня сцябла ўражвае, спадзяёмся ўбраць з мінімальнымі стратамі, улічваючы асаблівасці выспявання гэтай культуры, – адзначае намеснік дырэктара Дзмітрый Бубноўскі.
Здаецца, на поспех тут заточана ўсё – ад тэхнікі да настрою экіпажаў. У баявой гатоўнасці 6 камбайнаў рушылі на палеткі паблізу МТК «Вялікая Лотва». А каваць перамогу ў жніўным спаборніцтве ў гаспадарцы будуць 10 экіпажаў, з якіх тры – сямейныя. Пару хвілін на счэпку – і камбайны па сваіх маршрутах разрэзалі ўрадлівыя гектары на «дзялянкі». Далёка за гарызонт і назад. Напагатове і МАЗы, якія гатовы падставіць кузаў, каб пад завязку напоўніцца чорным золатам палёў.
На хвілінку для фота ў раёнку спыняюцца з хваляваннем, але ж з жаданнем хутчэй вярнуцца за руль камбайна. Імя Аляксандра Камінскага і ў мінулагоднюю кампанію – у ліку пераможцаў. Таму зніжаць планку малады камбайнер не збіраецца. Тым больш, на новым «Гомсельмашы», на урадлівых палетках, прызнаецца Аляксандр Камінскі, ісці патрэбна толькі на рэкорды, каб «Шлях новы» – гучаў!

Рыта КРАСАВІЦКАЯ.
Фота аўтара і Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Вадзіцелі Анатолій Пажога, Мікалай Камінскі, Мікалай Царык.
Камбайнеры Іван Царыкаў, Андрэй Юруць.