Пакуль ёсць час паправіць. Як ідзе падрыхтоўка аграгарадка Нача да сёлетніх раённых «Дажынак»

Жніво-2024 на Ляхавіччыне набірае абароты. А тым часам поўным ходам ідзе падрыхтоўка да ўшанавання перадавікоў жніўнай кампаніі. Сталіцай сёлетніх раённых «Дажынак» будзе аграгарадок Нача. Ход выканання мерапрыемстваў па падрыхтоўцы і правядзенні свята хлебаробаў – на пастаянным кантролі ў кіраўніцтва раёна.

На адной з нядаўніх апаратных нарад у старшыні райвыканкама старшыня Начаўскага сельвыканкама Вячаслаў Новік падрабязна спыніўся на зробленым, акрэсліў і праблемныя моманты адносна недапрацовак і няякаснага выканання работ.
Пачнём з дарог, што вядуць у Начу. ДРБУ-200 зрабіла ямачны рамонт участкаў дарог Ляхавічы – Нача, Канюхі – Нача, прафіліравала ўчасткі
дарог Пашкоўцы – Перахрэсце, Пашкоўцы – Рачканы. Яшчэ адзін дарожны адрас – месца прыпынку рэйсавага і школьнага аўтобусаў па вуліцы Савецкай у Начы, насупраць дома № 20. Пакуль яшчэ не ўладкаваны «карман» для прыпынку пасажырскага аўтатранспарту і не ўстаноўлены павільён. Работы будуць выкананы
разам з асфальтаваннем вуліцы Савецкай. Акрамя таго, ДРБУ-200 у бліжэйшы час трэба зрабіць бягучы рамонт асфальтавага пакрыцця, нанесці дарожную разметку, выканаць іншыя дарожныя работы на вуліцах 60 гадоў Савецкай улады, Мінскай, Спартыўнай, Савецкай у Начы.
Устаноўлены казырок над уваходам у майстэрні Начаўскай СШ, заменены аконныя блокі, адрамантавана падлога ў школьным музейным пакоі, выдалены небяспечныя дрэвы на тэрыторыі школы. Добраўпарадкавана тэрыторыя мясцовага дзіцячага садка: клумбы, кветкі выглядаюць прыгожа, адрамантаваны ганак галоўнага ўваходу, усталявана сеткавая помпа сістэмы ацяплення, пачаты рамонт даху
ценевага навесу і падлогі.
Запланаваны пачатак работ па магазіне выканала райпо: касметычна адрамантаваны фасад будынка, пафарбавана агароджа, заменена тэхналагічнае абсталяванне.
Адноўлена плітка на цокалі манумента землякам, загінулым у гады Вялікай Айчыннай вайны. Камунгас адрамантаваў агароджу на могілках у Перахрэсці.
Ва ўсю рыхтуецца сустрэць хлебаробскае свята добраўпарадкаваным Начаўскі СДК. Ужо адрамантавана падлога ў глядзельнай зале, дэманціравана дэкаратыўная металічная агароджа вакол будынка, зроблена частка бягучага рамонту даха.
Шмат зроблена, але нямала дзе неабходна прыкласці істотныя намаганні – гэта пра шматкватэрную жылую забудову па аграгарадскіх вуліцах Савецкай, Мінскай. Так, сіламі ААТ «Нача» разабраны старыя гаспадарчыя пабудовы, ачышчаны дваровыя тэрыторыі, заменены панэлі агароджы. РАНС пачаў разбіраць стары дом № 37 па вуліцы Савецкай.
Свой участак работ выконваецца ў аддзяленні паштовай сувязі, ашчаднага банка, раёна электрасетак, амбулаторыі ўрача агульнай практыкі і іншых установах і арганізацыях.
Дарэчы, ход падрыхтоўкі да раённых «Дажынак» на пастаянным кантролі трымае спецыяльна створаная група пры райвыканкаме. Перыядычна група непасрэдна на месцы аналізуе зробленае.
Старшыня райвыканкама Мікалай Мароз адзначыў: каб Нача добраўпарадкавана сустрэла герояў і гасцей «Дажынак», неабходна праявіць большую актыўнасць і арганізаванасць як прадпрыемствам і ўстановам, так і самім аграгараджанам. Чысціня і ўтульнасць –
адны з важных складнікаў парадку і прыгажосці населенага пункта. Трэба зрабіць так, каб і самім мясцовым жыхарам было прыемна і перад шматлікімі гасцямі не сорамна.

Ремонтные работы в Начевской СШ
БЫЛО
СТАЛО