Экзамен на прафесіяналізм. каманда Ляхавіцкага раёна газазабеспячэння прыняла ўдзел аглядзе-конкурсе прафесійнага майстэрства

На пачатку ліпеня на вучэбным палігоне ВУ «Брэстгаз» адбыўся агляд-конкурс прафесійнага майстэрства сярод аварыйных брыгад УП «Брэстаблгаз», у якіх прыняла ўдзел і каманда Ляхавіцкага раёна газазабеспячэння.

Старшы майстар аварыйна-дыспетчарскага ўчастка Алег Кабяльчук, слесар аварыйна-аднаўленчых работ у галіне газазабеспячэння Яўгеній Бурчыц і вадзіцель Юрый Грышчык
разам з іншымі калегамі трымалі экзамен па праверцы тэарэтычных ведаў і практычных уменняў, дэманстравалі камплектацыю спецаўтамабіля і прэзентавалі рацыяналізатарскія ідэі. Па выніках спаборніцтва ляхавічане занялі чацвёртае месца.
Вадзіцель аварыйна-дыспетчарскага ўчастка Юрый Грышчык прызнаны лепшым вадзіцелем аварыйна-дыспетчарскай службы «Брэстаблгаза» і ўзнагароджаны адпаведным дыпломам.
Добрасумленны, надзейны і адказны, тэхнічна падкаваны – такую ацэнку Юрыю Грышчыку дае кіраўніцтва Ляхавіцкага раёна газазабеспячэння. За рулём «аварыйкі» Юрый 12 гадоў, а да гэтага працаваў тут слесарам, таму дасканала валодае ўсімі вытворчымі нюансамі. Званне «Лепшага вадзіцеля «Брэстаблгаза» – заслужаная адзнака за прафесіяналізм.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.