Яркія фарбы «Чайкі». Больш за сотню хлопчыкаў і дзяўчынак аздараўляюцца ў дзіцячым лагеры «Чайка»

На мінулым тыдні ў аздараўленчым лагеры «Чайка» прайшла цырымонія адкрыцця трэцяй змены. 

Дырэктар Юрый Сельмановіч пажадаў дзецям вясёлага настрою, добрага адпачынку і незабыўных уражанняў. З самай раніцы на тэрыторыі гучала музыка, чуўся дзіцячы смех.
На ўрачыстым адкрыцці ўсе атрады прадставілі арыгінальныя выступленні. Энергічныя танцы і вясёлыя песні падарылі масу станоўчых эмоцый як дзецям, так і выхавальнікам!
Змена праходзіць пад назвай «Фарбы лета». Спартыўныя гульні, вясёлыя конкурсы, пешыя прагулкі, сумесны прагляд фільмаў – усё гэта дапамагае дзецям раскрыць свае таленты і навучыцца камунікацыі адзін з адным.


Напрыклад, адзін з дзён у лагеры быў прысвечаны прыродзе і экалогіі і прайшоў пад дэвізам «Паглядзі вакол сябе – просіць дапамогі Зямля». З мэтай выхавання любові да навакольнага свету, усведамлення велізарнай адказнасці чалавека за ўсё, зробленае на зямлі, былі праведзены розныя мерапрыемствы: сустрэча з медыцынскім работнікам, якая правяла гутарку на тэму ««Зялёная аптэка», конкурс малюнкаў «Мая зямля» і іншыя. Таксама дзеці змаглі адчуць сябе сапраўднымі дызайнерамі падчас конкурсу «Юны мадэльер». Рабяты стваралі касцюмы з прыродных матэрыялаў і прадэманстравалі іх на грандыёзным паказе мод. Дзеці зрабілі выснову, што чалавек павінен жыць у гармоніі з прыродай, што трэба клапаціцца пра чысціню вадаёмаў, лясоў, палёў і лугоў, зразумелі, як важна ахоўваць прыроду, часткай якой з’яўляемся і мы самі.
У рамках інфармацыйна-асветніцкай акцыі «Крок да поспеху» 12 ліпеня адбылася сустрэча выхаванцаў аздараўленчага лагера «Чайка» з галоўным рэдактарам газеты «Ляхавіцкі веснік», дэлегатам УНС Маргарытай Кухта-Маслоўскай. Тэма сустрэчы «Прафарыентацыя і прафесіяналізм». Госця расказала пра жыццёвыя прынцыпы, якія дапамаглі ёй дасягнуць вышынь у прафесійнай дзейнасці, адказала на пытанні дзяцей аб прафесіі журналіста. Шчырая атмасфера сустрэчы спрыяла змястоўнаму, эмацыйна насычанаму дыялогу.
Напярэдадні ў лагеры прайшла акцыя «Квітней, Беларусь!». Конкурс дзіцячага малюнка быў накіраваны на патрыятычнае выхаванне пад-
растаючага пакалення. З прадстаўленых на конкурс работ было адабрана 16 лепшых. Па выніках акцыі кіраўнік справамі Ляхавіцкага райвыканкама Ігар Хлабукін уручыў дзецям салодкія падарункі, пажадаў сонечнага настрою і актыўнага адпачынку.
Лагер – гэта таксама выдатная магчымасць для дзяцей навучыцца самастойнасці і адказнасці. Тут дзеці вучацца прымаць самастойныя рашэнні, дапамагаць іншым.
Усё гэта робіць летні лагер незабыўным вопытам для кожнага дзіцяці. Сумаваць тут дакладна не даводзіцца!

Аліна ГЕМВАРОЎСКАЯ,
студэнтка факультэта журналістыкі БДУ.
Фота аўтара.