Участковы дапаможа. На пытанні прамой лініі «ЛВ» адказваў намеснік начальніка ААПП Ляхавіцкага РАУС

Падчас прамой лініі «ЛВ» на пытанні, што датычаць дзейнасці ўчастковых інспектараў міліцыі, адказваў намеснік начальніка аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС Сяргей Ісаханаў.

– Добры дзень, Сяргей Гамісаравіч. Нярэдка мае суседзі дакучаюць сваркамі ці гучнай музыкай.
Што рабіць?

– Калі такая сітуацыя паўтараецца не першы раз, то можна адразу тэлефанаваць на 102 і выклікаць участковага інспектара. Ён зафіксуе факты парушэння парадку і правядзе апытанне суседзяў. З міліцыі матэрыял накіроўваецца ў КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ», а пасля ў суд. Парушэнне правілаў карыстання жыллёвымі памяшканнямі прадугледжвае штраф ад 10 да 30 базавых велічынь. Начныя гулянні, якія парушаюць спакой грамадзян, кваліфікуюцца законам як дробнае хуліганства, і за іх можна атрымаць штраф ад дзвюх да 30 базавых велічынь.

Пытанне ад «ЛВ»:
– Як паўплываць на сямейнага скандаліста, які ў літаральным сэнсе не дае жыцця сваім родным?

– Сямейныя скандалы ні ў якім разе нельга пакідаць без увагі, пра такія факты важна своечасова паведамляць у міліцыю. Маецца шэраг мер, якія дапамогуць спыніць сямейнае насілле. Так, згодна з часткай 1 артыкула 10.1 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях, за наўмыснае прычыненне цялеснага пашкоджання і іншыя гвалтоўныя дзеянні прадугледжаны меры ад штрафу ў памеры ад дзесяці да 30 БВ да адміністрацыйнага арышту. Сем’і, дзе распіццё спіртных напіткаў ці сваркі – норма, бяруцца на прафілактычны ўлік, і з імі працуюць не толькі праваахоўныя органы, але і ўстановы аховы здароўя, адукацыі, сацыяльная служба і іншыя. На прафілактычным уліку ў РАУС за ўчыненне правапарушэнняў у сферы  сямейна-бытавых адносін знаходзяцца 115 жыхароў раёна. Суд Ляхавіцкага раёна па хадайніцтве РАУС прыняў рашэнне аб накіраванні ў ЛПП 28 асоб, якія маюць алкагольную залежнасць.
Пры разглядзе фактаў сямейнай неўладкаванасці супрацоўнікі РАУС даюць ацэнку рызыкі дамашняга насілля. У пачатку адміністрацыйнага або крымінальнага працэсу пры ўстанаўленні факта высокай ацэнкі рызыкі ў дачыненні да вінаватай асобы выносіцца ахоўнае прадпісанне тэрмінам да 15 сутак, якое па хадайніцтве РАУС пракуратура Ляхавіцкага раёна можа прадоўжыць яшчэ на такі ж тэрмін. Таксама могуць быць прыняты папераджальныя меры, у тым ліку абавязак сямейнаму агрэсару пакінуць сумеснае жыллё.

– У Ляхавіцкім раёне маю дом. Але прыязджаю туды часцей вясной і летам. Парэкамендуйце, як забяспечыць захаванасць маёмасці і не стаць ахвярай злодзеяў?

– Найбольш эфектыўнай абаронай маёмасці з’яўляецца абсталяванне дамоў і дач ахоўнай сігналізацыяй з падключэннем на пульт цэнтралізаванага назірання падраздзяленняў Дэпартамента аховы. У выпадку аддаленага размяшчэння аб’екта насельніцтву прапануюць абсталяваць загарадную нерухомасць ахоўнай сігналізацыяй без рэагавання нарадаў груп затрымання. Але і ў гэтым выпадку сігнал трывогі паступае ў падраздзяленне аховы, і на аб’ект спяшаецца міліцыя. Добра зарэкамендавала сябе і сістэма відэаназірання Белтэлекама, якая дазваляе сачыць за сваёй маёмасцю ў любы час сутак.
Сучасныя тэхналогіі добра, але не пашкодзяць і стандартныя дзеянні па захаванні сваёй маёмасці: варта ўмацаваць вокны і дзверы, устанавіць добры замок. Папрасіце суседзяў, каб яны, па магчымасці, прыглядвалі за пустуючым домам.

Пытанне ад «ЛВ»:
– Час ад часу актывізуюцца так званыя «прадаўцы» вадзяных фільтраў, газавых апавяшчальнікаў і г. д. Як пазбегнуць абману і ці магчыма пакараць прадаўцоў, якія навязваюць фільтры, падушкі, коўдры і іншыя рэчы па вельмі «выгадных» цэнах?

– На жаль, часцей за ўсё на вуду нячыстых на руку дзяльцоў трапляюць пажылыя людзі, адзінокія пенсіянеры, інваліды. Каб не стаць ахвярай, перш за ўсё трэба навучыцца гаварыць «не». Зламыснікі прадстаўляюцца супрацоўнікамі водаканала ці іншых службаў і сваё ўздзеянне на ўзроставых людзей узмацняюць несапраўднымі пасведчаннямі і даведкамі. У такіх выпадках варта патэлефанаваць у адпаведную службу і ўдакладніць, ці маюцца факты, напрыклад, няякаснай вады і г. д. Важна ведаць, што калі ў доме праводзіцца якая-небудзь праверка ці замена прыбораў, то інфармацыя абавязкова размяшчаецца на дошцы аб’яў у пад’ездзе ці ў іншых месцах. Як правіла, кошт фільтраў вады ад ліпавых прадаўцоў істотна перавышае рэальны кошт. Нехта надакучліва прапануе тавары па казачных цэнах, з’явіліся скупшчыкі металалому – тэлефануйце ў праваахоўныя органы. Трэба ведаць, што за скупку металалому фізічнымі асобамі прадугледжана адміністрацыйная
адказнасць.
Калі дагавор на пакупку заключаны і тавар набыты, а пасля прыйшло ўсведамленне, што цана яўна завышана, то з камплектам дакументаў лепш за ўсё звяртацца адразу ў суд. Наогул, дарослым дзецям трэба растлумачыць сваім пажылым бацькам, што пры з’яўленні падазроных асоб для ўдакладнення інфармацыі варта тэлефанаваць сваім родным ці на 102.

На прамой лініі працавала
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.