Жаданне зрабіць Беларусь квітнеючай аб’ядноўвае. У Ляхавічах грамадзянскі форум «Час выбраў нас!», быў прымеркаваны да 30-годдзя інстытута прэзідэнцтва ў Беларусі

30-годдзе інстытута прэзідэнцтва ў Беларусі – знамянальная дата, напоўненая дасягненнямі і здабыткамі дзяржавы. За тры дзесяцігоддзі пад кіраўніцтвам Аляксандра Лукашэнкі краіна прайшла шлях ад станаўлення да стабільнасці, ад прыняцця лёсавызначальных рашэнняў і правядзення рэформ да прагрэсу ў развіцці сацыяльнай і эканамічнай сфер.

У Беларусі камфортна людзям розных нацыянальнасцей і культур, дзяржава падтрымлівае дзейнасць грамадскіх аб’яднанняў, а яны, у сваю чаргу, дапамагаюць краіне развівацца і станавіцца мацнейшай. 30-годдзе інстытута прэзідэнцтва паказала правільнасць выбранага курсу і даказала, што беларусам ёсць чым ганарыцца! І самая галоўная наша каштоўнасць – мірнае жыццё.
Пра гэта і многае іншае ішла размова падчас грамадзянскага форуму «Час выбраў нас!», які прайшоў 10 ліпеня ў Ляхавіцкай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы і быў прымеркаваны да 30-годдзя інстытута прэзідэнцтва ў Беларусі. У дыялогу прынялі ўдзел лідары раённых арганізацый, грамадскіх аб’яднанняў і палітычных партый, якія расказалі пра гісторыю станаўлення і дзейнасць, мерапрыемствы, што сталі візітоўкамі і аб’ядноўваюць землякоў у жаданні прыносіць карысць свайму раёну, вобласці і краіне.
Удзельнікаў сустрэчы вітала начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Вольга Бурак, якая падкрэсліла, што на Ляхавіччыне дзейнічаюць тры палітычныя партыі і 13 раённых арганізацыйных структур грамадскіх аб’яднанняў, а іх шматлікія пярвічкі аб’ядноўваюць нераўнадушных і з актыўнай пазіцыяй землякоў. Старшыні раённых арганізацый «Белай Русі», Беларускага фонду міру, БРСМ, КПБ, раённага аб’яднання прафсаюзаў, маладзёжнага парламента пры Ляхавіцкім раённым Савеце дэпутатаў гаварылі пра дзяржаўную падтрымку грамадскіх ініцыятыў, пра тое, што сіла беларусаў – у адзінстве, а цеснае ўзаемадзеянне грамадскіх аб’яднанняў і палітычных партый дапамагае ў вырашэнні важных для грамадства пытанняў, з’яўляецца сувязным звяном паміж дзяржавай і насельніцтвам.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.