Кабінет для падаткаў. У другую нядзелю ліпеня супрацоўнікі падатковай службы Беларусі адзначаюць прафесійнае свята

Валянціна ВАРАНЧАК

Ужо больш за тры дзесяцігоддзі, з моманту заснавання ў краіне падатковай службы, яе нязменнай задачай з’яўляецца напаўненне бюджэту, што дае магчымасць для рэалізацыі дзяржаўных праграм. У ліку стратэгічных мэт дзейнасці падаткавікоў – і дасягненне высокага ўзроўню лічбавізацыі, стварэнне якасных паслуг і кліентаарыентаванай сістэмы. Укараненне сучасных тэхналогій і сэрвісная мадэрнізацыя накіраваны на эканомію часу кліентаў і дзеля іх зручнасці для добраахвотнага выканання падатковых абавязацельстваў.
На гэта арыентаваны і калектыў упраўлення па рабоце з плацельшчыкамі па Ляхавіцкім раёне на чале з Валянцінай Варанчак. У камандзе прафесіяналаў, якіх аб’ядноўвае ўменне рабіць справу на выдатна, намеснік начальніка Галіна Бушыла, галоўныя дзяржаўныя інспектары Зінаіда Шпак, Аксана Смаршчок, Ганна Шаўлінская, вядучы рэферэнт Алена Дзядзечкіна і рэферэнт Вольга Сімончык. Кожны з іх у поўнай меры разумее адказнасць і важнасць даручанай справы. Да прафесійнага свята Вольга Сімончык адзначана Ганаровай граматай ІМПЗ па Баранавіцкім раёне.


Ва ўпраўленні па рабоце з плацельшчыкамі па Ляхавіцкім раёне зарэгістраваны 369 юрыдычных асоб і 443 індывідуальныя прадпрымальнікі, каля 21 тысячы – фізічныя асобы. За шэсць месяцаў кансалідаваны бюджэт раёна папоўнены на 17,6 мільёна рублёў, пасля камеральнага кантролю даналічана падаткаў на 152 тысячы рублёў.
Начальнік упраўлення па рабоце з плацельшчыкамі тлумачыць новаўвядзенні ў падаткаабкладанні. З 1 ліпеня для ІП устаноўлены абавязак прадастаўляць падатковыя дэкларацыі ў электронным выглядзе. І гэта не толькі пашырае магчымасці бескантактнага ўзаемадзеяння з падаткавікамі, але і забяспечвае бяспеку і надзейнасць працэсу дэкларавання. Дзяржава пайшла насустрач прадпрымальнікам і часова пакінула магчымасць афармляць дэкларацыю і ў папяровым варыянце.
Даволі зручная рэч – асабісты кабінет. У ім можна ўбачыць свае аб’екты падаткаабкладання, праверыць наяўнасць запазычанасці ў бюджэт і г. д. Маючы асабісты кабінет, не трэба ісці ў падатковую службу па месцы рэгістрацыі па даведку і г. д.
Варта ведаць, што з 1 студзеня гэтага года тры маёмасныя падаткі – зямельны, транспартны і на нерухомасць – зведзены ў адзіны маёмасны плацёж, які ўплочваецца па месцы рэгістрацыі фізічнай асобы.
Для пэўнай катэгорыі грамадзян з мінулага года ўведзены падатак на прафесіянальны даход. На Ляхавіччыне па стане на пачатак чэрвеня яго прымяняюць 230 фізічных асоб. І гэта яшчэ адзін зручны анлайн-сэрвіс бескантактнага ўзаемадзеяння з падатковым органам. Яго адрозніваюць невысокія падатковыя стаўкі, выплата падатку ад выручкі. Самае галоўнае – правільна фарміраваць чэкі пасля аказання паслуг, а сума падатку выстаўляецца на падставе прадастаўленай інфармацыі ў падатковую інспекцыю, і яе трэба аплаціць не пазней 22-га чысла наступнага месяца.
Пастановай Савета Міністраў пашыраны пералік відаў дзейнасці, дазволеных для ажыццяўлення ў якасці ІП і самазанятых. З 1 кастрычніка нельга будзе зарэгістраваць ІП з відам дзейнасці,
не ўключанай у пералік. Для тых ІП, якія былі зарэгістраваны да 1 кастрычніка і іх відаў дзейнасці ў пераліку няма, забяспечаны пераходны перыяд – да 31 кастрычніка 2025 года. Яны павінны вызначыцца, чым будуць займацца далей. З варыянтаў –
набыць статус юрыдычнай асобы, перайсці ў катэгорыю самазанятых ці спыніць прадпрымальніцкую дзейнасць.
Валянціна Варанчак адзначае, што супрацоўнікі ўпраўлення заўсёды гатовы даць кампетэнтную кансультацыю і растлумачыць усе нюансы, якія датычаць падаткаабкладання.
– Шчыра віншую калег і нашых ветэранаў з прафесійным святам.
Няхай вам заўсёды спадарожнічае ўдача і моцным будзе здароўе, – адрасуе пажаданні начальнік упраўлення па рабоце з плацельшчыкамі па Ляхавіцкім раёне ІМПЗ па Баранавіцкім раёне Валянціна Варанчак.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.